Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Дурны мужык, як варона

Быў у чысцы Дурны мужык, як варона
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Бог няроўна дзеліць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дурны мужык, як варона.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУРНЫ МУЖЫК, ЯК ВАРОНА.

Ўвесь сьвет кажа, б’ець у звоны:
„Дурны мужык, як варона“.
Гэта-тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны,
І ня дзіва — было-б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

Да навукі ён ня браўся,
Закасіўся, загараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся,
Ведама, мужык — хамула, —
Ад навукі адвярнула!

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

Ці-ж ня дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

Усю зіму возам цягне
Да вагзалу рожна збожжка.
Ногі зьмерзнуць, сам засьмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле выйшаў жывы.

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

Ад Пятра і да Якуба
Ён касой махаў ад раньня.
Наклаў стагоў, людзям — люба,
Ў хаце-ж сена — а ні званьня.
Равець з голаду скаціна,
Хоць, кінь, бяжы за вачыма!

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

Глядзі, касьцёл аж да неба,
Воласьць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець ў мокрай яме,
Дзьверы заткнуў анучамі!

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

З камаровы нос сякерку
Сьцісьне, кракне, замахае, —
Зробіць пушчу, як талерку,
Сьвет дравамі закідае!
А у хаце зварыць страву —
Пашчапае стару лаву!

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!

Глядзі, горы паразрыты,
А чыгункай сьвет абвіты:
Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
Ў мужыка-ж няма білета!
Ці-ж ня дурань мужык гэта?

Дык крычыце-ж, бійце ў звоны:
Дурны мужык, як варона!


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.