Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Ф. Багушэвіч/Кепска будзе

Ня чурайся Кепска будзе
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Быў у чысцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кепска будзе!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КЕПСКА БУДЗЕ.

Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: „Кепска будзе!“
Ну дык-жаж не памыліўся:
Зьдзекавалісь Бог і людзі.
А чым кепска? — бо у марцы
Я радзіўся — (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц ў гаспадарцы.
Як пражыў хто — будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць,
І прыварку ані лыжкі,
І скаціна, — хоць разьвеяць;
Ні саломкі, ня то сена!
Хоць-бы на раз для скаціны;
А тут дроў а ні палена,
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба-ж бабе бохан хлеба
І гарэлкі-ж трэба пляшку,
Яшчэ-ж хрысьціць хлопца трэба…
Вот і думай, як сярмяжку
Нясьці жыду пад заставу,
Ці прадаць каня, кароўку.
— „Сеў, казаў ён, я на лаву,
„Узяўся за галоўку,
„І заплакаў, аж заліўся,
„Так як бацьку пахаваўшы…
„Кепска зрабіў, што радзіўся,
„Кепска будзе, сьвет пазнаўшы!“
Ці-то слова йшло урокам,
Што казаў у кепскім часе,
Ці хто кінуў такім вокам?..
Ну і доля-ж удалася!
І збылося-ж бацькі слова!
Вот у тыдзень вязуць, гэта,
Хрысьціць мяне да Макрова
Кумоў двое і кабета.
У Аборках мост сарвала…
А я-ж быў — чуць жывы, слабы;
Рада ў раду, на тым стала,
Што ахрысьцяць з вады бабы.
З Бярэзіны жменю вады
Кума сама зачарпнула,
Паматала сюды — туды,
Трэйчы на мяне лінула.
— „Вось і хрэст увесь тут, кажа,
„І ксёндз хрысьціць гэтаксама,
„Толькі яшчэ чымсь памажа,
„А хлапцу ўсё роўна — яма!
„Хоць-бы жывым ды давезьці,
„Каб дарогай не сканала, —
„Скажуць, кепска вязла гдзесьці
„Або туга спавівала!..“
Гэтак мяне пахрысьціўшы,
Вязуць назад ўжо до маткі.
Вочы добра пазаліўшы,
Ледзьве унясьлі да хаткі.
Закусіўшы тут, як трэба,
Пакумаліся і квіта!
Баба ўзяла бохан хлеба,
Пляшку водкі, торбу жыта;
Разыйшліся і паснулі.
Матка-ж мяне калыхае:
„Люлі, шэпча, сынок, люлі“…
А як зваць? — сама ня знае.
Вот назаўтра спазараньня
Бяжыць матка да кумошкі
Ды пытае, як празваньне
Далі сыну? Лёну трошкі
Тут прынесла пры здарэньні,
Трошкі сала, круп са жменю…
А кума-ж была праворна:
Хоць што збрэша, не запнецца;
Круце сабе ў сенях жорны,
Трэба-ж салгаць! куды-ж дзецца?
— „Імя, кажа, твайму сыну
„Ксёндз хацеў даць па кантычцы,
„Думаў ён, можа, з гадзіну;
„Узяў кніжку, як стаў рыцца,
„Дык даў потым з календарка!“
Матка прутчэй з хаты ў сені,
Як-бы цівун гнаў па карку,
Усё шэпча то іменьне:
— „Аліндарка, Аліндарка!"
Прыляцеўшы так да дому,
За калыску узялася
І зрадзела, як сьвятому,
Што аж сьлёзмі залілася.
І калыша, і галосе;
Надта імя ўпадабала;
Надта добрае здалося,
Што такога і ня знала!
Вось і клікаць мяне сталі
Скаліндаркам, Аліндаркам…
Ну, як зналі, так і звалі.
Але вось што з гаспадаркай?
— Найперш конь здох, таго-ж лета
І цялушка, як лань пала…
Матка-ж, ведама, кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў со тры пацягнула,
Ў марцы й ручанькі згарнула,
(А ўсё ў марцы, трэба-ж гэта!
А разумная была кабета!).
З таго гора бацька бедны
Стаў маркотны, як магіла.
Было сядзе такі бледны:
„Што-ж ты гэта нарабіла?“ —
Гэтак скажа і заплача.
(Хто-ж пачуе, хто убача?),
Потым дай памалу сватаць;
Трэба-ж, ведама, жаніцца,
Каб было каму палатаць,
Каб было у што зьмяніцца,
А так усё памарнела:
Куры, гусі, навет сьвіньні.
І сьвіньня дзяцей паела,
І карова марне гіне…
Ў восень давай шукаць пары:
Ды ніводная ня хоча,
Аднэй бедны, другой стары,
Трецьця, чорт зна, што тароча:
— „Аддай, кажа, Аліндарку
„Куды-кольвек, хоць на людзі,
„Сядзь на нашу гаспадарку!
„Тагды выйду, добра будзе!“
Бацька кідаўсь са тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні,
Разлайдачыўся, расьпіўся
І умёр так пад гародам,
Ушчаміўшы ў плот галоўку.
Шапку знайшлі аж за бродам
І у шапцы залатоўку.
А назаўтра прывёў соцкі
Асэсара, паноў трое.
Труп той зрэзалі на клёцкі…
(А у марцы-ж было й тое!).
Мяне цётка, у апеку
Ўзяўшы, трошкі падрасьціла
Ды якомусь чалавеку,
Як за сына, адпусьціла.
Незадоўга зьмёрла цётка:
Я стаў круглая сіротка.
Ці гдзе днюю, ці начую,
А ўсё бяду сваю чую!
Пастухі зьбяруцца ў гаю,
Пяюць песьні ля бярозы,
А мне чагось, сам ня знаю,
Смутна, цяжка, цякуць сьлёзы.
Рос я гэтак за вачыма,
Ужо трэйчы спавядаўся,
Калі зімой да вайчыма
Ды ураднік заблукаўся.
Я сяджу сабе на печы,
Пляту лапці, ўю аборы,
Ён паказуе праз плечы:
— „Што та? сын твой, кажа, хворы?“
— „То ня сын! — айчым мой кажа:
„Ўзяў сіротку. Дзякуй Богу,
„Добры ўдаўся: позна ляжа,
„Рана ўстане і адлогу
„Не запусьце… спагадлівы!
„Маю сына, хоць ня родны.
„Ажаню, як буду жывы.
„Будзе Богу й людзям годны!“
— „А лет сколькі? — той пытае.
— „Двадцаць, кажа, мусіць мае!“
— „А зваць як?“ — „Ды Каліндарка!“
Раднік піша усё шпарка:
Як радзіўся, гдзе хрысьціўся…
Пісаў, пісаў ды й паехаў!
Бацькі яго угасьцілі,
Далі торбачку гарэхаў…
Пасьля таго, так ня далей,
Як у тыдзень, і асэсар
Шусьць у хату (і з мэдаляй).
— „А гдзе, кажа, той пасэсар,
„Твой Ліндарка, ці як звецца,
Што хаваецца з някруцтва,[1]
„Пляцець лапцікі на печцы?..
„Ашуканства, баламуцтва!“…
............
А яж ехаць меў па дровы.
Бацька клікнуў, іду ў хату…
А асэсар той — здаровы!..
Лясь! мне ў морду, потым тату.
Я-ж узяў яго за грудзі
І піхнуў ілбом у дзьверы.
Ён як раўкне: „Гэй, вы, людзі,
„Тут разбой. Прыміце меры!..
„Тут рыштант, брадзяга скрыты!..
„Вось і лоб калісь быў брыты!..
„Вяжы усіх, нараджайся.“…
Мяне лясь! — „Ты хто? сазнайся!“
— „Скаліндар, кажу, сірота…“
Пацягнулі па дарозе,
Завязалі і вароты,
Мы-ж спынуліся ў вастрозе…
............
Астрог, браццы, паглядзеўшы
Мімаходам, выглядае
І нічога: шак[2] ня еўшы
І ў астрозе ня бывае.
Але лепшы ў хаце голад,
У дарозе велькі холад,
Найцяжэйша праца ў полі,
Як у тэй астрожнай долі!
Відзеў птушку я у клетцы,
Як галоўкай потым б’ецца,
Аж скрыдэлкам затрапоча
І сканае… жыць ня хоча!..
Раз лісіцу, адкапаўшы,
Прывязалі мы да кола:
Стала-ж грызьці што папаўшы,
Сабе бруха распарола,
Растрыбушылась на часьці,
Каб ня жыць так, хоць прапасьці!..
Нашто — гадзіну, мядзянку,
Пусьці ў шклянае начыньне, —
Сама сябе беспрастанку
Будзе жаліць, пакуль згіне!..
Як ужо-ж скаціна тая
Або гадзіна праклята,
І та цану волі знае,
Што-ж для нашага-то брата,
Меўшы розум нескацінны,
Як знаць волю мы павінны?..
А ў вастрозе-ж няма волі,
Ні ў чым няма і ніколі!
У зялезе тыя дзьверы,
Пры дзьвярох стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты,
Так як-бы яшчэ ня сыты
Людзкіх сьлёзаў, мукі, енку, —
Не гавораць памаленьку,
А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,
А ўсё з боем, ўсё з нагайкай!
............
У дзядзінец нас як пхнулі,
Дзьвярмі тымі як грукнулі,
Дык і сьвет мне тым закрыўся,
Як-бы у труну забіўся…
Зараз старшы ўзяў за плечы,
Хляснуў тройчы, так!.. бяз рэчы,
Ключы кінуў: „У халодну!“ —
І аблаяў матку родну.
Нас піхнулі, як у яму,
Ў цёмну хату чварагранну,
Далі хлеба, вады меру
І запёрлі — як за веру
У цямніцах калісь гэта
Замыкаліся ад сьвета.
Цёмна, зімна!.. прытуліцца
Няма куды! А каганец,
Як-бы губка, толькі тліцца…
Засьпявалі мы ражанец:
Пяём, плачам, аж галосім,
Божай ласкі, Праўды просім!
Ў такім енку са сьлязамі
І паснулі мы ў тэй яме!
Абудзіўся я з зьдзіўленьня:
Гляцзяць ў шчэлачку праменьня!
Я падумаў: ласка-ж Божа
І сюды пралезьці можа?
Аглядаюся вакола,
Як-бы шукаў і тут Бога.
Мне зрабілася вясёла,
Не баюся я нікога,
Зноў ражанец: „Бог уцечка!“ —
Бляю сабе, як авечка, —
Калі бразьць ключом у дзьверы,
І крычыць хтось: „Гэй! вы, зьверы,
Вы, бунтоўнікі, паскуды,
Выбірайцеся адсюды!
Тут важнейшым трэба сесьці,
Вас у вобшчу здадзём гдзесьці!“
Павялі нас аж на гору…
Па якомусь калідору…
Дзьверы! дзьверы! ў дзьверах
І у кожнай-жа хвігурка [дзюрка,
Як-бы тая-ж выглядае!
Гдзе ні глянеш, усё-ж тая:
Блішчаць вочы, твар, як, гліна,
І абросшы, як скаціна!..
У турме, як у тым гробе,
Ішлі, ішлі гэтак з гоні.
А смурод такі, што з воні
Мне аж дух у грудзях сьпёрла,
Як-бы цісне хто за горла.
Тут нам хату паказалі,
Упусьцілі, разьвязалі,
Вады далі, трохі хлеба
І запёрлі зноў, як трэба.
Тут народу шмат сядзела,
Глянуў я — душа самлела!
Як падушкі у іх твары!
Ў хаце пуста, толькі нары.
Ляжаць усе, з нас рагочуць,
Навет месца даць ня хочуць.
„Давай, кажа, хоць на пляшку! —
А ня даўшы, дык парашку
Цёнгле[3] ты выносіць мусіш,
А ўжо хлеба — дык ня ўкусіш!
Мы табе наб’ём аскому,
Пакуль вернешся да дому!“
Я спалохаўся, баюся,
„Войча наш“ кажу, малюся…
Бог даў спомніць: залатоўка
Гдзесь была ў кашулі ўшыта,
Што дала калісь жыдоўка,
Як падвёз у млын ёй жыта;
Прэндка[4] сарваў тую лату,
Кінуў злоты той на хату…
І ня ўгледзіў, як хапілі,
Толькі відзеў, водку пілі.
Тагды сталі нас пытацца,
Ці застаўся хто у хатцы?
Адкуль? за што пасадзілі?
Іншы вуча, на пытаньне
Даць якое паказаньне:
„Кажы, кажуць, знаць ня знаю,
„Чый я ёсьць, з якога краю.
„Малым быўшы, сьляпых водзіў;
„А падросшы і сам бродзіў;
„Ня прыпісаны да сказкі,
„І так жыву з Божай ласкі.
„Бог мой бацька, зямля матка:
„Знаць ня знаю! — уся гадка!“
Так да марца сядзім ціха,
Ня чуваць дабра, ні ліха.
А у марцы шлюць бумагу,
Каб даставілі брадзягу,
Супраціўніка уласьці,
Улажэньня першай часьці,
Што мянуецца „Ліндорам“
Ды йшчэ б’ецца з асэсорам.
Ды каб быў ланцуг закуты,
На нагах каб былі путы,
Праважацелі каб срогі,
Каб ня сходзілі з дарогі,
А каб проста да начала…
І ці мала там пісала?!
............
Вот назаўтра рана, рана
Нам адзежка наша дана;
Паскідалі мы сярмягі,
Салдат узяў дзьве бумагі,
Нас зьвязалі і — ў дарогу!..
Я падумаў: „Дзякуй Богу!
Хоць нас сонечка сагрэе!
Вецерчык на нас павее!
Можа, дожджык срыбрны змоча!
Можа птушка засьвяргоча!
Аж заплакаў я зрадеўшы!
От, здаецца-б, і ня еўшы
Быў-бы сыты на свабодзе,
Як той кролік у гародзе!
Тут, здаецца, і сканаў-бы,
За свабоду жыцьце-б даў-бы!
............
Жаўручочкі Бога хваляць,
А пастушкі агонь паляць,
А і сонечка прыгрэла,
Аж мне ў душы паясьнела.
Да палудня ішлі гэтак;
Пры дарозе шмат і кветак;
То пралескі, то сасонкі
Выгравае Божа сонка!
Так пад вечар ў месцы сталі,
У халоднай начавалі, —
Было розна. Заўтра зраньня,
Якраз у дзень Зьвяставаньня,
Клічуць мяне да дапросу,
(Задаваць-то ужо чосу!).
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі:
Ўсё пытаецца ды піша,
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тое,
Як вучыў там той з астрогу:
„Знаць ня знаю я нічога!“
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І да дому павярнулі.
А мне кажа: „Ты, брадзяжка,
„Сакрыў званьне, будзе цяжка:
„Сорак розаг, потым роты!
„Скажы лепей — адкуль, хто ты?“
А ўсё піша, піша, піша
І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
І сам пайшоў кудысь з дому.
Мяне зноў-жа да астрогу.
Толькі цяпер, дзякуй Богу!
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся:
— „Помні, кажа, мяне, сыну,
„А я, хіба што сам згіну,
„А цябе вярну да вёскі,
„Хіба-б ужо гнеў быў Боскі
„Або-б Праўда гдзесьці зьмёрла! —
„Выйму цябе ім із горла!
„Бог паможа проці сілы,
„Праўда выйдзе як з магілы!“
Сказаў гэта, пакланіўся
Ды ізноў сьлязьмі заліўся.
І мне стала ў вочах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцы рана,
Як-бы штосьці адарвала,
Сам ня знаю, што мне стала…
Калі гляну, ачунеўшы, —
Я ў шпіталі, захварэўшы…
Галава мая абрыта,
Твар вадой ці чым абліта,
А піць хочацца… здаецца,
Рэчку-б выпіў, каб пры рэчцы!
Так я праляжаў тры тыдні,
Прадаў усе свае злыдні,
Надта есьці стаў памногу
І паправіўсь, дзякуй Богу!…
Я-ж тут ляжу і ні рэчы,
Што там стары гаспадара,
А ён торбу ўзяў на плечы,
Па начальству просьбы жара!
Трэйчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба-ж ведаць, —
Прысягнуў, пакуль ня выйду,
Навет дома не абедаць!
Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне у сказку…
Што і бацька-б, можа, шчэры
Не зрабіў такую ласку.
Так у восень, ў замарозкі,
Прывялі мяне да вёскі,
Пазьбіралі шмат суседаў!…
Кожны гаварыў, што ведаў:
Як я тут, калі радзіўся,
Як і бацька мой жаніўся…
Паказалі усё-чыста,
І што імя мне „Каліста“,
Што завуць мяне „Ліндарка“
Так, на сьмех, што чыста гол,
Як ліндар, што на хальварку:
Увесь маёнтак: — ён ды вол.
Асэсар быў ужо новы,
Чалавечак так, нічога,
Якісь ціхі, нездаровы
І цярплівы… хваліць Бога!
Пасьля таго праз паўгоду,
Ў марцы-ж, мяне на свабоду,
Дзякуй Богу! адпусьцілі
У той дзень, як і хрысьцілі.



  1. Ад рэкруцкай павіннасьці.
  2. Усё-ж.
  3. Заўсёды.
  4. Шыбка.

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.