Ня чурайся мяне, панічок,
Што далонь пакрываюць мазолі;
Мазоль — працавітых значок,
Не заразіць цябе ён ніколі.
То мэдаль за труды, і за мукі.
Не хвароба якая з заразы.
Ня стыдайся падаць ты мне руку,
Бо на гэтай руцэ няма сказы![1]
Эй, сьмялей адкрывай галаву.
Я паклон мой табе да зямлі;
Я тваей галавы не сарву
І маей вы-б, паны, не ўзялі.
Ня ўцякай ад маей ты сярмягі, —
Мне ня стыдна у ей а нічуць.
Вот твой храк я ня меў-бы адвагі,
Чортаў храк, на сябе апрануць.
На кашулю глядзіш крывым вокам,
Што у хаце мне бабы пашылі,
Прапацела яна маім сокам, —
Цэлы тыдзень яе не памылі…
А твая-ж? як той сьнег, як папер,
І пацеў — хто і ткаў і бяліў,
І хто шыў і хто праў… а цяпер
Ты той пот на сябе узваліў.
У кашулі тэй мне было- б стыдна,
Што ня сам на яе гараваў,
Хоць бялейша яна — не завідна —
Не вазьму, каб ты мне дараваў.
А кінь вокам на хату маю:
І цячэ, і гніе, і крывая,
У сярэдзіне гной, і стаіць на гнаю,
І дзіўлюся я сам — як трывае? Ня дзівіся, панок, як жыву, —
Мне ніхто не памог будаваць.
Хоць лянівым у сьвеце слыву,
А магу сьвет карміць-гадаваць.
Ты-ж пазнаў, што у кніжках стаіць;
А там розуму шмат ад вякоў
І ўсё можаш па кніжках рабіць;
А гдзе-ж кніжка для нас, мужыкоў?
Гдзе-ж нам розуму столькі набраць? —
Знаем толькі загон ды саху,
І жывём, каб касіць ды араць,
Ды жывём мы у божым страху.
Каб умеў кіраваць я пяром, —
Я-бы кніжку счыркаў, як папар, І аб тым, як мы сеем, аром,
І як косім, і жнём божы дар.
Можа-б ты прачытаў той грызмол
І да працы набраў-бы ахвоты,
Шанаваў-бы мужыцкі! мазоль,
Ня чураўся-б мужыцкай бядоты,
І падаў-бы руку мне, сьляпому,
І давёў-бы мяне да дарогі:
Ня блудзіў-бы і я сярод лому
І калючак, што раняць мне ногі!
|