Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год/Я. Няслухоўскі/Што птушкі казалі

Ня я пяю — народ Божы… Што птушкі казалі
Верш
Аўтар: Янка Лучына
1922 год
Каршун
Іншыя публікацыі гэтага твора: Што птушкі казалі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТО ПТУШКІ КАЗАЛІ.

Ноч ня спаўшы за гулянкай
На вясельлі, сваты —
Піліп Окунь з Бычком Янкай
Валаклісь да хаты.
А было-ж гэта у маі,
На усходзе сонца:
Салавейка сьвістаў ў гаі
Голасна бяз конца.
І зязюлі абзывалісь,
І птушачкі малы,
Шчабечучы, залівалісь
Дзеля Божай хвалы.
Блішчыць ў яснай пазалоце
Зоранька чырвона,
Закрычалі на балоце
Драчы ды варона.
Буркнуў Піліп, зубы сьцяўшы,
У гутарцы з Янам:
— „Ня прыкраўшы, ня прылгаўшы,
„Ніхто ня быў панам.
„Саўсім дурань салавейка,
„Брэша, сын сабачы!
„Дай!.. дай!.. песьня та — капейка!
„Лепшы говар драчы:
„— Дзяры!.. бяры!.. будзеш есьці
„І мёд піці збанам;
„У худобе і у чэсьці
„Хутка станеш панам!“
— „Гэта — праўда!.. Ось, аднача,
„Слухай наастатку,
„Што варона нам закрача
„На ўсё гэта, братку?..
„Во!.. чы чуеш?.. ўжо сказалі,
„Сеўшы у крыніцы:
„Кралі!.. кралі!.. кралі!.. кралі!..
„Ды й… на — шыбяніцы!“


Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.