Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Альбэрт Паўловіч/Пан і акуляры

Пястун Пан і акуляры
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1927 год
Ракі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пан і акуляры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пан і акуляры.

Пад вечар к пану на расплату
Мужыкі зыйшліся ў хату.
Стаяць, гамоняць ля парога;
Тут часам пан таго, другога
Ад грамады к сабе пакліча,
Зірне у кніжку, грошы зьліча,[1]
Аддасьць бяз крыўды, чыста, гладка;
Але прыйшла такі загадка.
Як раз Грыгору, як на тое,
Замест трох дзён зьлічыў пан двое,[2]
Бо ня ўчытаўся, глянуў скоса,
Праз што спрачацца давялося.
Грыгор пасвоему рахуе —
Рублём ўсё болей, а пан злуе,
Ажно мяняцца стаў у твары.
Нарэшце, ўзьдзеўшы акуляры,
Пан стаў у кніжку прыглядацца
І змоўк, і годзі ўжо спрачацца:
Падаць казаў сабе і Грышку
На міравую па кілішку[3].
Во, сербануўшы трохі гары[4],
Грыгор хваліць стаў акуляры.
Нарэшце гэтак адмачыў
(Хмель, быццам, розум замуціў):
„Бо, дай-жа, Божа, мой паночку,
Здароўя гэтым шкляным вочкам:
Лепш — панскіх сьвецяць, каб ня зглазіць[5]
А тыя хай хоць павылазяць!



  1. Провінцыялізм — зьлічыць
  2. Трэба — два.
  3. Пол. — па чарцы.
  4. Гарэлкі.
  5. Русіц. пабелар. — ўрачы.