Альбэрт Паўловіч.
Да пераходнага часу сьмела можна залічыць і А. Паўловіча, хоць ён і пачаў пісаць пазьней і хоць дзе-хто выстаўляе яго прадстаўніком асобнага кірунку нашаніўскае пары, — (гумарыстыка). Але мы ведаем, што сьмешныя расказы пісаў і Ядвігін Ш. Паўловіч пісаў якраз тое самае, толькі вершам, часамі вельмі спрытным па форме, рытмічным, але часта далёкім ад поўнае чыстаты беларускае мовы. Усюды ў яго вершы знайдзем асеўшыя сярод беларускае шляхты полёнізмы Зрусыфікованы доўгалетняю ўрадоваю службаю на чугунцы, Паўловіч добра ўмеў ухіляцца ад русіцызмаў, трапляючы ў процілежны бок і бяручы польскія словы ў тым відзе, як яны перакручаны нашаю шляхтаю на беларускі лад.
Як і ў Ядвігіна Ш., ў творчасьці Паўловіча той самы сьмех толькі для сьмеху, блізка не заўсёды сьмех над селянінам. Часамі ёсьць тэй самы смутак і праўдзівае выяўленьне душы народнае. Нават такі крытык, як Карскі, кажа: „Па свайму зьместу вершы Паўловіча не заўсёды могуць зацікавіць чыстага селяніна, з гэтага боку ён мае сувязь з старымі пісьменьнікамі першае паловы XIX ст., выйшаўшымі з польска-беларускае шляхты. Яго вершы з прыемнасьцю і могуць быць прачытаны дробнай шляхтай“…[1] Гэта так і ёсьць, хоць поруч, як зазначана, ідуць і іншыя мотывы.
Радзіўся Паўловіч у Менску, скончыў тут 4-клясовую школу і пачаў служыць на чугунцы. З школьнае лаўкі пачаў пісаць вершы, якія пасьля друкаваліся па розных часопісях. Поэт яшчэ жывы. Вясёлы тон выдзяляў Паўловіча між іншымі пісьменьнікамі нашаніўскае пары, таму яго і ахрысьцілі бацькам беларускае гумарыстыкі.
Асобнымі выданьнямі вышлі: 1. „Снапок“ — зборнік вершаў, Вільня 1910. 2. „Васількі“ — драма з сучаснага жыцьця ў 5 актах, Вільня 1919.