Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/Модны шляхцюк
← Сьцяты камень | Модны шляхцюк Камэдыя Аўтар: Карусь Каганец 1927 год |
Б. Сялянскія пісьменьнікі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Модны шляхцюк. |
Модны шляхцюк.
АСОБЫ
Ян — гаспадар.
Якуб — сват Пранцішка.
Ганна — дачка Яна.
Пранцішак | шляхцюкі з другога засьценку. |
Ігнась |
Андрэй — сват Ігнася.
Суседзі Янавы.
(Усё дзеецца ў хаце Яна).
ЗЬЯВА I.
Ян і Якуб, седзячы за сталом, выпіваюць, закусваюць, і вядуць гутарку.
Ян. (прапівае і налівае Якубу). Пі на здроўе!
Якуб. Будзь, ваша,[1] (прыймае чарку) здароў.
Ян. Пі на здароўе!
Якуб. Так-то яно то… (глядзіць на чарку). Так, так, так… (Уздыхае). А ўсё-ж палюдзку ня выходзіць.
Ян. А што там за бяда такая?
Якуб. Бяда — ні бяда, а так, што яно ня так, як трэба.
Ян. Ды пійце-ж, пане браце! Пры чарцы і высказаць лягчэй будзе.
Якуб. Ну, дай Божа, каб усё было гожа. (Выпівае і налівае Яну). Э, Яне, Яне!
Ян. А што?
Якуб. Дзела,[2] бачыш, маю.
Ян. Ну, дык кажы, што там за дзела такое.
Якуб. (скрабучыся за вухам). Так, — бачыш, ваша, я як-бы за дзелам, а і пачаць ня ведаю з чаго…
Ян. Будзь здароў, пане браце. (П’е і налівае). Так скажы, пане браце, якое такое труднае дзела маеш? Але перш чарку выпі.
Якуб. Дзякую. Калі-ж неяк і піці сорамна.
Ян. Чаму так? Чым хата багата, тым і рада.
Якуб. Дзякую, дзякую!
Ян. Я, бачыш, вельмі упрашваць ня ўмею.
Якуб. Ды не аб тое. Здаецца не цяпер мы знаемся.
Ян. Дык чаму-ж гэта ты
Якуб. Я, бачыш, ваша, на добры лад павінен бы сам да вас з гарэлкаю прысьці. А так то і пачаці ня ведаю з чаго…
Ян. Та-а-ак! Вось яно што…
Якуб. Ды ўжо-ж.
Ян. Праўда, што яно трохі непалюдзку. А дзе-ж ваш маладзец?[3] Чаму ён ня прыехаў?
Якуб. Га, мода цяпер такая.
Ян. Мода — модаю, а звычай — сьвятое дзела.
Якуб. Затым-то і мне так цяжка. Ці то мне пяршыня сватацца? Бо папраўдзе сказаўшы, ў сватаньні шчасьце маю. Адно цяпер неяк язык у роце вязьне.
Ян. Так, так…
Якуб. Сам ня ведаю, што рабіць; але мой кавалер[4] так захацеў.
Ян. Кепска, кепска.
Якуб. Кажа, што мода цяпер такая, што панашаму ня сватаюцца. А ён-жа ў гэтым дзеле маракуе, бо хлапец вучоны, шмат сьвету бачыў, у горадзе[5] бываў, усялякае навукі набраўся, дык ужо і ня жыве панашаму, але з культураю…
Ян. А што гэта такое?
Якуб. (Засароміўшыся, заікаецца). Ну, ку-ль-ту-у-рра…
Ян. Куль-куль-куль… нешта я гэтага ня ўцямлю. Што гэта: баба якая, ці што?
Якуб. (Заклапочаны). Папраўдзе сказаць, то я і сам ня ведаю, што гэта такое.
Ян. Ну, дык, чаму-ж ты гаворыш, чаго ня ведаеш сам? Наліха нам тыя выдумкі заморскія? Ці ў нас сваіх слоў не хватае?
Якуб. Ня гневайся, вашэць: гэта ён мяне так навучыў, каб зразу відаць было, што ён не абы-які кавалер.
Ян. Ого-го! Штось мне гэта неспанараўна. А хто ён такі, ваш гэты заморскі паніч?
Якуб. Пранцішак.
Ян. Які Пранцішак? Адгэтуль?
Якуб. Ды гэты з Вішнеўкі, Карчэўшчык.
Ян. А-га-а-а. Гэта Антоняга,[6] вечны яму пакой, сын. Гэта той, што гаспадаркі ня любіць і найболей у горадзе бадзяецца.
Якуб. Для навукі, бачыш, усё.
Ян. Ведаю я, якой навукі: у карты гуляць, гарэлку піць, за дзеўкамі валачыцца — вось гэткіх панічыкаў навукі.
Якуб. Мне ён казаў, чаго ён там вучыцца, але штось ня ўспомню.
Ян. Была калісь праўда, ды іржа зьела.
Якуб. Ну, дык як-жа будзе?
Ян. Пабачыма.
Якуб. Ды і дачцы скажэце, каб не працівілася. Усё-ж то такі паніч бывалы, далікатны, так, як нашы засьцянковыя.
Ян. Дачкі няволіць ня буду. Як яна спадабае. Адну толькі маю. Яна ў мяне і дома гаспадыня і ў полі работніца. Добрае дзіця. Вольную волю мае. Каб я толькі ведаў, што ён хлопец добры, не лайдак, то перашкод рабіць ня буду.
Якуб. Так-то яно так. Але растлумачце[7] ёй, што гэта ня просты хлопец, а вучоны.
Ян. А што тамака вучоны, вучоны! Хочаце — самі намаўляйце. Я гаварыць ня буду.
Якуб. А мо’ і пагаварыць з ёю…
Ян. (Кліча) Ганна, а, Ганна! Хадзі, дзеткі, сюды.
ЗЬЯВА II.
Тыя-ж і Ганна.
Ганна. (убягае босая, падкасаўшыся з дзеркачом[8] у руках, убачыўшы чужога — засаромілася, абцягнула спадніцу і стала ў качарэжніку[9]). Тата мяне клікалі?
Ян. Але. Вось пан Якуб з табой пагаварыць хоча.
Ганна. (Утаропіўшыся) Пан Якуб?!
Якуб. Што, паненачка, на мяне так дзівішся? Сядзь лепей, пагаворыма.
Ганна. Дзякуй, я магу і стоячы паслухаць.
Якуб. (Заклапочаны, памаўчаўшы). Памажэце, ваша, пане Яне.
Ян. Бачыш, Ганна! Пранцішак Карчэўшчык да цябе свата прыслаў.
Ганна. (Саромліва павярнуўшыся да печы, нішчыком[10] усьміхаецца і маўчыць).
Якуб. Ну, што-ж паненка на гэта скажа?
Ганна. (Прыкідваючыся нязнайкаю). Ня ведаю…
Якуб. Падумай, паненка: ён-жа і вучоны і далікатны, — і папольску і парасейску гаварыць умее. Будзеце ў горадзе жыць, з панамі таварыства вадзіць.
Ганна. У-у-га! (Як-бы да сябе). Так многа!
Якуб. Будзеш, паненка, у дарагіх сукнях хаджываць, далікатную страву есьці… Ну, ды што-ж, паненка, маўчыш? Кажы: пойдзеш за Пранцішка?
Ганна. Ня ведаю.
Якуб. Не саромейся, паненка.
Ганна. Нашто гэта мне ўсё? Ці мне ў бацькі дрэнна?
Ян. Дрэнна — ня дрэнна, але векаваць пры мне ня будзеш… Трэба-ж калі-небудзь замуж выйсьці.
Ганна. Ваша, тата, воля, але пры Вас я-бы ахватней засталася.
Якуб. А калі-б вам у горадзе добра пайшло, дык і бацьку ўзялі-б к сабе. Бацька на старасьці супачыў-бы ад працы. У горадзе і памаліцца ёсьць дзе.
Ян. Бог усюды ë, а ў горадзе мне ня прынадна[11]. Дый сам, вашэць, я думаю, ня вельмі-б то ў горадзе рад жыў.
Якуб. Яно то так; я-бы ў горадзе ня мог жыць, бо ўжо стары цяжка прывыкаць. А маладым, то другое.
Ян. Ну, Ганна! А што ты на гэта?
Ганна. (Маўчыць, адно край хвартуршка[12] цярэбіць).
Якуб. Бачу, што з паненкаю да ладу не дайду, бо саромеецца, — а сваё дзела я споўніў, дый то толькі праз памяць на нябожчыка бацьку Пранцішковага, бо сам-бы я за гэтакае сватаўство ня ўзяўся. А цяпер, людцы добрыя, аставайцеся здаровы, хай бацька з дачкою парадзяцца добра, а Пранцішак сам па адповедзь[13] прыйдзе, калі ў яго мода такая. Бывайце здаровы.
ЗЬЯВА III.
Ян і Гануля.
Ян. Ідзеце з Богам здаровы. (Якуб выходзіць).
Ян. Ну што-ж, Гануля? Пайшла-б за Пранцішка?
Ганна. (Энэргічна[14]). Да куды-ж там?!
Ян. А што з таго будзе, што ўсім адказваеш?
Ганна. (Прыбіраючы хату). Ці-ж бо мне дома кепска? Тата-ж мяне не праганяеце…
Ян. Добра, але ўсё-ж такі век маладая ня будзеш, а як пастарэеш, хто тады цябе возьме? Я ўжо стары, ўжо столькі не пражыву, колькі пражыў. Як прыдзецца рукі злажыць, то хто тады табе ў помач стане? Гаспадарку разарвуць, цябе пакрыўдзяць… Старасьць — ня радасьць.
Ганна. Пажывеце, тата, пажы веце.
Ян. Я ведаю: ў цябе ў галаве Ігнась.
Ганна. Ігнась — ня Ігнась, а за Пранцішка не пайду.
Ян. То чаму-ж свату не сказала?
Ганна. (З крыўдаю). А гдзе хто бачыў, каб дзяўчына з сватамі гаварыла? Гэта-ж сорам! Тагды-б мяне на засьценку засьмяялі.
Ян. Яно-то праўда, што табе неяк не выпадае.
Ганна. Але тату, то я ўсё скажу, як на споведзі. Не пайду за Пранцішка, бо тут яго ўсе знаюць, як аблупленага ката. Усе з яго толькі кпяць[15] і сьмяюцца Ніхто аб ім добрага слова ня скажа. Ходзіць памоднаму, увесь у чорным, сурдут даўгі, ззаду разрэзаны… Не раўнуючы, як той чорт.
Ян. Бачыш яго! А я гэтага ня ведаў!
Ганна. Бо тата ўсё — або ў полі, або ў хаце. А я ведаю, бо ня раз яго спатыкала[16]. Як сустрэну яго на вуліцы, дык кожны раз ажно жахнуся. А сабакі ненавідзяць яго горш, як воўка. Часам за паўвярсты ад засьценку дагоняць яго ды калошы паабрываюць. Цьфу! Сабака яго ня можа сьцярпець, а я-бы мела за яго замуж ісьці…
Ян. Кажуць, што вучоны.
Ганна. Вучоны, вучоны! Бульбы ад рэпы не распазнае. Я гаворыць, дык так, што і зразумець яго трудна. Нашае мовы сароміцца…
Ян. Гэта брыдка! Але хацелася б мне зяця прычакаць, — унукаў-бы гадаваў.
Ганна. Прычакаеце, прычакаеце.
Ян Цяжка, бачыш, з гаспадаркаю ўпраўляцца, а найміт — ня свой чалавек і дорага каштуе[17] і на старану гатоў што перадаць, ведама чужы.
Ганна. Але! А хочаце мяне ў горад аддаць? А хто ў вас за гаспадыню будзе, хто каровы падоіць, хто сьвіньні накорміць? Хто страву вам зварыць? Хто з жнейкамі ў постаці стане?
Ян. Я цябе не няволю.
Ганна. Тут я радзілася, тут і матуля мая пахована, тут і я застануся. Хто-б тагды магілку матчыну прыбраў? Зарасла-б яна дзікім зельлем, а вам бы матка супакою не дала за тое, што мяне ад яе адлучылі… (Плача).
Ян. (Разжалены). Ня плач-жа, ня плач! Я-ж цябе не прымушаю[18]. Мне й самому дужа ён не падабаецца. Дый цяжка мне заставацца аднаму. Ведаю пра Ігнася думаеш, дый нешта-ж ён маўчыць дагэтуль, ня сватаецца.
Ганна. Але і да іншых не ўдаецца.
Ян. (Сьмяючыся). А ты-б яго хацела? (Ад якойсь пары ужо сабакі брэшуць).
Ганна. Мала-бы што, ды мне і з вамі добра.
Ян. Але каго гэтак сабакі апанавалі? Выскачы, дачушка, глянь, каго яны так тамака бяруць? (Ганна выходзіць).
ЗЬЯВА IV.
Ян, Пранцішак, пасьля Ганна.
(Ян, зьняўшы з кручка кажух, падкінуў сабе пад галаву, прылёг за сталом на лаве, так што яго відно ад дзьвярэй. У хату ўскаквае, уцякаючы ад сабак, Пранцішак бледны, задыхаючыся; ён у чорным сурдуціку, у чорных нагавіцах, у белых рукавічках і каўнерыку).
Пранцішак. (Азірнуўшыся па хаце). І тут нікагусенька. А (каб) іх, чуць мне сурдута ня зьелі. Цэлых пяць рублёў жыду аддаў за яго, але на такія залёты дык і то дорага. (Падышоў к лаве і зьмятае яе хустачкай). Але жыць тутака — то я-бы ня жыў. Забяру Ганну ў горад, дам сабе з ёю рады, каб толькі пасаг[19] у рукі як прыбраць, вось што!
Ганна. (Прычыніўшы дзьверы). Тата тут? (Убачыўшы Пранцішка). А-а-а! А гдзе тата?
Пранцішак. Не вем… Добры вечар, паненка. А на цо то паненка таты шукае? Можа мы і бяз таты моглісь-бы паразмавяць, я наўмысьле тэго пшышэдлэсь.
Ганна. А аб чым мы маем гаварыць? Калі якое дзела маеце, — тата на тое.
Пранцішак. (Прыдзержваючы Ганну за руку). Але няхай паненка пачэка. Бяз таты нам бэндзе свабодней; паненка ве, што пры тату не вшыстко можна робіць. (Памаўчаўшы). Паненка ўжо ве, чаго я ту пшышэдлэсь.
Ганна. Не, ня ведаю.
Пранцішак. Як-то. Прэце-ж ту был пан Якуб, он мне мувіл…
Ганна. (Нецярпліва). Што вам пан Якуб гаварыў, таго я не магу ведаць.
Пранцішак. Але ж, паненка, я ту пшышэдлэсь до паненкі ў сваты, а паненка гневася на мяне, як на злэго.
Ганна. А ці-ж у сваты гэтак хто ходзіць: і сорам дзяўчыне прычыняе і дзьверы заступае?
Пранцішак. Цо бо то паненка до мне, як до хлопца, гада? Чы-бы то мы не моглісь фізычней поразмавяць? Прэце-ж паненка такі шляхетна естэсь, а то попростэму і попростэму.
Ганна. Няхай сабе і „папрастэму“. Няўжо-ж крыва лепш, як проста?
Пранцішак. Я, відзі паненка, я не естесь просты. А вшыстко такі цо колек розумем. Я ў месьце до школы ходзілэсь. З ружнымі панамі знамся. Так паведзяўшы, я чловек з культуро, выкшталцоны естесь, — так то мне неякось не выпадае так похлопску гадаць: гале́ ды гале́.[20]
Ганна. То чаму-ж, паніч, у засьценак прыходзіш? Нам гэтага ўсяго ня трэба — гэтых вашых хвізыкаў. Нам досі нашае мовы, нашых звычаяў.
Пранцішак. Э! то так?! То паненка мне не хцэ. Почэкай, паненка, я патрафя паненка намувіць, што й маей бэндзеш і нікому ані пісьнеш…
(Хоча злавіць яе).
Ганна. Што гэта?… Адчапіся! Разбойнік! Шалёны!… (На сцэне тузаніна, а, тымчасам, з-за стала ўстае Ян).
Пранцішак. (Убачыўшы Яна, пускае Ганну і крычыць). Гэй, людзі! Ратуйце!… Ратуйце!…
Ян. (Падыходзіць з гневам). А гэта што?… (Ад гневу ня можа гаварыць).
Пранцішак. А, пан? Адкуль гэта пан?… Чы то пан тутэйшы? Ратуйце! Памажэце!… Гэта дзяўчына шалёная, ці якое ліха?… Забіць хоча…
Ян. Вон, паганец!… Бач, ты! Брахаць будзе… Вон, каб і нага твая тут ня была!… Я б з табой іначай[21] пагаварыў, але абразы шаную і звычай сьвяты. Адно выносься бардзей[22], а то часам і ня вытрываю.
Пранцішак. (Адступаючы да дзьвярэй, к сабе гаворыць). Ну, яшчэ добра скончылася… Я баяўся, каб ня было горай… (Шмыгнуў за дзьверы).
(У V, VI і VII зьявах праходзіць спачатку гутарка Ганны з бацькам аб гэткім нязвычайным сватаньні, далей чутно званкі і ў хату зьяўляецца Андрэй ды Ігнась, якога першы сватае. Гэтае сватаньне пайшло зусім іншым чынам, а дзеля гэтага ў VIII зьяве бачым поўную хату гасьцей (хлопцаў і дзяўчат), прыходзяць музыкі, пачынаюцца сьпевы і танцы. Брэшуць сабакі і Ганна кажа бацьку, што „модны шляхцюк“ (Пранцішак) ізноў бяжыць да іх. У IX (апошняй) зьяве ўскаквае ў хату Пранцішак, зьбялеўшы, ў парванай адзежы, у скамечаным капялюшы. Ён крычыць, лаючыся, што на яго навыпускалі сабак. Ян (гаспадар хаты) просіць яго ня крычаць, бо йначай яго патрапяць супакоіць. Пранцішак пагражае паліцыяй і падае рахунак на сваю шкоду ад сабак: сурдут 20 рублёў, капялюш 2 рублі і г. д. Канчаецца тым, што яму дакляруюць[23] аплаціць рахунак, але падзёртыя лахманы ëн мусіць не месцы пакінуць. Калі жартуючы з яго зьдзіраюць сурдут, дык наш модны кавалер застаецца ў манішцы на голых грудзëх і ў рукаўчыках (манкетах) на голых руках. Сарочкі на ім зусім ніякай няма. Заслона зьвісае, калі Пранцішка бяруцца распранаць зусім).
- ↑ форма звароту ваша, вашэць, нібы — Ваша міласьць або Вы.
- ↑ Лепей — справу.
- ↑ Малады жаніх.
- ↑ З франц.; конны язьдзец спачатку, рыцар, прыдворны, цяпер наагул дзяцюк.
- ↑ Ужываецца больш — у месьце, але правільна зусім і — горад;
- ↑ Пад уплывам польшчыны: Антона
- ↑ тлумачыць — падобнага паходжаньня, як і слуп. У старых беларускіх актах — толмачить, толмачъ, тады правільна было-б — таўмачыць, таўмач, але апошнія ў беларускай мове мала ўжываюцца.
- ↑ Зьдзëрты венік;
- ↑ Месца для качаргі і інш. печных прыладаў;
- ↑ Цішком.
- ↑ Ад прынада — прыцягішча.
- ↑ З ням.: Vortuch (пярэдняя хустка).
- ↑ Полён. — адказ.
- ↑ Рашуча.
- ↑ Полëнізм: ужываецца і насьмяхаюцца.
- ↑ Лепш — сустрачала, сустракала.
- ↑ З ням. — kosten: стоіць.
- ↑ З ням. — mussen.
- ↑ Гавораць і прыданае.
- ↑ Перакручанае — але;
- ↑ Ужываецца таксама — інакш.
- ↑ Ужываецца яшчэ — хутчэй; апошняе лепей.
- ↑ Дакляруюць — тое-ж, што абяцаюць; першае лацінізм, другое — полёнізм, у беларусаў ёсьць яшчэ — прыракаць, прыракаюць падобнае да польскага — (przyrzekać).