Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/Сьцяты камень

Кабзар Сьцяты камень
Верш
Аўтар: Карусь Каганец
1927 год
Модны шляхцюк
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьцяты камень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сьцяты камень.

Засьвітала раніца
Посьле веснавое ночы.
Князь Дулебаў,[1] сам Кумар
Працірае зо сну вочы
І, накінуўшы кажух,
Ў поле выйшаў падзівіцца,
Сьвежым ветрам веснавым
Зо сну крыху асьвяжыцца.
Разам стаў
І знак даў,
Баярына[2] клікнуў:
«Хадзі сам,
«Глянь во там»! —
І на тор падмігнуў:

— «Пазнай вою дазнаны,
«Хто тут сьлед вось той пакінуў,
«Дзе ён сам, той чужанін?
«Дакуль зьехаў, дзе ён згінуў?
«Неспакоен гэтым я:
«Ці[3] ня вораг нас цікуе,[4]
«Ды зьнячэўку хіба нас
«Наляцеўшы зьбіць мяркуе»?
Прайшоў ветах,[5]
Маладзік
Повен месяц засьвяціў,
Ясна, цёпла;
Вецярок
У полі пылам закурыў.
Страх Дулебаў ціхіх зьняў,
Бо яшчэ ўбачылі здалёку,
Што паняў бой люты Гуд[6]
Сам наперад з агнём ў воку —
Добра сэрца меў Кумар.
Сьмерць ад люду каб зьвярнуці,
Выйшаў к Гуду сам адзін,
Штобы[7] Гуда супыніці.
Бой прыняў
Сам на сам
З Гудам дый на грудзе:
Ў мечы тнуць,
Іскры б’юць.
Чый той верх там будзе?
Ой, заўзяты бой вядуць,
Князём рукі ўжо памлелі,
Сабе спуску не даюць,
Хоць з труду саўсім счарнелі.
Славы траціць Гуд ня хоча,
З нічым да хаты ад’яжджаць; —
За другіх Кумар баіцца,
Каб іх у полан не аддаць.
Чуць жывуць,
А ўсё тнуць:
Той махнуў, той шахнуў;
Гуд сабраў
Усю моц[8]
І мячом узмахнуў.
Кумарова галава
На зямлю пакацілася,
Ды праява дзіўная
Над імі прылучылася:
З заўзятасьці абодвы
Зыйсьці з месца не маглі, —
Пазастылi бо князі
Як першы, так другі. —
I Кумар
Ды і Гуд
Разам скамянелі.
Многа лет,
Знае сьвет,
З тых пор праляцелі.
Ольса-рэка, як тады,
І цяпер там працякае
Ды ў Бярозу, у раку
Сіву-ваду заганяе;
Кучаравы[9] лес стары.
Зьвесіў галаву і ціха
Малітву шэпча за iх,
Як дзед… а нам друго[10] ліха.
............



  1. Дулебы — пераходнае украінска-беларускае племя ў старыя часы.
  2. Асоба заможнейшага стану.
  3. У арыгінале ўжыта „чы“ — полёнізм.
  4. Сочыць.
  5. Адна з зьмен месяца (апошняя чэрцьверць). Іншыя зьмены: маладзік, поўне, гнілая квадра, або сход.
  6. Імя князя.
  7. Штобы — чтобы — русіцызм. Пабеларуску магло-б быць м кабы, каб.
  8. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  9. Аўтор ужыў тут слова „куджэравы“, відочна, ад полёнізму — kędzierzawy“.
  10. друго — другое.