Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Бярозка/Бярозка

Ядвігін Ш. Бярозка
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1927 год
Пазыка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бярозка (Ядвігін, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборніка „Бярозка“.

Бярозка.

Даждаўся Лявон, што яго пацеха — Марыська — выцягнулася ўгару, як тая маладая, гладкая бярозка. Ад хлапцоў адбою ня было і, хоць сэрца крывёю аблівалася, а пара падышла замуж аддаваць.

Справіў Лявон вясельле, як мае быць: каб у сэрцы дзіцячым на доўгія годы добрая памятка засталася і каб перад людзьмі сораму ня было; але як прыйшлося раставацца з дачуркай, — сплакаўся бедны, як бабёр: быццам чула сэрца нешта нядобрае. Ён і кажа ёй на апошнім адвітаньні:

— Слухай, пацеха мая, адну цябе я толькі маю і адну табе толькі даю раду: калі цябе прыцісьне горкая доля, калі табе будзе вельмі цяжка жыць, што і змогі ня будзе вытрываць, ня жалься нікому, нікому, хіба знойдзеш такую спрыяючую верную душу, як спрыяла і верна была для цябе душа твайго бацькі; ня знойдзеш — ідзі лепш у лес, выбяры, каторае табе спадабаецца дрэва[1], і яму аднаму, маё ты дзіцятка, душу сваю адкрывай, жаль свой вылівай.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Прайшло нямала часу. Паехаў Лявон дачкі даведацца. Вылецела Марыська з хаты, кінулася бацьку да кален; прыпала пасьля галоўкай да грудзей бацькавых, але ў скорасьці, як-бы засароміўшыся, адскочыла, спусьціла вочкі і стаіць, уся зьбялеўшая, толькі губкі дрыжаць…

Доўга Лявон моўчкі ўглядаўся на сваю пацеху, а пасьля памалу падыйшоў да яе і глухім, быццам не сваім голасам, стаў дапытываць:

— Цяжка?

— Ой, цяжка, татачка, — ўздыхнуўшы адказала дачка.

— Жалілася?

— Жалілася, — вышаптала Марыська.

— Каму?

— Бярозцы.

— А больш?

— Не знайшла каму.

— Нясі сякеру, пакажы мне гэтае дрэва, - сказаў Лявон.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Хістаючыся, як маладая ад буры бярозка, ішла наперадзе Марыся:

— Ой, татачка, — жалілася яна, — якая гэта была пекная[2] бярозка, якая гладкая. Якія пекныя былі на ёй галінкі, а на галінках паўнюсенька зялёненькіх бліскучых лісточкаў…

Лявон маўчаў.

— Татачка, што ёй зрабілася? Гэта-ж цяпер лета… Чаму яна счарнела? Чаму здрабнелі, пакорчыліся яе лісточкі? Татка?!

Лявон маўчаў.

— Чаму жаўцеюць гэтыя лісточкі? Бачыш, татачка, лісточкі з яе ападаюць!.. Чаму галінкі свае яна ўніз апусьціла, быццам яны плачуць?

Не пасьпела слова скончыць Марыська, як цяжка грукнуў па дрэве абух… Як падстрэленая птушка, скокнула яна і схапіла за руку: старога:

— Татачка, не чапай. Не чапай, родненькі мой, — прасіла Марыся, — баліць… баліць…

Але Лявон, нічога ня кажучы, ізноў стукнуў абухам па дрэве: рэха не адазвалася — стук быў глухім, як-бы гэта не па дрэве, а па зямлі стукаў. Марыська стаяла воддаль, заламаўшы рукі і глядзела быццам на нешта вельмі страшнае, толькі з вачэй яе сыпаліся адна за аднэю сьлязінкі, як сыпаліся пажоўклыя лісточкі з здрыгануўшайся пад абухом бярэзіны… Лявон нагнуўся, абчасаў каля пня кару і, адагнуўшыся, са ўсяго маху запусьціў сякеру ў бярозу і, павярнуўшы тапарышча на бок, адшчапіў вялікую трэску. Дрэва заскрыпела, запішчэла, быццам стала жаліцца, як тое дзіця… а з-пад Лявонавай сякеры шчэпкі ляцелі… Але нядоўга яму прышлося працаваць: нагнуўся Лявон, глянуў на падсечанае месца, ткнуў туды тапарышчам і, адагнуўшыся, глыбока ўздыхнуў.

— Марыська, дзіцятка маё, — дрыжачым голасам пачаў Лявон, — бачыш? Гэта-ж тут усяго на палец абалоні. А там парахня, адна парахня… А ведаеш чаму, гаротніца мая? Ведаеш? Гэта-ж твой боль, гэта-ж твой жаль спарахніў гэту бярозку, — бо ты доляй сваей жалілася ёй. Дрэва і то спужалася такое долі… Умірае гэта бярозка, умірае без пары, бо кожны раз, як ты прыходзіла жаліцца, ёй было штораз цяжэй, а ты, маё гаротнае дзіця, ўспомні, — ты тады мела хвіліны, падобныя да шчасьця…

І Лявон, узяўшы рукамі галоўку свае пацехі, моцна[3] прыціснуў да сябе, а Марыська, тулячыся да бацькавых грудзей, прашаптала:

— Татачка, а чаму-ж паміж людзей я не знайшла каму пажаліцца?

Лявон маўчаў.



  1. Полёнізм; пабелар. — дзерава.
  2. Полёнізм — прыгожая, харошая.
  3. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.