Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/«Новая зямля»

„Сымон Музыка“ „Новая зямля“
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Думкі ў дарозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Новая зямля (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Новая зямля“.

Кароткі зьмест. Малазямельны селянін, Міхал, служыць палясоўшчыкам. Пан Радзівіл мала зважае на жыцьцё падобных Міхалу і пераводзіць яго з месца на месца. Гаспадарку вядзе брат Антось, хатнюю — жонка Ганна. У Міхала купка дзяцей. Жыцьцё сям’і Міхала апісваецца з усіх бакоў і ў розныя поры. Асабліва цікава апісваецца сваяроднае жыцьцё дзяцей.

Слабая забясьпечанасьць піхае Міхала да думкі аб неабходасьці мець свой куток — „Новую зямлю“. У часе жыцьцёвых няладаў гэтая думка ўзрастае ўсё болей і болей. Пачынаецца хваравітая цяга да „Новае Зямлі“ і шуканьне яе. Тут цікавыя абразкі з прыгоды сялян, дзяцей прыроды, пры стыку з местам і яго жыцьцём.

Урэшце зямля куплена і застаецца толькі пераехаць туды, але жыцьцёвыя няўдачы — самая гарачка ў зьвязку з пераменай і, ўрэшце, хвароба — прыводзяць Міхала замест „Новае Зямлі“ — да магілы.

У „Новай зямлі“, як і ўсюды ў Коласа, а то ласьне тут найлепей, апісана сялянскае жыцьцё, самая душа селяніна, проста надзвычайныя малюнкі беларускай прыроды і розьніца між селянінам і панамі. Тут усё апісваецца, адно за другім, нават самыя дробязі жыцьця, не мяркуючы, як у Іліядзе Гомэра, гэтым непераможным другімі народамі творы грэкаў. У „Новай зямлі“ — найлепш адбітак жыцьця беларускага селяніна.


На сенажаці.

Ідуць касцы, зьвіняць іх косы,
Вітаюць буйныя іх росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Касцы ідуць то грамадою,
То шнурам цягнуць, чарадою,
То паасобку, то па пары;
Ідуць касцы, ідуць, як хмары,
І льлецца сьмех іх разудалы,
Як веснавыя перавалы.
Гаворка, шум і коняў ржаньне —
Касьбы вясёлае вітаньне.
Касцы, ваякі ціхай працы,
Выходзяць з косамі на пляцы
І на палоскі верставыя
Кладуцца коскі іх крывыя —
Пайшлі праверкі і памеры,
Как больш мець пэўнасьці і веры,
І каб ня вышла перакосу,
І не зайсьці ў чыю палосу,
Бо будзе крыку, будзе сваркі, —
Няхай лепш цэлы[1] будуць каркі.
Эх, час касьбы, вясёлы час!
І я ім цешыўся ня раз,
І з тога часу па сягоньня
Мне сонцам сьвеціць Наднямоньне.
Касцы рассыпалісь па гаку[2]
Як-бы ідуць яны ў атаку,[3]
І жыва менцяць свае косы;
І ткуцца здольныя палосы,
Лажацца роўнымі радамі;
А за касцом двама сьлядамі
Адбіткі ног яго кладуцца,
А косы сьвішчуць і сьмяюцца.
Тымчасам сонца вышла ўгору
І з безгранічнага прастору
Шырокай плыньню агнявою
На землю шчодраю рукою
Льле блеск гарачы і яскравы;
І вянуць скошаныя травы,
І выглядаюць нудна палі.
На луг другая коціць хваля:
Ідуць грабцы, жанкі, дзяўчаты,
Убраны хораша, бы ў сьвята:
Чырвоны колер, белы — ўсякі,
Бы ў агародзе тыя макі:
Ідуць, пракосы разьбіваюць,
З лагчынак сена выграбаюць.
То там, то сям у чэсьць пятровак
З грудзей тых макавых галовак —
Дзяўчатак слаўных, яснавокіх —
Ў лугох прасторных і шырокіх
Плывуць-дрыжаць сьпяванак тоны
І тыя песьні засмучоны
І млеюць ў стомленым абшары,
Як-бы адбітак божай кары.
...............
А глянь на луг пад вечар, браце!
Увесь, як ёсьць, ва ўсім ахваце,
Па ўсіх грудох, аж за дарогу,
Устаўлен копамі мурогу;[4]
І так сьвяжуткі копкі тыя,
І так выразны — бы жывыя,
І выгляд кожнае адметны,
Але ўсе разам так прыветны.
Вазы шыбуюць важна, стала,
Бы тых вагонаў рад нагнала.
Павее ветрык — што за пахі!
Мёд разьліваюць тыя гмахі,[5]
Віно найлепшае і ром,[6]
Як плата шчырая касцом.


Жніва.

І так заціхлі сенажаці,
Пайшла каса адпачываці,
Да часу зьвісшы пад страхою,
Каб быць заўсёды пад рукою
На ўсякі выпадак, патрэбу.
Цяпер увагу дайце хлебу —
Сярпок крывенькі просіць дзела,
Жытцо падходзіць, пабялела.
Саломку выгнуўшы дугою,
Зьвісае колас над зямлёю,
А сьпела-поўныя зярняткі
Глядзяць, як спонкі-вачаняткі,
Нібы ім хочацца хутчэй як
Спаткаць-убачыць мілых жнеяк.
Прышоў жаданы час спатканьня.
Глядзіць прыветна дзянёк зраньня;
У блеску сонца нікнуць росы;
Сьвяжуткі, чысьценькі нябёсы,
Бы тыя вочкі маладыя.
Застылі хмаркі залатыя.
Дымок танюткі белаваты
Ўжо павіваецца над хатай,
Бо трэба-ж выпаліць печ тую
Ды йсьці на ніўку маладую.
Угрэла сонца. Жней чародкі
Ідуць паважна, як лябёдкі,
У хустах лёгкіх, кофты белы,
Іх рукі дужа загарэлы.
Ідуць дзяўчаты, маладзіцы
І жарты строяць, як блазьніцы,
Ідуць шумлівы, гаварлівы,
Зьвініць іх голас, сьмех шчасьлівы;
Чутна і песьня маладая, —
І поле раптам ажывае.
І мацяркі з дзяцьмі малымі
Ў лубкох-калысках за плячымі —
Такая іх жаноча доля —
Марудна цягнуцца на поле.
Прышлі на вузкія загоны,
Дзе каласочкі шумы-звоны
У таямнічны сьпеў зьлілі,
Упаўшы чолам да зямлі.
Гарачы дзень. На полі душна.
Прыціх той ветрык непаслушны,
Як-бы сваім аддаўся марам.[7]
Зацішак поля дыша варам
І гоніць з твару поту рагі,[8]
І сохнуць губы ад тэй смагі.
А жнейкі жнуць. У моры збожжа
Мільгае постаць іх прыгожа,
Калі ў паверхні таго жыта
Ўсплыве галоўка самавіта
І так прыгожа азірнецца,
А гібкі станік разагнецца,
Або калі над галавою
У жнейкі спрытнаю рукою
Пучок калосьсяў мільгатнецца,
Апіша дужку, бы вясёлку,[9]
Бы нейкай зьнічкі сьлед пагаслы,
І борзда ляжа ў перавяслы,
Што распасьцёрты на падолку…
Дапраўды: ўзмахаў гэтых мгненьне
Адна любота, заглядзеньне!
А жнейкі жнуць. Іх твар палае,
Іх пражыць, сушыць смага тая,
Якую трудна ім здаволіць,
Якая толькі „піць! піць!“ моліць.
Сярпок скрыгоча прагавіта,
Жытцо згрызаючы сярдзіта,
Як бы яму ўсё мала стравы —
Ня дарма-ж вылез ён з-за лавы
Цяпер яго краса-часіна:
Шпарчэй, шпарчэй-жа гніся, сьпіна!
І сьпіны гнуцца, бы ныраюць;
На струнах-кальвах пальцы граюць
Напрост кладуцца жмені жыта,
Растуць снапочкі самавіта,
Стаяць, бы лялечкі якія,
Глядзяць, як госьці дарагія.

Прыдзі пад вечар ты на поле
І палюбуйся ім, саколе!
Ў якія роўныя шнурочкі
Цяпер пакладзены снапочкі!
І як прыгожа-слаўны бабкі![10]
Якія ладныя іх шапкі!
І хоць яны ўсе адзінакі,
Але і выраз і ад’знакі
У кожнай бабкі асабісты,
А наагул — усе фарсісты.
Зірнеш — дальбог-жа, возьме ўцеха
І ня стрымаешся ад сьмеху:
Яны так мілы, так прыветны,
Так самавіты, так фацэтны[11]
І пазіраюць так прыхільна,
Прыгледзься толькі да іх пільна!
І многа-ж іх: нязьмерыш крокам[12]
І не акінеш нават вокам;
Стаяць радамі, зухаваты,
Як на ўрачыстасьці салдаты.


На панскай службе.

У той-жа дзень, праз час каторы,
Прышоў сюды Марцін з каморы,
Лясьнік таксама пры кватэры.
Загады розныя, паперы
Яму ў лясьніцтве даручалі,
Калі з наказам пасылалі.
Яшчэ здалёк, аж каля кліна
Антось заўважыў тут Марціна.
— Ну, прэцца ўжо Марцін з наказам!
Згарэў-бы ты, панок, з ім разам! —
Дабра так пану пажадалі,
Але з цікавасьцю чакалі,
Што ім Марцін тут засьпявае.[13]
— Ну, што нам, васпан, сказаць мае?
— Наказ прынёс я да васпана!
Наказ такі, каб заўтра зрана
Твой брат Антось йшоў да адбору,
А сам Міхал аб гэту пору
Настройвай лыжы да сялібы —
Падбаць паном наконта[14] рыбы;
Бяры там невад з рыбакамі,
Паноў парадуй шчупакамі:
Галодны, можа, небаракі,
А мо‘ абрыдлі ім прысмакі —
Вяндліны,[15] мяса і катлеты —
Павысыхалі, як шкілеты,
Іх вецер з ног чуць ня скідае! —
Марцін тут жарту падпускае.
— Ну вось, ужо і даў задачу!
— Ты нездаволены, як бачу,
Але пастой, Міхал, даслухай,
Тады ўжо ты глуздом парухай:
Пан прыказаў яшчэ васпану,
Злавіўшы рыбы, каб тады-жа
Сам васпан вёз і да Нясьвіжа
Таму-другому калашману,[16]
Што падпіраюць князёў замак,
Для цешчаў іх і розных мамак.
— Наказ нічога для пачатку!
Што-ж далей будзе, пане-братку?
Э-гэ-гэ! ня мець спакою! —
Міхал затрос тут галавою:
— Ой, дасца гэта служба ў знакі!
На карк усьсядзе д‘ябал ўсякі.
Хіба ён літасьць, сэрца мае?
Ўжо двух у службу запрагае:
Адзін на рыбу — той ў адборку…
Няма на іх, гадоў, паморку,
Вось на такіх чартоў лазатых,
На гэтых джынджыкаў праклятых!
Быў чалавек, што можна-б ладзіць,
Дык вось няма — памёр! Ня вадзіць
На добрых нам паноў ніколі.
А вось такі „Рак“, ліха долі,
Ня будзе мець табе і зносу.
Так, брат: для нашага ён лёсу!
І ёсьць-жа прыказка такая:
„Кляні ты пана — пан сычае!“
Міхал хадзіў і бунтаваўся
І на лясьнічага злаваўся.
— Ідзе работа, сеяць трэба,
Ляжыць няўзораная глеба,[17]
А ты й каня бяры ў прыдачу…
Сказаць-то лёгка — даў задачу!..
О-то бяда! О-то галеча!
А меў-бы кут свой, чалавеча,
Ці-ж бы служыў? Цярпеў-бы здраду?
Даўно-б у морду плюнуў гаду!
Пайшоў ты к ліху! праваліся!
Сам гэтым хлебам падавіся!
— Вось тут-та, брат, і гора тое
І гэта ліха насланое,
Што нам няма дзе зачапіцца,
І мусім з гэтым мы гадзіцца,
Пад дудку панскую скакаць
І іх загады выпаўняць —
Цябе-ж дзяруць, як тую ліпку!
Марцін з кішэні выняў піпку,[18]
Цыбук заядла прадзімае
І піпку пальцам набівае.
— Цьфу! лае, бэсьціць з-за нічога!
А мух, брат, мух у носе многа!
І так нясецца ён, васпане, —
Тычына шапкі не дастане!
Не пазірае табе ў вочы,
Глядзіць, бы воўк той, заўжды[19] скрыва
І заўжды злосны ён на дзіва,
І заўжды лаяцца ахвочы…
Ды чорт яго бяры, Міхале!
Што зробіш гэтакай завале?
Ось будзем жыць сяк-так памалу.
Ці гэта ў першы раз Міхалу
Такія справы мець з панамі?
Няхай яны лепш здохнуць самі,
Чым мець праз іх яшчэ згрызоты.
Хіба-ж, Міхале, мы сіроты?
І пан, калі нам пашанцуе,[20]
Пад нашу дудку затанцуе:
Няпраўда — згіне племя злое!
— Калі-ж то будзе сьвята тое,
Хіба, як возьме нас магіла?
Ня наша, браце, а іх сіла!..
Адно, брат, тут: старацца трэба
Прыдбаць сваю скарынку хлеба,
Бо людзі кажуць: „Хлеб служачы
Ня надта добры, хлеб — сабачы!“
І не сабака страшан воўку,
Калі прышлося сказаць к слоўку,
Мой пане-браце, мой Марцяга,
А няпрыемна аго зьвяга! —
Яшчэ крыху паразважалі
І трохі злосьць сваю сагналі.
Марцін пайшоў, але для пана
Было яшчэ крыху дадана
Ня вельмі добрых пажаданьняў
І пацер розных і літаньняў.
Але дабра, палёгкі, толку
Ня прыбыло з таго й на голку…

Дзядзька ў Вільні.

І ня спынілася машына,
А ўжо пайшла мітусяніна:
Хватаюць клумкі пасажыры,
Пад рукі б’юць зайцы-праныры[21]
Паны складаюць чамаданы,
Лубкі-каробкі, дзе схаваны
Паненак розныя прыпасы
Для завіваньня, для падкрасы,
Каб трохі зьменшыць перашкоды,
Пахібкі[22] матухны-прыроды.
Срэдзь[23] люду рознага і панства
І між усякага убранства
Відна і дзядзькава апратка —
Пільчак[24] і шапачка-аладка.
Машына стала. Валіць валам
Люд у тунэлі[25] пад вакзалам,
А з ім і дзядзька цісьне збоку,
Ад шэрых сьвіт непадалёку.
Яшчэ ніколі дзядзька з роду
Ня бачыў гэтулькі народу,
Паноў, чыноўнікаў багатых,
Такіх таўшчэразных, пузатых,
Што можна-б сьмела зьесьці булку,
Каб абыйсьці гэту качулку;
І выступаюць такім тузам,
Ідуць, ня бачаць ног за пузам,
Аж дол каменны чуць ня гнецца,
Як студзень[26], карк яго трасецца.
„Ото паноў! О, божа мілы!
Якія гладкія іх рылы!
Якія вусы і бароды!
Паставіць-бы іх у гароды —
Ні вераб’і і ні вароны
Ня сьмелі-б сесьці на загоны!
І процьма-жаж іх тут якая!“
У мысьлях[27] дзядзька разважае:
„А морды зьзяюць, як пад лакам, —
Відаць, жывуць яны са смакам.
А ўзяць паненак — ажно зьзяюць
І ходзяць — долу не чапаюць.
Так лёгка, плытка, далікатна,
Як-бы матыль той, акуратна.
Ды што рабіць дачушкам бруку?
У гэтым іх уся навука.
Растуць, як краскі, ў добрай долі,
Ня трэба йсьці з сярпом на поле,
Дзе праца ўсю красу зьнімае,
А ржышча ногі прабівае“.
Ідзе наш дзядзька і баіцца,
Каб часам як не памыліцца
І ня ступіць каму на ногі
І каб ня зьбіць каго з дарогі.
А боты, падлы, ну, відочна,
Ня так, як людзі, йдуць нарочна:[28]
На ўвесь вакзал грымяць насамі,
Як конь па току капытамі.
Дзівіўся дзядзька тут ня мала,
Йдучы тунэлем да вакзала.
Як хітра, мудра збудавана!
Як чыста, хораша прыбрана!
А колькі вулачак і ходаў,
Палітурованых[29] усходаў!
Там у гары над галавою
Ідуць вагоны чарадою!..
О, хітры сьвет, на штукі здаўся!
Тунэль тым часам разьдзяляўся,
І вал сярмяжнага народу
Ідзе да правага праходу.
Паны налева важна садзяць,
Дзе іх сярмяжнікі ня здрадзяць
Ні пахам дзёгцю, ні карчагі[30],
Ні відам латанай сярмягі.
Як вышаў дзядзька наш з вакзалу
Яму аж моташна[31] нейк стала:
Такое пекла — шум страшэнны,
Застой паветра і дух дрэнны;
Народ таўчэцца каля конкі,
Па бруку б’юць падковы звонка,
Грымяць павозкі, буды, колы,
Аж проста глушаць балаголы —
І гэта процьма ўсякіх зыкаў
Зьлілася ў гул адзін вялікі,
Дзе з няпрывычкі вуху цяжка,
Дзе б’юць па сэрцы яны важка.
Снуе народ, як на пажары,
Пад ім аж гнуцца тротуары[32].
Эй, божы люд! Якая сіла
Цябе віхрамі закруціла?
Куды ты йдзеш? чаго шукаеш?
Які ты ў сэрцы смутак маеш?
Куды вядзе твая дарога?
Чаму задума і трывога
Пячаць на твар твой палажыла?
Чаго глядзіш ты так няміла?
Няма ў тваіх вачох прывету,
Як-бы ня рады сонцу, сьвету.
Ідзе народ, як хвалі мора,
Як хмары ў небе на прасторы,
Адны другім усе чужыя.
Ідуць старыя і малыя,
Ідуць-шнуруюць чарадою,
Заняты кожны сам сабою.
І дзядзька з гэтым людам зьліўся,
Як зерня ў зернях загубіўся.
Быў дзядзька ў пушчах, у барох
І расчытаць іх голас мог,
І з старасьвецкімі дубамі
Каротка знаўся, як з сябрамі.
А тут — адзін, бо ўсе чужыя,
Ня знаеш, хто яны такія,
І сам для іх ты чужаніца.
На камяніцы камяніца,
Ня згледзіш неба край за імі
І ціснуць сьценамі сваімі.
Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.
А дзе-ж той банк? — карціць пытаньне
Так правандруеш да зьмярканьня,
А сам туды не пападзеш
І толькі дзень дарма зьвядзеш.
Ды дзядзьку страшна прыступіцца,
Спытаць людзей ён тут баіцца,
Бо ўсе такія падзіманы[33]
І хоць бы твар адзін рахманы,
Або свой брат, мужык-трудзяга[34]
Нідзе ня сьвеціцца сярмага.
І дзядзька наш стаў прыглядацца,
Ў каго-б дарогі запытацца,
Бо ён зрабіў адну ўжо спробу:
Спытаў чумазую асобу,
Ды тая так яму сказала,
Што лепш-бы ёй няхай зарвала!
Тут дзядзька кроку[35] падбаўляе
І пана з цэшкай[36] наганяе;
Ступіў яшчэ ён колькі крокаў,
Да пана коціцца ён бокам;
А пан ня бачыць ці ня хоча
Глядзець, як дзядзька наш клапоча
І ў ім патрэбу дужа мае —
Ідзе і палачкай махае.
Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся,
Рукою пана дакрануўся:
— Скажы, паночку, як далёка
Зямельны банк? — Пан кінуў вока
На дзядзьку скрыва так і строга:
— Спытай аб тым гарадавога! —
Сказаў і кроку пан прыбавіў,
Як-бы пытаньнем абясславіў
Яго наш дзядзька прад панамі,
Прад тымі, вось, капялюшамі.
„Ото завіў, настроіў лыжы,
Як-бы чарцяка той ад крыжа“,
Антось сабе сам усьміхнуўся
І на ўсе бокі азірнуўся,
Як-бы хацеў сказаць: „Глядзеце,
Якая цаца зьзяе ў сьмецьці!“
Памалу стаў ён разглядацца.
Э, што! няма чаго баяцца!
Ідзе вальней, глядзіць сьмялей,
На сэрцы стала весялей.
І трохі карк ён падымае,
На крамах вывескі чытае —
Ня дарма-ж дзядзька быў у школе,
Навуку ведаў ён даволі.
Ды перабраў тут дзядзька меру:
На слуп[37] узьбіўся, на халеру,
Ды так аб падлу штурхануўся,
Што сьвет яму перавярнуўся,
На брук зьляцеў ён з тротуару,
Перакруціўся разоў пару
І так у брук бядак загасіў,
Траха манеркі[38] не расквасіў.
Ды дзядзька борзьдзенька схваціўся,
Зьнячэўку ён ашаламіўся,
Як той шчупак, папаўшы ў нерат:[39]
Ня знае ён, дзе зад, дзе перад.
„Бадай цябе агні спалілі!
На які чорт слупоў набілі?“ —
Гаворыць дзядзька сам з сабою,
Пыл абіваючы рукою.
І тут ён толькі азірнуўся,
Глядзіць — у кут глухі упхнуўся,
Сьцяна прад ім і сьцяна збоку,
Ўпярод ня ступіш ані кроку —
Прапала вуліца ды годзе!
Таўчэцца дзядзька, як у бродзе
Той сом, прыціснуты плытамі,
Што ў букце век жыў пад карчамі.
„Бадай ты спрахла[40], дзе-ж дарога?
На гвалт крычы гарадавога;
Куды нялёгкая загнала!“
Аж проста дзядзьку страшна стала,
І з перавулачку глухога
Ідзе шукаць гарадавога,
Ідзе і горад праклінае.
Падшыбла злосьць яго такая,
Што, каб прымеў-бы, ўзяў саломы
Ды падпаліў-бы ўсе харомы,
Бо ўсе дарогі загрузілі
І сьвет яму тут зачынілі.
Мінут праз колькі з перавулку
На сьвет ён выбіўся, дзе гулка
Нясьліся зноў страшэнна зыкі,
Дзе горад гуў многаязыкі.
Цяпер наш дзядзька ня чытае,
А больш пад ногі паглядае
Ды кіне вока, ці ня блісьне
Жаданы шнур, ды далей цісьне.
Шукае дзядзька наш, як бога,
Ў людзкой галдзе[41] гарадавога.
А вось і ён! стаіць плячысты
І погляд кідае празрысты;
Стаіць, як той пастух над стадкам,
І наглядае за парадкам —
На тое-ж горад і губэрня.
Тут з тротуару дзядзька верне,
Ідзе, за брыль здалёк бярэцца,
„Дзень-добры“ кажа, як вядзецца,
Яшчэ крок бліжай падступае,
Аладку-шапку падымае.
— Скажэце, як мне ў банк папасьці?
Мне па зямельнай трэба часьці.
— А вось, як пойдзеш, чалавеча,
Таму касьцёлу насустрэчу,
Там будзе вуліца направа, —
Пачаў казаць служака бравы:
— Ты правай вуліцы трымайся,
А там другога запытайся,
І скора банк той будзе блізка.
Скланіўся дзядзька яму нізка,
Бо надта-ж добрым паказаўся,
І так ён дзядзьку ўспадабаўся,
Што, калі будзе ўсё шчасьліва,
То вып’е з ім хоць пару піва
І зьесьць з ім разам кусок сала;
І весялей зноў дзядзьку стала.
Зрабіўшы два-тры павароты,
Людзей спытаўшы раз мо’ ў соты,
Спыніўся дзядзька каля банку,
Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка,
Шырокі крок яго стрымалі
І ў душу страх яму нагналі.
Стаіць наш дзядзька ў задуменьні,
Ня сьмее ўзьняцца на ступені:
Баіцца ён мужычым ботам,
Прапахлым дзёгцем, здорам, потам,
Тут насьлядзіць або напляміць,
Лепш іх ня знаць, няхай іх цяміць!
Ступі ня так, падымуць сварку
Ды на барыш дадуць па карку.
І гэта „іх“, як здань ліхая,
Спакой ад дзядзькі адганяе;
„Іх“ — нешта злое, цемень-сіла,
Што душу дзядзькаву муціла;
„Іx“ — гэта тое, што варожа
І ў рог барані сагнуць можа.
Ды дзядзька страх перамагае;
Ён шапку загадзя зьнімае,
Па ўсходах чыстых, як мурашка,
Паўзе ў гару, ступае цяжка, —
Забіты дух яго вякамі
Ўжо чуе страх перад панамі.
Ў прасторнай, чыстай сьветлай залі
Паны туды-сюды снавалі,
Разьвязна, моцна[42] гаманілі,
Цыгары доўгія курылі,
А дзе каторы шарганецца,
Каля яго прыслужнік трэцца
І падае яму адзеньне,
А сам — пакора і жычэньне;
А пан той руку ткне ў кішэню,
Яму „дзесёнтку“[43] суне ў жменю;
Прыслужнік, ну, чуць ня прысядзе, —
Аж сьмех бярэ, на гэта глядзя.[44]
Але й паны ня ўсе тут роўны:
Адны з іх круглыя, як броўны,
Ідуць спаважна, ўперавалку;
Другія выпетрылі ў палку;
Адны трымаюць[45] нос высока,
Другія ў дол спускаюць вока.
Апроч паноў, у гэтай залі[46]
І мужыкі ў куткох стаялі,
І людзі простага больш званьня
Таўкліся ў банку ўжо ад раньня
Між імі гоман ціха вісьне,
Туды і дзядзька Антось цісьне.
Прышоў, суседзяў зьмерыў вокам
І да сьцяны прыпёрся бокам.
— Сядай, мой мілы, мой харошы,
Бо за „пастой“ ня плацяць грошы, —
Сказаў сярмяжнік дабрадушна.
На лаўку дзядзька сеў паслушна,
Ўздыхнуў, падзякаваў суседу,
Ўжо пажылому, чуць ня дзеду.
Пайшлі пытаць адзін другога,
Хто ён, адкуль, сяла якога,
Губэрні, воласьці, павету.
— Прыехаў я сюды з-за сьвету.
З-пад самых Стоўпцаў — чулі можа?
— Не, не здаралася, нябожа.
— А самі скуль вы? — Я з-пад Ліды,
З сяла Вялікія Дзяміды
(Ён Грышкам Верасам назваўся);
Яшчэ з учора затрымаўся.
Пустая справа, ды і тую
Не давядзеш ты да ладу —
Гадоў са два яе вяду,
Як тут ні ладжу, ні мяркую…
Эх, мілы мой ты! за панамі
Няма прадыху. Хто з грашамі
І мажа з боку, — той і едзе,
Так вось і робіцца, суседзе.
Ён знаў чыноўніцкія сеці —
Ня дарма-ж соваўся па сьвеце,
Зямлі шукаючы з сябрамі,
І добра знаўся з пісарамі.
— Вам трэба з банку разрашэньне,
Пішэце, мілы мой, прашэньне;
І, калі хочаце, параю:
Пісарчука такога знаю,
Што вам прашэньнейка за злоты
Напіша з мілаю ахвотай.
— Ах, калі ласка, пане Верас!
Скажу вам „дзякую“ яшчэ раз,
Бо покі сам чаго даб’ешся,
То і жыцьця свайго зрачэшся.
— Ну, то хадзі! — Ўстаюць, выходзяць
І па панох вачамі водзяць,
І каля століка пустога —
Там ня было цяпер нікога,
Апроч бутэлечкі чарніла
З шырокім донечкам бяз рыла[47]
Сябры спыніліся маўкліва.
— Вам што? — пытае іх пачціва
Сам пісарчук. Ён стараваты
І росту нізкага, кашлаты,
І вынік ён перад сябрамі,
Як тая порхаўка часамі
Па цёплым дожджыку з зямлі.
— А вось да вас якраз прышлі! —
Тут дзядзька ўперад выступае
І просьбу ціха выкладае.
— Пастойце-ж трошкі, пачакайце,
А вось вам крэселка, сядайце!
З стала ён выняў ліст паперу,
І ўсю пісарскую манеру
Ён перад дзядзькам выяўляе:
З-за вуха ручку выцягае,
Рукою водзіць, нібы піша,
І трэ’ свой лоб ды носам чмыша.
Паразважаўшы, для прыкрасы
Пайшоў выводзіць выкрунтасы;
Уважна дзядзька пазірае,
У жмені злот даўно трымае.
— Ну вось прашэньне і гатова,
Прашэньне „рэхт!“[48] ну, адно слова!..
Вы, можа, граматны часамі?
— А так, расьпішамся і самі.
І дзядзька пальцы разгібае,
Бярэ ён ручку і мачае;
Ды граблі-пальцы, як чужыя,
Ці як калочкі дзервяныя,[49]
Пяро трымаюць бокам, крыва
І водзяць ручку баязьліва;
І покі дзядзька расьпісаўся,
На лбе[50] пот буйны паказаўся,
Бы дзядзька летняю парою
Прайшоў па купінах з касою.
— Цяпер ідзеце ў тыя дзьверы
Зрабіць адметку на паперы, —
Ківае пісар галавою.
І дзядзька дробнаю ступою
Падходзіць к дзьверам, адчыняе,
Прашэньне ў скрутачку трымае.
А там, за доўгімі сталамі,
У стол уткнуўшыся насамі,
Сядзяць пісцы, як гною кучкі,
Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі,
Трашчаць, як конікі на сене,
Ці тыя шашалі ў палене, —
Заняты кожны сваім дзелам.
Ступіў наш дзядзька крокам[51] сьмелым,
Ідзе к сталу, што быў пабліжай,
Да барады з чырвона-рыжай
І перад тэю барадою
Схіліўся нізка галавою.
Чыноўнік[52] буркнуў штось сярдзіта,
Як той вяпрук каля карыта,
Але прашэньне ён прымае,
Насупіў бровы і чытае.
— Ідзі ў той стол, налева трэці!
Махнуў чыноўнік барадою,
Як саламянаю мятлою.
„Адкуль яны бяруцца, чэрці?“
Прабармытаў руды пісака.
Пайшоў наш дзядзька-небарака,
На стол паказаны трапляе
Ды йзноў там голаву хіляе
І перад новым палупанкам
Стаіць, прыгнуўся абаранкам.
Чыноўнік толькі лыпнуў вокам
І павярнуўся к дзядзьку бокам
Ды водзіць пёркам па „бумазе“
(Ужо такі пачот сярмязе!).
Стаіць наш дзядзька, не адходзіць.
„Ну, што-ж? няхай пяром паводзіць:
Не на дажджы я, часу маю,
Ня пан я, трохі пачакаю“.
Чыноўнік лыпнуў зноў вачыма,
Як-бы на цешчу ці айчыма,
Зноў у паперы ён уткнуўся,
А дзядзька наш ні зварухнуўся.
Злаваць чыноўнік пачынае,
Што дзядзька вытрыманасьць мае.
Чыноўнік злосны ня стрымаўся:
— Табе чаго тут? — запытаўся,
Сярдзіты, поўны нецярпеньня.
— Наконт[53] зямлі: вось і прашэньне, —
Гаворыць дзядзька так салодка,
Як толькі можа, ды каротка
Яго чыноўнік злы спыняе:
— Ня важна справа, пачакае;
Прыдзі сюды праз тры гадзіны! —
Ўздыхнуў Антось ад тэй навіны.
„Ось дзе выжыга! ось бізун,
Бадай цябе забіў пярун!
Чакай дабра ты ад хамулы,
Няхай табе дасьць бог тры скулы!
Няхай цябе водзяць сьляпога,
Як водзіш ты за нос другога!“
І як ні кляў ён гэту п‘яўку,
Ды мусіў даць рубля за спраўку.


Сьмерць Міхала.

Глядзіць Міхал… што за хвароба?
Ён не адзін — іх дзьве асобы:
Адзін Міхал — нядошлы, млявы,
Другі — здаровы і рухавы;
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, ў вус ня дуе
І не гадае ні аб чым.
Дурны: ня цяміць, што за ім
Таксама ходзіць хтось варожы,
Страшэнна здрадлівы, нягожы,
У нейкім доўгім балахоне[54]
І водзіць пальцам па далоні;
Кіўне сьмяшліва, знак паложыць,
Бы штось запісвае, варожыць.
Хто ён такі? чаго ён хоча?
Чаго схіліўся і шамоча?
І нейкай тухальлю і тленьню
Нясе ад чорнага адзеньня,
І востры пах чуваць кадзіла…
Ах, гэта ж сьмерць тут захадзіла!
Ці гэта поп?.. І ўсё прапала,
Няма і почуту Міхала.
Куды-ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе?
Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!..
Ах, не: унь ён! ён воўкам стаўся.
Бажыць, як можа — знаць спужаўся.
Ой, ой — стрыжэнь![55] Ён — гоп туды!
Ніяк ня вылезе з вады.
Капут!.. Міхал-воўк прападзе,
Пад лёдам зьнік, як мыш рудая,
А ўсё вакол глядзіць зьдзіўлёна.
І раптам нейкая заслона
Чыёю-сь страшнаю рукою,
Сінь неба лучачы з зямлёю,
Ўсё пасуваецца бліжэй;
Міхалу робіцца цяжэй,
Ў грудзёх дыханьне забівае,
А ноч заслона націскае,
І сьветлы круг, прамень пустыні,
Вось-вось у багне-цьме загіне.
Міхал крычыць і б‘ецца ў страсе.
Заслона чуць-чуць адыйшлася.
Ён вочы цяжка размыкае —
Ў руцэ рука чыясь другая,
І вочы, поўныя пакуты.
Зьняможан цяжкім ён зьмаганьнем,
З глыбокім жалем, садрыганьнем
Ратунку просіць у людзей,
У брата, жонкі і дзяцей,
Бо неба жорстка, неба глуха
І ня прыклоніць свайго вуха,
Хоць ты прасі, хоць ты малі,
Хоць грудзі рві і сэрца вымі —
Ты не кранеш яго цьвярдзіні,
Яно далёка ад зямлі,
Яно зацята, бо нямое,
Яно маўкліва, бо пустое.
— Ты пазнаеш мяне, Міхаська?
Ён уздымае вочы цяжка,
Глядзіць на жонку. Ганна… маці…
Ратунку дайце мне!.. О, браце!
Ратуй мяне! Ратуйце, дзеткі!.. —
Сьляза-палын балюча-едкі
На ўпалых вочах выступае…
Міхал зяхае — заціхае…
— Ой, сьвечку, сьвечку: ён канае! —
На твары сьлед пякельнай мукі,
На грудзі ўпалі яго рукі.
Міхал яшчэ раз здрыгануўся,
Зяхнуў так цяжка, ўвесь памкнуўся
Яшчэ раз вочы расчыняе,
Глядзіць, бы штось прыпамінае;
Ён цяжка дыша, духу мала,
І ўсё адразу ясна стала.
— Антоська!.. родны мой! канаю…
Перагарэў, адстаў, зьнікаю…
Вядзі-ж ты рэй,[56] вядзі… адзін…
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог ня судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі…[57]
Зямля… зямля… туды, туды, брат…
Будуй яе… ты дай ёй выгляд…
На новы лад, каб жыць нанова…
Ня кідай іх… Га-а-х! І гатова!
Ні слоў жывых, ні сэрца стуку…
І халадзеючую руку
Антось цалуе і рыдае
І к трупу з енкам[58] прыпадае.



  1. Лепш — цэлыя.
  2. Мае рознае значаньне: тут ужыта ў значаньні меры, вучастка лугу.
  3. На вайне — астатні бой штыкамі.
  4. Дробная травы, сена.
  5. Вялікія будынкі, тут — вялікія копы.
  6. Від віна; п‘ецца з гарбатай.
  7. Полён. — лятункам, лятуценьням.
  8. З ням. — ручаі поту.
  9. У некаторых мясцовасьцях ужываецца яшчэ — смок, радуга.
  10. Копы жыта, дзясяткі.
  11. Сьмешныя.
  12. Полён. — шагам.
  13. Ужываецца больш — пяе, запяе.
  14. Адносна.
  15. З польскага — „венджанае“, вужанае, копчанае мяса.
  16. Чалавек з абадранаю адзежаю.
  17. Грунт, ральля.
  18. Люльку.
  19. Полён. — заўсёды.
  20. Пашчасьціць.
  21. Зайцамі на чыгунцы называюцца людзі, якія едуць бяз білета.
  22. Хібы, памылкі.
  23. Старабаўг. — сярод;
  24. Куртка.
  25. Падземная дарога.
  26. Квашаніна.
  27. Ужываецца больш — у думках.
  28. Русіц. — знарок.
  29. Пакрытых палітураю, блішчатаю масаю, выгладжаных.
  30. Русіц. — дзежкі.
  31. Русіц. — маркотна.
  32. Ходнікі на бакох вуліц.
  33. Надзьмутыя.
  34. Русіц. — працаўнік.
  35. Полён. — шагу.
  36. Какардай.
  37. слуп, аслупець і г. д. — фонэтычна заходняславянізм. Паходзіць ад праслав. - стълб(п)ъ. Прасл. *ъл+зычны — у беларускай мове даюць — оў, напр. — доўгі, коўтаць і г. д. Тады данае слова пабеларуску правільна мусіць быць — стоўб(п). Так у многіх мясцовасьцях і ўжываецца; маем мястэчка — Стоўпцы. Тады — стоўп, стаўпа…
  38. Пляшкі, што носяць жаўнеры дзеля вады; тут — галавы.
  39. Род сеткі.
  40. Спарахнела.
  41. Гомане.
  42. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  43. Польскае — дзясятку, дзесяць капеек.
  44. Гледзячы.
  45. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  46. Вялікім пакоі.
  47. Бяз шыйкі.
  48. Ням. — праўдзівае, добрае.
  49. Дзеравяныя.
  50. Рус. — лобе.
  51. Полён. — шагам.
  52. У беларусаў прынята — вураднік.
  53. Адносна.
  54. Прасторная доўгая адзежына.
  55. Тут — быстры цёк вады; ёсьць стрыжэнь у скуле, яшчэ стрыжэнь — сярэдзіна дзерава.
  56. Парадак, упраўленьне.
  57. Полён. — ральлю, барозны.
  58. енк — фактычна, польскае — jęk; немагчымае ў беларускай мове, якая юсаў (насовак) ня мае. Мела-б быць — юк, як… У беларускай мове амаль з тым-жа значэньнем ужываецца — стогн, але з адценкам — жалобны стогн (Насовіч). Енк, аднак, вельмі папулярнае ў народзе, як нападабляючае гукі.