Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/«Сымон Музыка»

Покліч „Сымон Музыка“
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
„Новая зямля“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сымон-музыка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сымон-Музыка“.

Кароткі зьмест: у вясковай хаце нарадзіўся хлапец — Сымон. Ён быў непадобны да другіх. Складаў песенькі, прыслухоўваўся да музыкі ў прыродзе. Хлопчык быў загнаны ў бацькоў і суседзяў. Бацькі ня ведалі, што рабіць з хлапцом. Пасучы скаціну, Сымон пытаўся ў дзеда аб рэчах, яму толькі аднаму зразумелых: ці чуе зямля боль, чаму ня роўныя дзеравы ў лесе? Граньне дудароў напоўніла Сымонку жывым агнём. Дзед пазнаў талент у хлапцу, падарыў яму дудку, а, ўміраючы, і скрыпку. За ігрою Сымон часта не даглядаў авечак.

Адзін раз на авечак напалі ваўкі. Бацькі прагналі Сымона з дому. Сымон пачаў блукацца па сьвеце, і толькі скрыпка яго цешыла. Ён садзіўся дзе-небудзь у лесе, ці полі — і граў. Яго ігру пачуў сьляпы жабрак і ўзяў яго з сабою. Але яны адзін аднаго не разумелі.

Адзін раз, зайшоўшы з дзедам у хату, Сымон пабачыў дзяўчынку — Ганну; яны зусім зразумелі адзін аднаго. З гэтага часу яны ўжо адзін аб адным не забываліся.

Сымону дадзела хадзіць з дзедам, які яго не разумеў і выкарыстоўваў. Па нагавору жыда Шлёмы ён застаўся ў карчме іграць. Але й тут ня мог усядзець. Затое ў карчме ад парабка Яхіма Сымон пазнаў многа рэчаў аб жыцьці, аб людзкой няроўнасьці, аб патрэбе змагацца.

Сымон уцякае з карчмы, забіраецца ў лес і адводзіць па звычаю сваю душу ў ігры. Ігру гэтую пачуў князь, які быў на паляваньні, і рашыў забраць яго ў двор. У двары Сымон ня мог надзівіцца ўсяму, што бачыў. Ён аб гэтым і ў сьне ня сьніў. Але разам з тым ён пачаў разважаць аб прычыне такое няроўнасьці. Вучыцелем у гэтым стаўся паляўнічы Даніла, у хату якога Сымон перабраўся. Разам з тым у яго расла туга па Ганьне і па прастору. Сымон, па звычаю свайму, выліў гэта ў музыцы, на гэты раз на балі ў князя. Калі паны не зразумелі яго, ён даў характэрнае паясьненьне. Сымон хацеў вучыцца па нотах, або хоць чытаць, але пан Галыга, музыка князя, які зразу зацікавіў Сымона ігрой на роялі, адмовіў яму, сказаўшы, што для яго лепей застацца сьляпым. Сымон урэшце ўцякае і скіроўваецца, вядома-ж, да дому Ганны.

Ганна ўвесь час думала аб Сымону. Але ў яе ўлюбіўся сусед Дамянік. Ня маючы ўзаемнасьці, ён падсьцярог Ганну ў лесе і кінуўся да яе. Ад гэтага Ганна цяжка захварэла і сталася няпрытомнаю. Калі Сымон прыйшоў да яе дому, ніхто не спадзяваўся, што што-небудзь будзе з яе. Аднак пад чароўную музыку Сымона і пад яго голас яна паступова пачала прыходзіць да жыцьця.

На тым і канчаецца поэма, цікавая ня толькі агульным зьместам, а галоўнае — апісаньнем дзіўнае ігры ў розных мясцох, глыбокім разуменьнем душы мастака-музыкі, пераданьнем дробных адценкаў яго перажываньняў, проста нязвычайных і так пяшчотных для сына вёскі. Апісаньне прыроды краю і тут у Коласа нашло годнае месца ў роўнай-жа меры, як і сьведамасьць, што прычынай марнаваньня таленту, годнага лепшага лёсу, было прыніжанае палажэньне селяніна.


Беларускай моладзі.

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,

Ад сьветлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыцьцё
І злучана быцьцё і нябыцьцё, —
Зьбіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеньнем мне сьпяваў.
І выхаду шукаў
Адбітак родных зьяў

У словах-вобразах, у песьнях вольна-плынных.
І гэты скарб, пазычаны, адбіты,
У сэрцы перажыты
І росамі абмыты

Дзяньніц[1] маіх, дзяньніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар,
Дае пясьняр.


Сымонка.

Ня прыхільны, як сіротка,
Ня прыласканы нікім,
Ведаў хлопчык, як салодка
Жыць вось так, сабой самым.
На Сымонку даўно ў хаце
Ўсе махнулі ўжо рукой.
Не радзіцца-б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой
У куточках, дзе спрадвеку
Беднасьць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У зьнявазе чорнай, зьдзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,[2]
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы моцныя, рука,
Дзе рот лішні на прымеце
І так топчацца сямсёй,
Лепш-бы там ня жыць на сьвеце
Дзеткам з чуткаю душой!
І Сымонка чуў і бачыў,
Як крыўляліся дзядзькі,
Ведаў, што ў сям’і ён значыў;
Нават родныя бацькі
Папракалі[3] сына хлебам
Пры абедзе за сталом.
Ён — завала, ён — нязгрэба,
Ён радзіўся гультаём!
Горка стане бедачыне,
Ня прыхіліцца нідзе,
Тады толькі жаль астыне,
Як пажаліцца дудзе.
На прывольлі, сеўшы ў полі,
Сумна стане хлопчык граць;
Льлюцца, таюць зыкі болю,
Аж калоцяцца, дрыжаць,
Ды заплачуць, затрасуцца,
Капнуць дробнымі сьлязьмі,
То ў гару яны памкнуцца,
То зноў нікнуць на зямлі
І жалобна заміраюць
Немай жальбаю глушы,[4]
То зноў ціха зачынаюць
Гоман сэрца і душы.
— Ось, глядзеце, здольна грае,
Як дудар той запраўскі![5]
Так, галубкі, выцінае,
Што рве сэрца на кускі, —
Смутак жнеек тых апране,
Разагнуцца і стаяць,
Як Сымон на дудцы стане
Жальбу сэрца выяўляць, —
Так-жа грае ён прыгожа, —
Серп застыне ў іх руках
І павісьне жменька збожжа
На разогнутых плячах.[6]
Але дудка замірае,
Як-бы той дзявочы ўздых,
І паволі заціхае
У прасторах дзесь пустых.


Ганка.

Дык-то Ганна! Ну й дзяўчынка!
І прыўдалая-ж яна!
Станік тонкі, бы націнка,
Тварык — ветлая вясна.
А як гляне, вочкі ўскіне,
Усьміхнецца — ясны дзень!
Хоць якая злосьць астыне,
Раптам згоніць з твару цень.
— Ну, частуй музыку, Ганя!
Застыдзілася яна,
Як цьвет маку, ўся дазваньня
Шчочка стала чырвана.
Але вочкі ускідае
На Сымонку ды ізноў
Іх саромліва спускае
І ніяк ня знойдзе слоў
Папрасіць яго, як трэба.
І Сымонка сам ня свой:
З сырам сыр есьць замест хлеба,
Трэ‘ галушачкі рукой,
Ніжай гне свой стан сірочы,
Рук ня знае, дзе падзець
І ня сьмее ёй у вочы
Сьмела, проста паглядзець.
Дзед тымчасам, твар жагнае,
Вочы ўзьняўшы к абразом,
І прад імі высляўляе
Ён прыветны гэты дом.


Родны край.

О край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары — лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цьвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Ад’значаюць гожа пуць?!
Гэй, адвечныя курганы,
Сьведкі прошласьці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, ня скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!
Вы пуцінаю няроўнай
Бяжыцё ў далячыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад сьветлую Дзьвіну.
Край мой родны! дзе-ж у сьвеце
Край другі такі знайсьці,
Дзе-б магла так поруч з сьмецьцем
Гожасьць пышная ўзрасьці?
Дзе-бы вобруку з галечай
Расквятнеў[7] багацтва цуд[8]
І дзе-б з долі чалавечай
Нясьмяяліся, як тут?…
Скрозь вяночкі дрэў вясёла
Над мястэчкам ці сялом
Цэрквы, стромкія касьцёлы
Вежы ўзносяць к небясом.
А званіцы перад сьвятам
У касьцёл, царкву завуць,
Каб прад богам і прад братам
Віны ўсе свае пачуць.
Родны край! у божа імя
Ў чэсьць касьцёлаў і царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Многа легла камянёў;
Многа вышла трасяніны —
Меч, агонь зьнішчалі край:
З двух бакоў „айцы“ дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Зрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрца кінута была.
І цяпер над намі, брацьця,
Яшчэ ў сіле той раздор —
І папоўскае закляцьце
І ксяндзоўскі нагавор.
Брацьця мае, беларусы!
У тэй кнізе людзкіх спраў
Сам лёс, мусіць, для спакусы
Гэты край нам ад’значаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесьці на зьдзек,
Каб у віры тэй ашукі
Зьнішчыць нашы ўсе сьляды,
Каб ня ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
І лілася кроў нявінна —
Швэд набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасьці тварыў,
Будаваў астрог народу
І барбарскім[9] капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.
І бяз жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
І збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
..............
..............


У полі.

Поле шырокае, роднае поле
І збожайка шаты,[10]
Прастор многадумны,
Разумны!

Хай-жа спаткае нас шчырая воля,
Асьветліць і хаты
І гумны.

Я — выгнаны сын ваш, так: я — бадзяга,
Бяз ласкі, бяз долі;
Я — колас бяз нівы
Маўклівы.

Хай-жа адна нас атуліць сярмяга —
Той вецер у полі
Шумлівы.

Эх, лес цёмнакудры, мілы мой лесе,
Удумныя дрэвы,[11]
Зялёныя шаты,
Мой брат ты!

Там лісьцейка дуба высака ўверсе
Выконвае сьпевы
Заўзята.

Там весела-вольна, ціш[12] там лунае…
Краіна другая,
І фальшы няма там.
Як з братам,

Гутарыць краска з табою лясная
І ты, дарагая,
Была там.

Сонейка ты маё, радасьць мая ты!
Дзе ты цяпер? дзе ты?
Ты дух мой будзіла,
Жывіла…

Не: ня міну, ня міну твае хаты,
Хоць можа мяне ты
Забыла.[13]

А тут… павуцьцё пана-магната,[14]
Панурыя сьцены,
І валы — акопы
Затопы.

Многа ахвяр тут, эх, як багата!
Ламалі рамены
Тут хлопы.

Ткаў прагавіты павук свае сеці,
І вязьлі ў іх мухі
І мошкі малыя,
Сьляпыя.

А ёсьць праўда, ёсьць яна ў сьвеце,
Ёсьць страшныя рухі
Жывыя!

Пад гукі музыкі.

А яна пад той шумок
Сьпіць салодка… Дзень вітае,
Цьма расходзіцца густая,
Радасьць суліць ім дзянёк.
Сьпіць Гануся ціха — роўна,
Ружавеюць яе шчочкі;
Нікнуць з твару цені ночкі,
А ён цешыцца бясслоўна.
Вось з-за лесу ўстала сонца,
Рассыпае касьнікі,
Залатыя ручнікі,
І цалуе праз ваконца
Зьбітых кудзер валаконцы,
Жылкі сінія рукі.
І ў адказ на тое зьзяньне
Сьмех ёй вусны асьвятліў —
То — яе душы сьвітаньне —
Сілы сьвежае прыліў.



  1. Раньніх зораў; тутака — замест дзён.
  2. Праца грамадой, тут у сэнсе — натаўп.
  3. Русіц. — упікалі.
  4. Лепш — глушыні.
  5. Русіц. — запраўдны; удалы.
  6. Правільна — плячох.
  7. Пол. — расцьвіў.
  8. цуд, цудны і інш. — заходняславянізм, полёнізм. Паходзіць ад праславянскага — *tjud. — Так славяне называлі суседні, усходні ад сябе народ, найхутчэй фінаў (У велікарусаў — „чюдь белоглазая“). Адсюль утворана — а) штюдь (старабаўгарскае — вялікан, асілак); б) чуда (у палякоў — cud); в) чужы, чюдь (фінскае плямя). Цяпер у беларускай мове маем, апроч слоў ад караня — чуж —: чудны, чудзіць, чудак… Тады правільна — чуда. Ужываецца яшчэ — дзіва.
  9. Грубым.
  10. Багатыя вопраткі.
  11. Пол. — дзерава.
  12. Лепш — цішыня.
  13. Лепш — забылася.
  14. Лац. — вялікі пан.