Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Якуб Колас/Песьні жальбы/Хлебароб

Вясна Хлебароб
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
Плытнікі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рольнік (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хлебароб.

Цёплы вечар. Ціха ўсюды;
На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
Тонкім валаконцам.

Зьяюць хмаркі ў пазалоце,
Як агнём палаюць.
За гарою ціха-ціха
Песьні заміраюць.

Хлебароб, мужык вясковы —
Вось па межах ходзіць;
Выйшаў ў поле, каб пабачыць
Як Бог жыта родзіць.

Твар сур‘ёзны хлебароба,
Важны, задумённы;
Ходзіць, рукі залажыўшы
За паяс раменны;

Як-бы градкі, йдуць радамі
Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
Кажушок зялёны.

Густа жыта маладое
Поле ўсё пакрыла,
Расьце добра і прыгожа,
Ажно глянуць міла.

Каласочак раскрывае
Клетачку зялёну;
Дзе-ня-дзе яго ўжо вусік
Блісьне па загону.

Хлебароб глядзіць з уцехай,
Ходзіць ў Божым дару…
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзіць
Пры сьвятым аўтару.