Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/II/Б/Янка Купала/З драматычных твораў/Паўлінка

На папасе Паўлінка
Камэдыя
Аўтар: Янка Купала
1927 год
Якуб Колас
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўлінка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўлінка[1].

Сцэны з шляхоцкага жыцьця ў двох актах.

АСОБЫ:

Сьцяпан Крыніцкі — засьцянковы шляхціч, 45 г.
Альжбета — яго жонка, 40 г.
Паўлінка — дачка Крыніцкіх, 19 г.
Пранцісь Пустарэвіч — сваяк Крыніцкіх, 50 г.
Агата — яго жонка, 43 г.
Якім Сарока — вучыцель, 25 г.
Адольф Быкоўскі, 24 г.
Госьці — Музыкі.
Рэч адбываецца ў хаце Крыніцкіх.


АКТ ПЕРШЫ.

Зьява 1-я.

Паўлінка [Адна. Сяцзіць на ложку і шые крамны каптанік. Пяе песьню „Ой пайду я лугам, лугам“. Пасьля, перастаўшы пяяць, разважае]:

Э-э! Штось не пяецца сягоньня. Неяк сэрцайка трасецца, як-бы хто яго зьнеўціку[2] перапужаў. А мо’ гэта песьня вінавата? Даліпантачкі, аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсьці. А ну, на шчасьце зачну другую. Якую-ж бы тут? Ага: [Пяе]:

Дый чаго-ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?

[Пяючы падходзе к вакну і паглядае, пасьля ізноў садзіцца]. А ўсё-такі нешта ня цікава на сэрцы! І чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есьць, дзякаваць Богу, хватае; часам татка дае грошы і на сукенк… Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як-жа маркотненька! Прост, хоць зьбірай манаткі, ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз ня будзе як шыць, а трэба сягоньня канешне кончыць. Заўтра Пакровы… У Міхалішках кірмаш… Эх, эх! каб хаця той прышоў, каго так хочацца сягоньня пабачыць. [Садзіцца пры вакне і пачынае ізноў, шыючы, пець: „Ой ляцелі гусі“…].

[І далей разважае, чакаючы Якіма. У другой зьяве зьяўляецца Якім. Уся гэтая зьява паказвае, што Паўлінка і Якім сільна закаханыя адно ў адным. У III зьве Паўлінка астаецца адна, лашчачы фатаграфічную картку Якіма].

Зьява IV-я.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

Сьцяпан [п’янаваты, уваходзіць з Альжбетай з сенцаў і прыпявае]:

Дзе мы едзем, дзе мы йдзём,
Карчмы ня мінаем;
Дзе заедзем, дзе зайдзём, —
Там і пагуляем.

Альжбета [кладучы пакупкі на куфар, да Сьцяпана]: Не сьмяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць.

Сьцяпан. Маўчы, баба… Ты, каханенькая-родненькая, нічога не разьбіраеш. Валасы доўгія, а розум кароткі. [Прыпявае]:

Ой, там на гарэ
Мужык жонкай арэ,
А другая падбягае:
„Запражы-ж ты мяне“…
...........

Паўлінка. Тата! Ды кіньце ўжо… Ось, лепей разьдзявайцеся, ды можа чаго зьясьцё.

Сьцяпан. А можа гэта і добра, каханенькая-родненькая… Каб так кіслай ды гарачай капусты… [скідае апратку і кладзе на куфар].

Скіну бурку, скіну боты,
Ды надзену лапці;
Кожны дурань, ці разумны —
Пан у сваёй хаце.

Паўлінка. [Садзіцца за стол, кінуўшы шыцьцё на ложак, да Альжбеты]: Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу чаго вам зьесьці. [Выходзіць]

Зьява V-ая.

Сьцяпан — Альжбета

Альжбета [дастаючы настольнік з куфра]. З кім ты гэтак намурзаўся?

Сьцяпан [закурваючы люльку]. Я і з тым, я з сім, а ты, каханенькая-родненькая, згадай з кім.

Альжбета. А немач цябе ведае, з кім.

Сьцяпан. Ці-ж я не казаў, што ў цябе тут [торкаючы сабе пальцам у лоб] ня ўсе дома? Але слухай: 3 зяцем.

Альжбета [зьдзівіўшыся]. З зяцем?..

Сьцяпан. Так, так, каханенькая-родненькая. Хто з сватам, хто з свацьцяй, а як Сьцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.

Альжбета [накрываючы стол]. Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзе[3]. Калі-ж ты ўсьпеў яго нажыць… Дачка яшчэ замуж ня вышла, а бацька ўжо зяця мае.

Сьцяпан. Калі ня маю цяпер, дык буду мець у чацьвер…

Альжбета [садзіцца]. Так-бы і казаў адразу. А хто-ж гэта такі?

Сьцяпан. Адольф Быкоўскі.

Альжбета. Э-э. Я думала, хто там… Ажно нічога людзкага. Толькі езьдзе ды нюхае, якая дзяўчына пасагу больш мае, а сам — дык голы, як бізун.

Сьцяпан. Пасаг нюхае, бо нос мае. Але ўсё-такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны. Ён сам мне, каханенькая-родненькая, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто разоў лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. За аднаго каня толькі, казаў, заплаціў сёлета тры сотні. „На гэтым-жа кані, — кажа, — заўтра к васпанству[4] заедуся з кірмашу“. [Мацаецца па кішэнях сам сабе]. Ты, баба, ня бачыла кніжкі, што я купіў сягоньня? Дзе яна прапала?

Альжбета. А што я — пастушка над тваімі кніжкамі? Прапіў можа з гэтым сваім зяцем.

Сьцяпан [ідзе к куфру, находзіць у бурцы кніжку і кладзе яе за абраз, дзе Паўлінка палажыла фотографію]. Каханенькая-родненькая, ня думай, што я якую дрэнь выбраў сабе на зяця. Заўтра ён прыедзе, паглядзіш, дык адразу што другое запяеш. Адным словам, хлапец шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасьцяй і ўсё такое…

Зьява VI-я.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

Паўлінка [уваходзячы з міскай, з лыжкамі і з хлебам пад пахай]. Аб кім гэта татка гаворыце, што мае ўсякую далікатнасьць і ўсё такое? [Ставіць яду на стол і садзіцца за шыцьцё].

Сьцяпан [ядучы]. Вельмі васпанна цікавая. Скора састарышся, каханенькая-родненькая, як усё будзеш ведаць.

Паўлінка [просячы]. Скажэце, скажэце, татачка.

Сьцяпан. Ага, ні села, ні пала, захацела баба сала. Калі ўжо табе, каханенькая-родненькая, так хочацца, дык скажу. [З павагай]. Знакам тым, гэты паніч з далікатнасьцяй і з усякім такім — мой зяць.

Паўлінка [пырснуўшы сьмехам]. Зяць…

Сьцяпан. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.

Паўлінка. А як-жа годнасьць гэтага… гэтага, ну, як яго… што некалі татавым зяцем зробіцца?

Альжбета. Ды гэты-ж, гэты… Ты пэўне яго бачыла некалі… Адольф Быкоўшчык.

Сьцяпан. Але, але. Пан Адольф Быкоўскі.

[Паўлінка жартуе з бацькавай гутаркі, добра разумеючы, што яна толькі адна дачка ў яго, і кажа бацьку, што хіба сам ён з ім ажэніцца, каб перарабіць яго з простага чалавека на свайго зяця].

Сьцяпан. А ты што? Зломак?

Паўлінка. Зломак — ня зломак, але і за ламаку не пайду.

Сьцяпан. А дзяга на што?

Паўлінка. На ўсё, толькі не на паганяку к замуству.

Сьцяпан. Каханенькая- родненькая, яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.

Альжбета [ядучы, да Сьцяпана]. Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.

Паўлінка. Татка ведаеш не сягоньня, за каго я толькі пайду, або за нікога.

Сьцяпан [зьмяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол]. Што?.. За каго?..

Паўлінка [устаючы і ідучы к ложку]. За каго? — За Якіма.

Сьцяпан [стукаючы кулаком па стале]. Маўчы, гадаўка. Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і званьня ня было ў маёй хаце, каб яго імені я ня чуў ніколі… гэтага недавярка[5], гэтага… гэтага забастоўшчыка. Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая-родченькая.

Паўлінка (з дасадай). Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і ня робіць.

Сьцяпан [закурваючы са злосьцю люльку]. А чорт яго бяры, ня тут успамінаючы, — рабіў, ці не рабіў. Знаць і ведаць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.

Альжбета. Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала.

Паўлінка [кінуўшы на ложак шыцьцё і ідучы к сталу]. А даўно гэта татка сам з ім цалаваўся?

Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, ня лезь у вочы. А не, то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю. [Паўлінка ідзе з міскай к дзьверам; неўспадзеўкі дзьверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п’яны Пранцісь Пустарэвіч, за ім — яго жонка. Пранцісь наўмысьле выбівае міску ў Паўлінкі].

Паўлінка. Ай? Што-ж гэта дзядзька зрабілі?..

Зьява VII-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

Пранцісь. Глупства, глупства, пане добрудзею. Пахвалёны Езус! Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да[6].

Сьцяпан і Альжбета. Навекі…

Альжбета. А мае-ж вы родненькія! Ці-ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца-ж, раней за нас выехалі?

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане добрудзею.

Агата. Тудэма-сюдэма, ці-ж гэты мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў? Ён-жа, як рызьнік[7], то туды, то сюды блытаецца па дарозе.

Пранцісь. Пане добрудзею, тваё бабскае дзела — маўчаць. Я, собственно, вось-цо-да, спрытны, — тонка панімаю[8], што і як раблю.

Альжбета. Ды садзецеся-ж, мае міленькія!

Агата. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца? Ноч на двары, кабыла за плотам, поўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, ня вытрываў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. [Садзіцца, а за ёю й другія].

Сьцяпан. Э, што там такое! Высьпімся! Дзякуй Богу, ночка не Пятровая, а Пакровая.

Паўлінка [падбіраючы чарапкі]. Заўтра госьці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзьве адкупіў.

Пранцісь. Глупства, пане добрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып’ем па місцы. [Дастае з баковай кішані пляшку, пацягвае з яе і хавае назад].

Альжбета [сьмяючыся]. А каб гэта нам, сваток, даў гэтай сусолкі пассаць. Ці ж мы з свацьцяй паскрэбні?..

Паўлінка [выходзячы з чарапкамі]. Ого! Гэтых сьвянцоных[9] кропель дзядзька і канаючаму ня даў-бы, ня то што… [Выходзіць].

Зьява VIII-ая.

[Праходзіць пры дзеяньні тых самых асобаў толькі без Паўлінкі, аб якой, нарэшце, ідзе паміж старымі гутарка. Бацька яе [Сьцяпан] жаліцца]:

„А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым… з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі…

Пранцісь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ня шкодзіла-б, пане добрудзею.

Альжбета. Дужа трудна паладзіць з цяперашняй моладзьдзю. Пашло такое распуства на сьвеце, што ня дай Божа! Заместа кніжак да набажэнства чытаюць нейкія дрындушкі… [Гэтак кажа Паўлінчына маці аб кніжках, якія дае ёй чытаць настаўнік Якім Сарока].

[У IX зьяве, уваходзіць Паўлінка і, пасьля некалькіх словаў да свае маці, гутарыць з Агатай. Альжбета вышла].

Зьява Х-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Пранцісь — Агата.

Сьцяпан. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага… як ён… а каб цябе… [Да Паўлінкі]. Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоньня падмазваў?

Паўлінка. А скуль-жа я магу ведаць, хто татку мазаў?

Сьцяпан. Ну, гэты-ж?.. каб ён цяміўся… як яго… зяць! зяць!

Паўлінка. [прыпамінаючы]. Як-жа ён, як? Здаецца, Бык… Бычок…

Сьцяпан. Ага, ён, ён. Не, ня так! Быкоўскі, каханенькая-родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. [Да Пранціся]. Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца к маей Паўлінцы. Што ты на гэта?

Пранцісь [дастаючы гарэлкі]. Глупства, глупства, пане добрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, і больш нічога. [П’ець і дае гарэлкі Сьцяпану].

Сьцяпан (выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваей загляньце да нас. А ну-ж, каханенькі-родненькі, можа які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі…

[Зьява канчаецца на тым, што абодва яны выходзяць, хістаючыся ад п’янасьці, каб паглядзець, ці Пранцісёў конь добра прывязаны. Напяваюць пры гэтым]:

Чаму-ж нам ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў нашых хатачках
Парадак ідзець?

Зьява XI-ая

Паўлінка — Агата.

Паўлінка. Але-ж калі я яго люблю, цётачка.

Агата. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго: але, калі бацька ня хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроць волі старых пойдзеш ?

[Яны гутараць аб настаўніку Сароцы даволі доўга. Агата згаджаецца, што чула аб яго розуме. Зьява гэтая канчаецца даволі характэрна]:

Агата. А ўсё-ж такі скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?

Паўлінка. Бо… бо Якім з мужыкоў.

[Зьява ХІІ-ая. Вяртаюцца ў хату Сьцяпан і Пранцісь, даведаўшыся, што Пранцісёва кабыла ўцякла дамоў. Праз гэта ў яго з жонкаю адбываецца сцэна сваркі. Зьява ХІІІ-ая. Убягае Альжбета, пытаючыся, што тут зрабілася. Усе рашаюць, што Пранцісевы павінны зараз-жа скіравацца дамоў — шукаць кобылы з возам].

Зьява XIV-ая.

Паўлінка — Сьцяпан.

Сьцяпан. Ох, і даюцца-ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзьве дзюркі ў носе, і скончылося,[10] — ўжо забыўся.

Паўлінка. А даўно гэта таткаў Гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатой прытрапаў?

Сьцяпан. Што было, тое сплыло і болей, каханенькая-родненькая, ня будзе, як кажуць людзі.

Паўлінка. Паглядзім. Заўтра кірмаш.

Сьцяпан. Ня бойся, каханенькая-родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоньня гаварыў.

Паўлінка. Што ён — конь, ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?

Сьцяпан. Ня конь і ня вол, а так сабе дойная жывёліна.

Паўлінка. Дык татка яго й дойце, калі ён для вас такі дойны.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Сьцяпан. Нічагутанькі, каханенькая-родненькая. Надумаешся ваша, як пакармлю бярозаваю кашай. Вось толькі, каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісьці.

Паўлінка. Ліха ня возьме! Гэткі цукар не размокне.

Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, як скажу, так і будзе; дзьве дзюркі ў носе, і скончылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоньня календар — нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым другім. Значыцца, паглядзім праўды. [Ідзе і дастае з-за абраза календар, адкуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не ўсьпявае].

Сьцяпан [падымаючы фатаграфію]. А гэта што такое?

Паўлінка [хочучы адабраць]. Гэта маё. Аддайце мне, тата!

Сьцяпан. Я пытаюся — хто гэта?

Паўлінка. Ці-ж тата ня бачыце?

Сьцяпан [са злоснай насьмешкай]. Ха-ха-ха! Якім… Хай-жа ён прападзе саўсім. [Хоча рваць, Паўлінка адбірае].

Паўлінка [праз сьлёзы]. Аддайце, татачка, аддайце, ня рвеце! Ня зьдзеквайцеся над ім!

Сьцяпан [адпіхнуўшы ад сябе Паўлінку]. Адчапіся ад мяне, гіцлёўка[11]. Я вам тут наразводжу шашняў… [Стукат у сенцах. Уваходзяць: Пранцісь, Агата, а за імі — Альжбета. Паўлінка стаіць, патупіўшыся, глытаючы сьлёзы, і скубець пальцамі хвартух].

Зьява XV-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь — Агата.

Пранцісь. Глупства, пане добрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, ня дзе падзенецца.

Агата [дражнячы]. Вось-цо-да! вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкаю, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і сьлядоў прыглядаліся.

Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць нашлася. (Да Сьцяпана). Што ты там круціш у руках?

Сьцяпан [тыкаючы фатаграфіяй у твар Альжбеце]. На-на, любуйся, якія прэзэнты[12] атрымлівае[13] твая дачушка

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

[Пранцісь радзіць зрабіць над партрэтам Якіма Сарокі: „суд правы і скоры“].

Паўлінка [падходзячы да маці, ласкава]. Мамачка, адбярэце яе[14] ў таткі.

Альжбета. Што я з ім, дзеткі зраблю? Яшчэ біцца будзе.

Сьцяпан [да Пранціся] А добра, сватка, кажаш, зробім суд перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?

Пранцісь. А такі, пане добрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясьці. Собственно, інквізытарскі[15] суд зрабіць — папалавіне — шась! і гатова, вось-цо-да.

Паўлінка [кідаючыся к Сьцяпану і цалуючы яму рукі, праз сьлёзы]. Татачка, аддайце. Ня зьдзекуйцеся над ім!.. Ён-жа вам нічога благога не зрабіў.

Сьцяпан [са злосьцю]. Спаць пашла, калі гэткага нашла! Спаць! [Рве фатаграфію].

Паўлінка [з плачам апускаючыся на лаву]. Татка згубіць мяне хочаце… гвалтам з хаты выгнаць!

Пранцісь [дастаючы пляжку]. А цяпер, собственно, вып’ем хаўтурнага, вось-цо-да. [П’е].

Паўлінка [ўсхапіўшыся з лавы, кідаецца к Пранцісю]. Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, каторага і падноскаў ня варт! [Вырываючы і разьбіваючы аб зямлю пляжку]. Вось-цо-да!

Пранцісь [разьвесіўшы рукі, зьдзіўлены, як і ўсе]. О-о-о!!

Заслона.

Канец першага акту.

АКТ ДРУГІ.

Тая-ж самая, што ў першым акце, сьвятліца. За сталом сядзяць: Сьцяпан, Альжбета і госьці — тры хлапцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанкі — з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусваюць. Дзяцюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі хлеба. З левага боку [гледзячы ад публікі пры сьцяне ад бакоўкі — сядзяць два музыкі і зводзяць струмэнты, сьціха перагаварваюца між сабою. Ля дзьвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся пасьвяточнаму, увіхаецца каля гасьцей. Трохі ў твары зьмяніўшыся; час-ад-часу ўздыхае і ня-ў-знак паглядае ў вакно; стараецца з усімі быць вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона — Паўлінка нясе гарбату.

Зьява І-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета — госьці — музыкі.

Паўлінка [стаўляючы гарбату перад Сьцяпанам]. Што-ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці ня зьнюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака ?

Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, не бядуй. Ня будзе Гіршы, будзе чорт іншы.

Паўлінка. [насьмешліва]. Мала што будзе… Але-ж, калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць к гэтаму Бык… Бычку… Ах, як яго?…

Сьцяпан [з націскам]. Быкоўскаму.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

[Паўлінка частуе часьцей гарбатаю, тыя дзякуюць, перакідаючыся лёгкаю гутаркай, нарэшце адзін з гасьцей заводзіць гутарку аб Якіму Сароцы].

Адзін з гасьцей. Штось сягоньня на кірмашы Якіма Сарокі ня было. А то, бывала, такім франтам пахаджвае, што куды мяне не вядзеш, пусьці мяне к чорту.

Паўлінка [стаўляючы гарбату]. А пану Банадысю зайздрасьць, што так прыдзецца не патрапіш, хоць мо’ і маеш за што?

Госьць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.

Паўлінка [садзячыся на ложку]. І працэньцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.

Госьць [самадавольна]. Хе-хе-хе! А паньне Паўлінцы злосьць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму егамосьці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў?

Паўлінка. Вельмі-ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасьць паехаць на вучыцельскія курсы. Цяпер нічые ласкі не патрабуе.

Адна з госьцяў. Пэўне, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.

Сьцяпан [прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы]. Каханенькія-родненькія, кіньце аб гэтым сьвінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманеце аб ім, ці не гаманеце — ўсё роўна нічога ня выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.

Паўлінка [неспакойна]. Якую дарогу?

Сьцяпан. А ты, каханенькая-родненькая, ня слухай, вушы разьвесіўшы, ды лепей гасьцей глядзі. Дзьве дзюркі ў носе, і скончылося. [Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падходзіць браць шклянкі, але ўсе адмаўляюцца].

[Госьці ўстаюць з-за стала, дзякуючы гаспадару і гаспадыні. Паўлінка частуе гарбатаю музыкаў. Гаспадар перапрашае, што няма гарэлкі, дый ідзе да дзьвярэй, пачуўшы, што яшчэ нехта новы прыбывае].

Зьява II-а.

Тыя самыя і Адольф Быкоўскі.

Сьцяпан [спатыкаючы Адольфа ў дзьверах]. А-а! Нарэшце зьявіўся дарагі госьцік. Што-ж гэта, каханенькі- родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?[16]

Адольф [вешаючы пальто на сьцяне каля парога]. Пахвалёны ў хату!

Колькі галасоў. Навекі! навекі!

Адольф [вітаючыся з Сьцяпанам]. Выбачайце, што трохі прыпазьніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, і мяне выкінуў і воз зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.

Адзін з музыкаў [у бок да другога]. Каб ён толькі дыхаў! Які яго чорт нёс? Прыстаў конь, ды ўсё тут.

Другі музыка. Няўжо-ж што? У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.

Сьцяпан [да Адольфа]. Проша-ж, проша[17] далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.

Адольф. Дзякую, дзякую вашэці. Проша са мной клопату не рабіць. [Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і ня згінаючыся].

Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол. Можа вып’еце гарбаты і чаго закусіце? [Да Паўлінкі]. Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!

Адольф [сядаючы за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску]. А што-ж у васпанства добрага чуваць?

Сьцяпан [прысаджваючыся к сталу]. Ды што ў нас чуваць? Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.

Адольф [самадавольна]. Хе-хе-хе! старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.[18]

Альжбета [да Сьцяпана]. А ваша схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага?

Адольф. Ня турбуйцеся! Я яго добра прывязаў.

Сьцяпан. Каханенькі-родненькі, хоць і прывязаў, але сена пэўне ня даў. У нас так: госьць, як папала, а жывёліну — дык трэба добра даглядзець. [Выходзе].

Зьява III-ая.

Тыя самыя без Сьцяпана.

Паўлінка [стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзючыся аподаль]. Што ж гэта — пана Адольфа конь хацеў разьнясьці?

Адольф. Я як-жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх ня ўгоніш.

Паўлінка [хітравата]. Пэўне і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць ?

Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як удара гарачыня, дык яны чуць ня ўсе чыста круцяцца на адным месцы.

Паўлінка [ідучы па гарбату для сябе, у старану публікі]. Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут [паказваючы пальцам на сваю галаву] матылі мае, а думае, што яны зыгуюць[19].

Альжбета. Якія-ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?

Адольф. А нішто сабе. [Відам лгучы]. Жыта нажаў коп са дзьвесьце, аўса таксама — са дзьвесьце, ячменю з сотню.

Адзін з гасьцей. А колькі-ж у пана зямлі?

Адольф. Валокі з паўтары будзе.

Госьць. І лес ёсьць?

Адольф [абціраючы хустачкай лоб]. А як-жа — ёсьць: з паўвалокі, калі ня болей. Сасна ў сасонку.

Госьць. І сенажаць ёсьць?

Адольф. Ёсьць, ёсьць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог,[20] як шафран!

Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?

Адольф. Н-нуу, так! З добрую паўвалочку.

Альжбета. У нас ворнай зямлі мусіць і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.

Паўлінка [сеўшы з гарбатай пры стале]. Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.

Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым ня зблыша. У мяне жонка — і то будзе лепшая, як ува ўсіх.

Адзін з гасьцей. Каб толькі не ўдалася наравістая!

Паўлінка. Цікавасьць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?

Адольф. Гэта, пакуль што, сакрэт.

Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?

Адольф. Так. Але перш тату і маме, а пасьля ўжо і васпаньне на самае вушка.

Паўлінка [бяручы ў яго шклянку] Добра, добра! Пан Адольф, як ведаў, што я трохі глухавата.

Адольф. Глухавата!…

[Паўлінка, ідучы па гарбату, гаворыць у бок публікі: „Трэба шэршня за нос павадзіць“… і іншае. З боку гасьцей і Паўлінкі чуецца нейкі час востры жарт. Паўлінка частуе музыкаў і заяўляе, што яна хоча скакаць з панам Адольфам Лявоніху. На гэта чуе адказ]:

Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў ня гуляю!

Музыкі [да Паўлінкі]. Дзякуем! Ужо, як належыць, сабраліся; цяпер можам рэзнуць што-колечы для паненкі. [Садзяцца на свае месцы і зводзяць струмэнты].

Паўлінка [да Адольфа]. А якія-ж вы танцы гуляеце?

Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. [Вылазячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі]. Ну, што-ж? Можа мы з паненкай папробуем?

Паўлінка. Калі-ж я гэтых мудрых танцаў ня толькі што ня умею, але ніколі нават іх і ня бачыла.

Адольф. Ня бойцеся! Я на ўсе лады вывучу паненку скакаць. [Бярэ Паўлінку, як да танцу, да музыкаў]. Зайграйце нам гэрц-польку!

Музыка. Мы гэтага ня ўмеем.

Адольф. Ну, дык падзі-спаць!

Музыка. Першы раз чуем.

Адольф. А можа падзі-кварту знаеце?

Музыка. І гэта першы раз чуем.

Паўлінка [як-бы бядуючы]. А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не навучуся гэтых панскіх танцаў.

Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, васпанна толькі прыслухоўвайся, ды вырабляй нагамі так, як і я.

Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык. [Сьмех. Адольф іграе на язык і бяз толку выкручваецца з Паўлінкай].

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Зьява IV-ая.

Тыя самыя — Пранцісь — Агата — Сьцяпан.

Пранцісь [п’яны]. Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане добрудзею.

Колькі галасоў. Навекі! навекі!

Пранцісь [глянуўшы на Паўлінку і Адольфа]. А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку, ці ў сумашэдшым[21] доме?

Адзін з гасьцей. Гэта пан Быкоўскі абучае панну Паўлінку новамодных танцаў. [Пранцісь і Агата распранаюцца].

Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе сьвятога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!

Адольф [далей паказваючы Паўлінцы]. Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!

Паўлінка [вырываючыся]. Не, такі нічога ня выйдзе. Ня кемная я да навукі.

[Адольф гаворыць і тут глупства. Пранцісь, закурваючы люльку, жаліцца Сьцяпану, што кабыла заблудзіла, таму ён і спазьніўся крыху. Жонка [Агата] перабівае яго, бачучы ўсю бяду ў яго п’янстве. Пранцісь кажа ёй маўчаць, а пасьля, зьвяртаючыся да гасьцей, жартуе: „А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане добрудзею, пакуль казінец ня ўбіўся ў ногі“].

Паўлінка. А праўду дзядзька кажа. Будзема гуляць, нашто дарма час марнаваць! [Да музыкаў]. Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж сьвет хадыром пашоў!

Музыка. Добра, добра! Мы для паненкі пастараемся. [Іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, рэшта гасьцей — хто з кім. За сталом Пранцісь з Сьцяпанам частуюцца гарэлкай з пляжкі, каторую першы прынёс з сабою].

Адольф [танцуючы, прыпявае]:
Танцовала рыба з ракем,
А петрушка з пастэрнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо петрушка танцовала[22].
Паўлінка [адпяваючы]:
А на печы, на лучыне
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера,
Дый купілі кавалера.
Адольф.
Дзяўчынэчка, суха, бляда,
Я до цебе ў госьці яда,
І конікув не жалую,
Ўшыстку ночку машырую.
Паўлінка.
У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусьцей, —
Хадзі, хадзі, Якім, часьцей!
Адольф.
Сядзіць голуб на каліне,
Салавей на ветке;
З адной дзевушкай гуляю,
Другая в прыметке.[23]
Паўлінка.
Ажаніся, не ляніся
Будзеш панаваці:
З аднэй будзеш сьвіньні пасьвіць,
З другой — заганяці.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Сьцяпан [як сціхла гульня]. Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян[24] да ружанцаў.

Пранцісь [пацягваючы з пляшкі]. Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішані пуста, затое ногі сыплюць густа. Каб яму ды мой розум растропны, дык зусім было-б добра, пане добрудзею.

Агата. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявузгаць, як латак у млыне! Гуляюць — няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.

Альжбета [да Пранціся]. Можа-б чаго, сватка, закусілі?

Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. [Да гасьцей]. А вы, пане добрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты ня гоне,[25] вось-цо-да.

Паўлінка [да Адольфа]. Можа пан Адольф сьпяіцё нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны[26] голас маеце.

Адольф. Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у другіх.

Колькі галасоў. Дык проша сьпець. Мы ўсе просіма.

Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую-ж бы панна Паўлінка хацела?

Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.[27]

Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары):

Плываё голэмбі,
Летаё лабэндзі;
З нашего коханя
Пэўна, ніц ня бэндзе.

Паўлінка. А такі-ж нічога ня будзе.

Адзін з гасьцей. Ці-ж гэта голэмбі плаваюць, а лабэндзі лятаюць?!

Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім ня буду пець.

Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае, ды пяе; ведама, блазнота, што яны знаюць?

Паўлінка [паглядзеўшы ў вакно]. Выбачайце, пан Адольф! У мяне наўмысьле вылецела слаўцо.

Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім! Больш ня будзем!

Пранцісь. Собственно, пане добрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку[28]; яна ў цябе, — прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.

Адольф. Ну, ўжо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!

Колькі галасоў. Не, не! Ня будзем!

Адольф [пяе]:

Гляджу я бяз толку на хладную шаль
І чорную душу церзае печаль…

Паўлінка [душачыся ад сьмеху]. Ці-ж у пана Адольфа чорная душа?

Адзін з гасьцей Нашто-ж пан глядзіш на яе бяз толку?

Адольф [насупіўшыся]. Болей пець вам ня буду, хоць на каленях прасеце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! [Садзіцца].

Паўлінка. Дык і сьпяём, калі пан Адольф такі ня кемкі, што нават жартаў не разумее. [У старану]. Эх, скарэй-бы ўсё гэта кончылася!

Адзін з гасьцей. А такі-ж сьпяём, і ўсе разам.

Паўлінка [да Адольфа, хітравата]. А пан Адольф нам паможа?

Адольф. І ня думаў.

Колькі галасоў. А што мы сьпяём?

Паўлінка. „Дый куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся“…

Адольф. Фі, мужыцкая!

Паўлінка. А пан Адольф можа-б хацеў, каб завялі якога манчыза?

Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане добрудзею!

Сьцяпан [да Пранціся, сьціха]. Каханеньні-родненькі, ня кратайце яго. Ён, бачыш, як я ўжо й казаў, масьціцца к маёй Паўлінцы. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.

Паўлінка. Ну, дык што? — згода на гэту?

Колькі голасоў. Згода, згода!! А пасьля другую.

Паўлінка. Толькі ня зьбівацца з толку. Глядзець, як я буду рукамі тахты адбіваць.

Колькі галасоў. Добра, добра!

[Пяюць. Паўлінка, сумна ўсьмяхаючыся, дырыгуе. Пасьля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі таксама сваею ігрой памагаюць].

Дый куды ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся ?

Пранцісь [як перасталі пяяць]. А цяпер, вось-цо-да — „Як-жа мне ня пець“, пане добрудзею.

Адольф. Ізноў мужыцкую!

Пранцісь. Але! мужыцкую, але, вось-цо-да. А васпан, собственно, сваю панскую схавай сьвіньням на сьняданьне.

Агата [падходзіць і цягне Пранціся за полы]. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць![29]

Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане добрудзею!

Паўлінка. Ну, будзем пець — „Як-жа мне ня пець, як-жа ня гудзець?..“ [Пяюць, як першую].

Пранцісь [як скончылі]. А цяпер, собственно, „Чачотачку“, пане добрудзею.

Колькі галасоў. Чачотачку! Чачотачку! [Пяюць „Чачотачку“].

Спарадзіла Чачотачка семера дачок,
Спарадзіла невялічкіх семера малых.

[Пасьля песьні Альжбета запрашае аддыхнуць, бо замарыліся. Пранціся просіць за стол закусіць. Паўлінка пытаецца гасьцей, што-ж далей рабіць: насьпяваліся, дык можа йзноў скакаць?].

Пранцісь [закусваючы]. Собственно, пачакайце; я зараз скамандую, пане добрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога ня ведаеце.

Паўлінка. Ну, добра, пачакаем [да Адольфа]. Што-ж гэта, пан Адольф надуўся, як мыш на крупы, або — як апошняе ў печ усыпаўшы?

[Адна з гасьцей жартуе з яго; той агрызаецца].

Пранцісь [перажоўваючы яду]. Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем „Лявоніху“, пане добрудзею!

Усе. Лявоніху! Лявоніху!

Адольф. Ізноў мужыцкая!

Паўлінка [да Адольфа, прыпадхлебваючыся]. А мы з панам Адольфам сыпнем Лявоніху, сапраўды сыпнем! Адпусьцецеся на мяне грэшную; болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць?

Адольф. Ды я ўжо вельмі ня гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем; што-ж там надта3) такое?

Пранцісь [да музыкаў]. Собственно, рэжце, пане добрудзею! [да Альжбеты]. А мы з свацьцяй тупнем, вось-цо-да!

Сьцяпан [да Агаты]. А мы з свацьцяй, каханенькая-родненькая! [Музыкі іграюць Лявоніху. Жанчыны трохі ўпіраюцца, але пасьля ідуць; за імі рэшта гасьцей. Паўлінка — з Адольфам].

[Скачуць з прыпеўкамі. Пасьля танцу Пранцісь заводзіць са Сьцяпанам жартаблівую гутарку, жалячыся, што змарыўся. Агата і Альжбета адказваюць ім таксама востра].

Паўлінка [да Адольфа]. Ну, як-жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас Лявоніха выходзе, чымся тое нейкае „падзі-кварта“. І прыпеўкі складныя знаеце!

Адольф [нібы скромна]. А трохі-ж нейкіх наўчыўся калісь.

Адзін з гасьцей. Пара нам і чэсьць знаць! Пэўне ўжо каля поўначы матаецца.

Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!

Паўлінка [з аблягчэньнем, у старану]. Дзякуй Богу! [Да гасьцей]. А можа-б яшчэ пагулялі?

Альжбета. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык ня шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.

Колькі галасоў. Не! Не! Ўжо час і пара!

Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша сыграюць, каб весялей усім сьнілася і каб моцна-моцна[30] ўсім спалася.

Сьцяпан. А гэта ня шкодзе![31] (Да музыкаў). Што-ж, каханенькія-родненькія, сыграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госьцікам, а там дзьве дзюркі ў носе, і кончылося. (Музыкі іграюць марш. Госьці адзяваюцца, прашчаюцца і выходзяць, за імі — музыкі).

Зьява V-ая.

Паўлінка — Адольф — Сьцяпан — Альжбета — Пранцісь і Агата.

Сьцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.

Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане добрудзею, і будзе шумна!

Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вясельле ў Паўлінкі.

Паўлінка. Э-э! Майго вясельля ніколі ня будзе, значыцца, і шумна ня будзе.

Адольф. Ці-ж у бацькоў маладога, паненка думае, ня хваце[32] на вясельле?

Паўлінка. Хваце, ня хваце, а такі вясельля майго ніхто ня ўбача[33].

Сьцяпан. Гэта, каханенькая-родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсьць і ў сваёй хаце — гаспадар, а ня госьць! Жыта повен аруд[34] і сала не адзін пуд.

Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам, ці вясельле, ці павесіў — адно на другое, пане добрудзею, выходзе.

Агата. А ты, вось-цо-да, прыкусі свой язык і ня тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе ня просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!

Альжбета (да Агаты). Што-ж там, свацейка, такое? Сват-жа нічога благога ня кажа (да Паўлінкі). Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала!

Пранцісь. Собственно, ці сьвіньні елі, ці шляхта папасвалася гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане добрудзею.

[Паўлінка і Адольф перакідаюцца некалькімі словамі і выносяць судзьдзё ў другую палавіну хаты. Пранцісь з Агатаю выходзіць, каб ехаць дамоў].

Зьява VI-ая.

Паўлінка — Адольф — Сьцяпан — Альжбета.

Паўлінка. Ня так, пан Адольф, бярэш шклянкі, трэба вось як: (паказвае). Ну, і зграбны-ж! не раўнуючы, як вол да карэты.

Адольф. А панна Паўлінка ўсё камплімэнты[35] мне гавора[36].

Паўлінка (ў старану публікі). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!

Альжбета (да Сьцяпана, каторы клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць! Гэта-ж табе тут не карчма.

[Сьцяпан гаворыць некалькі прыказак аб тым, што сон ня кепская рэч і, зьбіраючыся ісьці спаць, пытаецца ў Адольфа, ці падабаецца яму Паўлінка. Той радасна гэта падцьвярджае. Сьцяпан, разьвітаўшыся з ім, ідзе ў бакоўку].

Зьява VII-ая.

Паўлінка — Адольф — Альжбета.

Альжбета (сьціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа ў карты пайграеш з панам Адольфам ?

Адольф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба зьбірацца дамоў.

Паўлінка. Ці-ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцеся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня-ж маеце — ня жартачкі!..

Адольф. О, конь мой добры!

Альжбета. Ну, дык і чаго-ж сьпяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад’еў ды на печ.

Паўлінка (у старану). Чаго добрага — заначуе, вот будзе бяда. (Паглядаючы ў вакно). І цемра-ж страшэнная! (Голасна). А пагода сягоньня ня дрэнная! Нават месяц сьвеце,[37] што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.

Адольф. А хоць-бы і дрэнная, дык мне блізка; жарабец мой у мамэнт дамчыць.

[Альжбета зьвяртаецца да Паўлінкі, кажучы паглядзець, дзе карты, а сама зьбіраецца спаць].

Адольф (цалуючы ў руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара паньне Паўлінцы.

Паўлінка. Паглядзім — хто каму?! (Шукае картаў. Альжбета выходзіць у бакоўку).

Зьява VIII-ая.

Паўлінка — Адольф.

Адольф. Чаго паненка шукае?

Паўлінка. Таго, чаго яшчэ ня маю — карт.

Адольф [глянуўшы на вакно]. А вось яны! — на вакне.

Паўлінка [у старану]. Думала, што ня ўбачыць; скарэй-бы можа з хаты выпхнула, не нашоўшы карт. [Да Адольфа]. Ну, калі ёсьць, дык будзем іграць. [Паглядзеўшы ў вакно]. А ў што?

Адольф. У гаспадара.

Паўлінка. Гэта, значыцца, у дурня?

Адольф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. [Раздае карты].

Паўлінка. А як пан Адольф думаў: хто мы? То-ж таксама мужыцкага роду.

Адольф. Першы раз чую.

Паўлінка. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. [Граюць у карты].

Адольф [зьдзіўлены]. І я?!

Паўлінка. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну, дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам, ці графам. Ды і што гаварыць. Адам і Эва — і то былі мужыкі.

Адольф [зьдзіўлены]. Адам і Эва?!

Паўлінка. І Ной і Езус…

Адольф. Што я чую?.. Адкуль гэта панна Паўлінка усё ведаеце?

Паўлінка. Ого, не скажу!

Адольф [просячы]. Проша сказаць.

Паўлінка. Ня той б’ецё! Вот салапяка!

Адольф [паправіўшыся]. Ды скажэце!

Паўлінка [нецярпліва]. Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа [Адольф прагравае]. Дурань пан! Дурань пан!

Адольф [папраўляючы]. Гаспадар. [Раздае карты].

Паўлінка [у старану]. Які чорта гаспадар, калі дурань?!

Адольф. Што панна Паўлінка кажа?

Паўлінка. Кажу: але гаспадар. [Хвілю маўчаць. Паўлінка ў старану]. Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай? І трымае-ж яго нядобрае!

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

[Шмат праіграўшы „дурняў“ і наслухаўшыся ад Паўлінкі шмат вострых слоў падчас ігры, Адольф, нарэшце, выходзіць].

Зьява IХ-ая.

Паўлінка — адна.

[Гадае па картах, якія паказваюць, што Якім яе любіць. Яна зьбіраецца ўцячы з хаты, і разважае гэтак]:

— Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба зьбірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці сьпяць старыя. [Ідзе і падслухвае ў дзьвярох бакоўкі]. Сьпяць, ажно храпуць… [Падходзіць, глядзіць у вакно, задумваецца]. Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. [Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае]. Во! гэта дык трэба забраць — так мне з імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксама трэба ўзяць. Усё гэта зьвяжам у хустку. [Рассьцілае хустку і складвае свае рэчы]. А-а, і чаравічкі мушу забраць… І-і!! ўжо болей, здаецца, нічога. [Зьвязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за вакном! [Паўлінка сьціха]. Ай, хтось там прышоў! Такі карты праўду паказалі. [Ідзе к вакну). Хто там?

Голас з-за вакна [прыдушаны]. Я!.. Я!..

Паўлінка [углядаючыся ў вакно, у старану]. Нічагусанькі ня відаць! Цемната страшэнная! [У вакно] Хто — я?

Голас. Я!.. Я!.. Ну, ці-ж не пазнала?

Паўлінка. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коўдру.

Голас. Ды мне нічога ня трэба!

Паўлінка. Мала што — ня трэба, а я вазьму… [Хутка ідзе к ложку, зьвязвае падушкі і коўдру ў пасьцілку]. Ну, ўжо гатова! [Адчыняе вакно і выкідвае вузлы]. Пераймай, а зараз — і мяне! [Да сябе]. Трэба з бакоўкі ўзяць апратку і хустку, толькі-б хаця старыя не прабудзіліся. [Зьніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль, адзеўшыся]. А цяпер і сябе трэба выкінуць! [Шыбка ідзе к вакну. Чуваць шорах у бакоўцы].

Зьява Х-ая.

Паўлінка — Сьцяпан.

Сьцяпан [выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай]. Хто тут? Хто тут лазе а поўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! [Паўлінка, перахрысьціўшыся, кідаецца ў вакно. Сьцяпан убачыў]. Гвалт! Злодзей! [Бяжыць к вакну і хватае Паўлінку за ногі]. Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!..

Зьява ХІ-ая.

Паўлінка — Сьцяпан — Альжбета.

Альжбета [выбягае — як і Сьцяпан — акрыўшыся коўдрай; уся трасецца]. Матачка Найсьвеншая![38] Што тут робіцца?! [Мацае на сьцяне]. Зараз, зараз нясу стрэльбу. [Хватае за гіру ад гадзіньніка; гадзіньнік з грохатам валіцца са сьцяны і разьбіваецца]. Ай! Што-ж я нарабіла?!

Сьцяпан [трымаючы Паўлінку за ногі, да Альжбеты]. Куды цябе немач упёрла? Падкруці хутчэй лямпу ды памажы цягнуць!..

Альжбета [бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!

Паўлінка [перавесіўшыся праз вакно] Цягні, братка, ямчэй!

Альжбета [падкруціўшы кнот і бягучы к Сьцяпану]. Божухна мой! Гэта-ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?

Сьцяпан. Каханенькая-родненькая, не мялі языком, ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.[13]

Паўлінка. Мацней, мацней,[30] браток!

Альжбета [памагаючы Сьцяпану цягнуць]. Што ты, дзеткі, адурэла, ці што? [Сьцягваюць Паўлінку з вакна на хату].

Сьцяпан. Ты гэта, каханенькая-родненькая, куды манілася ляцець?

Паўлінка [апіраючыся рукою аб стол, патупіўшыся]. Я!.. Я!.. хацела замуж ісьці!

Сьцяпан і Альжбета. Праз вакно?!

Паўлінка. А што-ж, калі татка і мамка праз дзьверы ня пускаеце.

Зьява XII-ая.

Тыя самыя і Пранцісь — Адольф — Агата.

Пранцісь [бяз шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа]. Собственно, пане добрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.

Агата [цягнучы вузлы]. А як-жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага вакна капаўся.

Паўлінка, Сьцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?!

Пранцісь. А так, так, пане добрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!

Сьцяпан [да Адольфа]. Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасьці, зладзюга, каханенькі-родненькі?!

Адольф [заікаючыся і неразумеючы, у чым рэч]. Я… Я… зьбіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз вакно, кудой выехаць.

Пранцісь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз вакно павыцягваў. Можа і шапку маю украў?

Агата. Ты зараз, п’яніца, тудэма-сюдэма, і голаву забудзешся. Гэта-ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзіўся, што шапкі забыўся.

Пранцісь. Собственно, а баба на што, каб усяго пільнавала? Але злодзея, пане добрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.

Сьцяпан [да Паўлінкі]. Дык гэта ты, каханенькая-родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі.

Паўлінка [глуха]. Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!

Сьцяпан [самадавольна]. Хе-хе-хе! Ужо гэтае мужыцкае насеньне ня будзе больш нашых сьцежак паганіць.

Паўлінка. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі!

Сьцяпан [да Адольфа]. А ты, каханенькі-родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды,[39] вон з мае хаты, каб твая і нага тут ня была! Ня мог, як трэба, пахрысьціянску — з сватам, з запаведзямі — маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз вакно вывалачы! Вон! вон!

Адольф. Я… я… Толькі хацеў дарогі запытацца…

Пранцісь [разьвязваючы вузлы]. Собственно, злодзей, пане добрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз вакно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцэль, вось-цо-да!

Паўлінка. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі! [Дзіка]. Ха-ха-ха! Зьвяры сьляпыя!!! [Як сноп валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: „вады! вады!“).

Пранцісь. Собственно, пане добрудзею, у мяне ёсьць кроплі. [Дастае з кішані пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай].

Агата [кідаючыся да Пранціся]. Тудэма-сюдэма, ашалеў!..

Сьцяпан [панура]. Каханенькія-родненькія, дзьве дзюркі ў носе і скончылося!

Заслона.



  1. Скарочана для карыстаньня ў школах; правінцыялізмы напраўлены толькі некаторыя.
  2. Зьнянацку, раптам.
  3. Правільна — зводзіць, значыць адурвае.
  4. Форма звароту — Вы, пан, шаноўны пан, Ваша міласьць.
  5. Пол. — няверца, паганца.
  6. Прыгаворка Пранціся, уласьцівая яму — уласьне… вось-што.
  7. Абадранец.
  8. Рус. — разумею.
  9. Полён. — сьвечаных.
  10. У гэтым слове два націскі, другі для сугучнасьці.
  11. Слова, выказваючае ганебнасьць, гіцаль — той, што ловіць сабакі.
  12. Лац. — падарункі.
  13. 13,0 13,1 трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  14. Фатаграфію.
  15. Значыць — найстражэйшы, як суд інквізыцыі ў сярэднія вякі, які судзіў за веру.
  16. Ужываецца болей — змусіў, прымусіў;
  17. З польск. — proszę, пабел. — прашу калі ласка.
  18. Польск. — прыдушыць, прымусіць.
  19. Тое-ж, што і — гілююць.
  20. Дробная трава.
  21. Рус. — вар’яцкім.
  22. Польскі прыпевак на беларускі лад, як і ўсе, што пяе Адольф Быкоўскі.
  23. Расейскі прыпевак.
  24. Прыслужнік у касьцеле.
  25. Провінц. — ня гоніць.
  26. Збеларушчанае польскае слова — piękny, пабелар. — харошы, прыгожы.
  27. Провінц. — выходзіць.
  28. Больш ужываецца — шэйна-катрынку.
  29. Значыць — дурэць, вар’яцець.
  30. 30,0 30,1 моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  31. Провінц. — ня шкодзіць.
  32. Провінц. — хваціць, хопіць (лепей).
  33. Таксама — убачыць.
  34. Засек.
  35. Франц. — падхлебны выраз.
  36. Пров. — гаворыць.
  37. Пров. — сьвеціць.
  38. Полён. — найсьвяцейшая.
  39. Палянізм — зары;