Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна, штодзень;
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.
Збожжа пажатае з ніваў пазвожана, —
Голыя гоні самотна ляжаць,
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай ня грае сваей сенажаць.
Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі;
Кусьце бяз лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі[1]
Цяжкія думкі у сэрца ляцяць.
Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
„Хутка надыйдуць завеі з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць“.
Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечназялёны свой кажуць убор.
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.
Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог,
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скацінку, на людзі налёг.
Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца;
Хутка на поўдзень зусім паляцяць.
Хэўра за хэўрай[2] на рэчцы зьмяняецца;
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.
Так няпрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень зьмяняе аблічча зямлі…
З гэтымі днямі васеньнімі, ночкамі
Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.
Нешта старое усё спамінаецца,[3]
Толькі няясна, маўляў, праз туман
Нейкі няведамы жаль уздымаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.
Сэрца баліць над жаданьняў прымусамі[4],
Што за жаданьні — ніяк не пазнаць;
Можа ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа заснуць, каб нічога ня знаць?…
|