Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай.
Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;
Туліць у сьлёзах матуля сынка;
Сьцелецца пушча глухая і цёмна;
Косьці з магілы глядзяць бедака…
Бачу я жоўтае жытняе поле, —
Коласам ціха шуміць-шалясьціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня[1] з аднэю малітваю — „піць“.
Траўка ў ляску у цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабеча — людзей пацяшае;
Льлецца крынічка, пляскоча вадой.
Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі[2] сьмяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
З зельлем шаптухі паціху снуюць…
Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!
Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.
Дай мне купальскую кветку[3] у рукі,
Путы жалезныя мне разьвяжы,
Дай ты мне зельля на гора і мукі,
К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы!
...............
Ціха. Нічога ня чую, ня бачу.
Роіцца толькі нязьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай…
|