Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/Матчын дар/Чаму з маленства…

Алесь Гарун Чаму з маленства…
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
Начныя думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чаму з маленства, з ураджэнства…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборніка „Матчын дар“.

Чаму з маленства…

Чаму з маленства, з ураджэнства,
Ў жыцьцёвы май,
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?
То-ж я з тваёю ключавою
Сьвятой вадой
Напіўся болю аб нядолі,
Бядзе людзкой!
То-ж ты, мой хмуры, даў мне пануры
І ціхі гнеў,
А днём падчасным, так пекным, ясным,
Надзею грэў.
Твае-ж курганы, лясы, паляны,
Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд, бедны, шары
Мне далі дум.
А дум тых многа… Не, ня убога
Ты даў мне іх!
І ты-ж, як маці, наўчыў сьпяваці[1]
Аб думах тых.
Я браў, ня бачыў і не аддзячаў
Табе нічым,
Бо счараваны — цябе, ўкаханы,
Ня знаў зусім.
Цяпер, хоць знаю, дык што-ж параю,
Ад позьніх скрух?
Ў чужой краіне паволі гіне
За целам — дух.
Вазьмі-ж хоць сьпевы, дум перапевы
Лясоў тваіх.
З тваеі глебы[2], з тваёга неба
Узяў я іх.



  1. Ужываецца болей — пяяць.
  2. Грунту, ральлі.