Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Абразкі/Араты
← Далёкія аганькі | Араты Абразок Аўтар: Змітрок Бядуля 1927 год |
Шчасьце ня ў золаце → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Араты (Бядуля, абразок). |
Араты.
Была цёплая вясна. Над сьвежай ральлёй кружыўся жаўранак і пяяў. Баразна за баразной лажылася пад сахой змардаванага[1] аратая. Гарачы пот капаў з твару яго.
Тпрукнуў худой кабылцы і затуманіў люльку. Як затуманіў люльку, захацелася прылегчы. Лёг аратай на сьвежую мяккую ральлю, быццам на падушку. Ня вытрымаў, ды заснуў.
Ой, ня сьпі, малойча, разгарачаны на голай зямлі. Маці-зямелька да сябе цягне бедных людзей. Сям’ю асіроціш.
Смачна спаў аратай, і страшэнныя сны сьніліся яму — усе нябожчыкі і цені падмагільныя…
Прачнуўся ён з цяжарам у галаве, з колькай у левым баку. Але дзеля таго-ж ён яшчэ фанабэрыўся ды араў да вечара.
Эй, малойца! зямліца цябе цягне да сябе… сям’ю асіроціш.
На старых могілках зьявіўся новы курганок жоўтага пяску.
Лёг у магілу сырую без пары аратай малады, нібы дуб падсечаны…
Кружыўся жаўранак над сьвежай ральлёй пад блакітным небам…
- ↑ Полён. — змучанага.