Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Абразкі/Шчасьце ня ў золаце

Араты Шчасьце ня ў золаце
Абразок
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Яе душа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьце ня ў золаце.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шчасьце ня ў золаце.

Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы, закасаўшы рукавы з вышыўкамі, распусьціўшы валасы русыя, пяючы песьню дзявочую.

Ехаў гасьцінцам багаты паніч, ехаў ды застанавіўся — відаць, дзяўчынка спадабалася яму. І давай ён гэткую гутарку вясьці:

— „Я маю зямлі сем валок, стады мае багатыя, коні мае дарагія, парабкі мае адзін у адзін — як тыя дубы на ўзгорку. — Пайдзі за мяне зямуж, дзяўчынка“.

— „Ой, не пайду замуж за цябе: ня трэба мне золата, серабра, ня трэба багатага малайца. Я кахала аднаго — кахаць буду. Цалавала аднаго — цалаваць буду. Ён у цябе парабкам служыць, па мне заўсёды тужыць“…

Кланяўся пан нізка да зямлі — не памагло.

Кленчыўся, як той жабрак пад вакном — не памагло.

Ой, шчасьце ня ў золаце, паны!