Схінуўшысь[1] да крыжа, стаяла ў цішы
Дзіця недасьціглага рая,
Бо як-бы у чарах трымала яе[2]
Прыгожая песьня зямная.
Нядаўна зусім ад вясеньняй зямлі
На неба яна паляцела,
Сарваная кветка[3] жыцьця без пары
Завянуць яшчэ не пасьпела…
І быццам у вопраткі ночных цяней
Душа была гэта адзета:
Дзесь плакаў арган… неяк раптам заціх —
Занік сумны кант[4] недапеты…
Анёлы[5] чыталі гэрогліфы[6] зор
І хвілі апошняй разгадку,
Анёлы ад нізкай зямлі да нябёс
Праводзілі дзіўную кладку…
Ўвакруг была ноч; яе цемра жыла,
Жыла яе ціхасьць нямая;
Сон сном астаецца, — ганебна і ён,
Як раніцай цень, прападае…
Здаецца, ўжо шмат чаго знае душа,
Здаецца, ёй ўсё зразумела,
Ды мара,[7] што сэрцу казала свой сказ,
Ня кончыла і… анямела.
.................
Цяпер яшчэ большая мука жыве
Ў душы песьняра маладога,
Бо тайны магільнай раскрыць ён ня мог —
У замчышчы царства зямнога…
|