З ранейшых вершаў.
Сэрца пророча.
Месяц бледны глядзіць на нямую лагчыну,
Над затокаю вольха ківае галінай,
Пушча сьпіць ў зачарованым сьне...
Ой, чаму гэтак сьлёзы мне вочы туманяць?
Ой, чаму гэтак боль грудзі кволыя раніць?
Ой, чаму гэтак жудасна мне?
Сэрца нешта благое прароча
І з грудзей яно вырвацца хоча...
*
Можа недзе, далёка, ў нязьведаным краю
Дарагая дзяўчынка мая памірае?..
Можа сам буду скора канаць?...
Ой, рыхтуець мне нешта таёмная доля...
Ой, маўчыць, як-бы ведае, чыстае поле...
Ой, лес цёмны ня хоча казаць...
Сэрца нешта благое прароча
І з грудзей яно вырвацца хоча.
*
Ў самым сэрцы маім чараўніца трывога,
Ў самым сэрцы маім царства чорнага бога[1]
Расьсявае атручаны мак...
І, здаецца, ўсё сьпіць пад цяжарам магілы,
І, здаецца — жыцьцё няцікава, няміла,
Смокча кроў мне з грудзей ваўкалак[2]
Сэрца нешта благое прароча
І з грудзей яно вырвацца хоча...