Мо’ гэта белыя лебядзі
Сыплюць са скрыдлаў[1] пушыначкі,
Кропяць, як дожджык густы?
Мо’ гэта срыбныя невадзі
Кідаюць з рыбак пыліначкі —
Лускі на дрэвы, кусты?
Мо’ гэта сейбіт стрывожаны
Сее зярняткі маленькія
З хмарак-сявалак, з высот?
Мо’ гэта скарб заварожаны,
Кволыя пэрлы маленькія
Падаюць з неба, як шрот?
Мо’ гэта белыя зорачкі?
Мо’ гэта з воблачкаў18) пчолачкі?
Мо’ гэта райскі бабок?
Мо’ гэта кветкі[2] крыштальныя?
Шлюбныя вэльмы русальныя
Хтосьці скубе на пылок?
Сьнег…
Падае, падае, падае.
Ткуць абрусы на зямлі
Ведзьмы, ткачыхі старыя;
Ведзьмы вялікай грамадаю
Дрэвы і хаткі сплялі
Ў цуды-курганы сівыя.
Сьнег…
Сеецца, сеецца, сеецца
На расьцяробы, лугі
Праз невядомыя сіты.
Ў вочы мільгае, бялеецца;
Хорамы там — не стагі,
Волаты ўбраліся ў сьвіты.
Сьнег…
Кружыцца, кружыцца, кружыцца,
Беліцца мглісты абшар,
Стыгне, як бог мармуровы;
З ветрам між дрэвамі дужыцца,
Бухае белы пажар,
Млее асілак хваёвы.
Сьнег…
Сьцелецца, сьцелецца, сьцелецца
Божжа пярына — пасьцель
На адзінокіх пуцінах.
Ой, разгулялась мяцеліца,
Ў шматы рве гладкую бель
На барадатых купінах.
Сьнег…
Носіцца, носіцца, носіцца.
Ў дзікай шалёнай, гульні
Круціць на розныя лады.
Моліць гасьцінец і просіцца:
„Жартачкі, цэлыя дні
Будзь падарожнікам здрадай!“
„Вабіш іх бельлю сьнягоў,
Вабіш іх гладзьдзю[3] бліскучай,
Каля лясных берагоў
Ёлкаю дражніш скрыпучай“.
„Дзін-дзін — званочак зьвініць.
Лясь-лясь — драцянка ляскоча,
Дрыж-дрыж — каняка дрыжыць,
Стоп-стоп — у яму йсьці хоча“.
Кліча хтось з глыбі[4] хваёў,
Кліча, заве па іменьні,
Кліча ў гушчар хурманоў, —
Проста, ня знойдзеш збаўленьня.
Гінуць у белых палёх
На мягкапушных пярынах,
Гінуць у белых агнёх,
Ў ярка-сівых дамавінах.
Вее-шапоціць ім сны,
Белыя, сьнежныя казкі.
Стынуць, гібеюць яны
Пад заварожанай ласкай.
|