Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/С. Палуян/Хрыстос Уваскрос!

Песьня каваля Хрыстос Уваскрос!
Абразок
Аўтар: Сяргей Палуян
1927 год
Банкет
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хрыстос Уваскрос! (Палуян).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




С. Палуян.

Хрыстос Уваскрос!

… Хрыстос Уваскрос!

З вялікім сьвятам адвечнага ад’жыўленьня віншую[1] цябе; Вялікі Беларускі Народ! Гэтай вялікай ночы страсі з сябе ўсю пагарду[2], увесь бруд, каторым аблепліваюць цябе ад вякоў. Чыста вымыйся, прыбярыся ў найлепшую вопратку, каб хоць на адзін дзень стаў ты роўным з усімі. Ідзі туды, дзе пачуеш гэтыя вялікія словы:

— Хрыстос Уваскрос!

Услухайся ў іх. Якая вялікая сіла, які ўсёажыўляючы зьмест захованы ў іх! Ці ня чуеш, як радасьцю надзеі, радасьцю скорага ўваскрасеньня вее на цябе ад гэтых слоў:

— Хрыстос Уваскрос!

Радуйся, мой родны краю! Надзея, як жывучая вада, льлецца ў тваю душу. Скора і ты ўваскрэсьнеш ад доўгага мёртвага сну. Вясна прыйшла і для цябе. Хрыстос Уваскрос!

Над Ім зьдзекаваліся. Яго білі па твары, сьцябалі бізуном. Плявалі на Яго. Кпілі з Яго. У канцы расьпялі і расьпятага не пераставалі мучыць. Сьпечаныя смагай вусны зьвільжывалі воцтам і жоўцю. Ён памёр на крыжу паміж двох разбойнікаў. Але ўсёж-такі — Хрыстос Уваскрос!

Уваскрос Хрыстос, і крыж, раней знак пагарды і сораму, зрабіўся сьвятыняй усягэ сьвету. Мукі Хрыстовы змылі ўсё з яго. І штогоду вялікай вясеньняй ночы тысячы царквоў і касьцёлаў сьвецяцца агнямі сьвечак, льлецца радасны пераклік званоў, крыж падымаецца над мільёнамі схінёных галоў і ў паветры носіцца радасны шэпт:

— Хрыстос Уваскрос!

Што гавораць табе званы, Беларускі Народ? Ці ня віншуюць яны цябе яшчэ і з тваім уласным вялікім сьвятам? Скора-ж і ты ўваскрэсьнеш!

Ад вякоў пагарджалі табой, тваей мовай; ад вякоў мелі за быдла[3], годнае толькі на цяжкую, надсільную работу. Не даволі табе расьці і разьвівацца. Воцтам чужой культуры[4] зьвільжалі твае сьпечоныя смагай сьвету вусны. Лепшых тваіх сыноў адрывалі ад цябе, прымушалі іх зрабіцца здраднікамі. А цяпер пышаюцца імі, называюць іх сваімі. І яны такі іхнія. А хіба-ж яны ня любілі цябе? Хіба лепшы жар свайго сэрца ахвяравалі не табе? А дзе яны? Іх няма з табой! З самаго малку адарвалі ад роднай глебы, атруцілі здрадай. І іх, тваіх дзяцей, маюць за зброю проці цябе. Цябе катавалі. Ты цярпеў мукі, але ня ўмёр. Глыбока, глыбока ты захаваў сваю душу. Хрыстос быў з табой у тваіх муках, і Ён разам з табой цярпеў іх. Колькі разоў расьпіналі Яго разам з табой! Больш разоў, чым ёсьць пясчынак на дне мора! Але кожнага году па ўсей Беларускай зямлі разносіўся клік:

— Хрыстос Уваскрос!

… І ты ўваскрэсьнеш, мой родны краю! Скінеш з шыі ярмо адвечнага гора і нуды.

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем. Адвечных ня можам пазбыціся сьлёз…

Ты ўжо перастанеш плакаць. Ты падняў свой твар. З надзеяй ловіш зыкі званоў:

— Бом! бом!.. Прачыхайся ад сну, Беларусь! Годзі стагнаць ды жаліцца, жальба нічога ня дасьць табе. Уставай! Ідзі будаваць зруйнаваную бацькаўшчыну!

Наперад, па шчасьце! Хай злое ўсё дрогне! Вясна ўжо на сьвеце — Хрыстос Уваскрос!

Я бачу, як сьвятлее твой твар; мой родны краю. І, поўны сілы і веры, я крычу ўва ўсю моц[5] тваім нівам, лясом і балотам, тваім панурым вёскам, тваім пакрыўджаным сыном:

— З вялікім сьвятам віншую! З вялікім сьвятам, Вялікі Беларускі Народ!

— Хрыстос Уваскрос!



  1. З ням. winschen — вітаю.
  2. пагарда — таксама. Хіба лепей ўжываць — пагорда, пагордлівы. У Насовіча — погорженіе, тады — пагорджаньне, пагарджэньне; блізкае сюды слова — грэблівасьць
  3. быдла — трэба лічыць за полёнізм з увагі на канчатковае злучэньне — дл, як падобна-ж у — wiodłem, szedłem і г. д. У беларускай мове: тут — чыстае л. Калі глядзець, што карэнь слова — быт —(да-быт-ак), то пераход глухога — т — у звонкае — д — перад звонкім — л — мог стацца і ў беларускай мове, але маем вельмі шмат слоў з роўным значэньнем, што бяз спорнага слова (быдла) можна зусім абыйсьціся. Маем — дабытак, статак, жывёла, гаўяда, скаціна і інш.
  4. Культура — лац.; усё тое, што вырабіў народ у галіне матэрыяльнай (абрабленьне поля, стаўленьне дамоў, фабрык і г. д.) і духовай (кнігі, грамадзкае жыцьцё і г. д.).
  5. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.