IV. Як польская шляхта ратуе паншчыну беларусі і ўзмацовываець гвалт і насільства над беларускім народам? IV. Як польская шляхта ратуе паншчыну беларусі і ўзмацовываець гвалт і насільства над беларускім народам?
Публіцыстыка
Аўтар: М. Арол
1921 год
VI. Як польская шляхта ратуе паншчыну беларусі і ўзмацовываець гвалт і насільства над беларускім народам?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V.

Як польскае панства прыгнетала і калечыла душу беларускага селяніна.

Беларускі селянін быў і ёсьць прыгнечаны падвойным дэспатызмам — польскага ўраду і польскіх паноў-землеўласьнікаў.

Збалелая селянская душа якімсь унутранным пачуцьцём зразумела, што ўсё навокала яе скіравана не на карысьць ей але на згубу яе. Зразумеў селянін, што мэты польскага ўраду і паноў у тым, каб вымучыць з селян найбольш працы, найбольш жаўнераў, найбольш грашэй.

Беларускі селянін нясець польскае ярмо, але не згаджаецца з ім. У яго душы ня замер пратэст проці векавога гвалту. Гэты пратэст прасыпаецца ў яго душы, таўчэцца там і вымагае выхаду. Мінуўшчына беларускага селянства цёмная, сучаснае яго становішча — страшэннае, але ў яго ёсьць права на будучыну.

Дарагою цаной захаваў беларускі селянін і гэты пратэст і гэтае права: не адно селянскае пакаленьне, але дзесяткі пакаленьняў скрывавіла польскае панства, каб здушыць навекі-вечныя гэты пратэст селянскае душы, не мала было пакалечана душ, каб вынішчыць у нашых селян пачуцьцё свайго чалавечага права на вольнае і незалежнае істнаваньне.

Твар чалавека — гэта люстра яго душы.

Углядзіцеся ў твар беларускага селяніна, загляніце ў яго сумныя вочы: на бледным твары і ў вачох селянскіх прачытаеце: „Праца, праца і вечная праца з-за кавалка хлеба! Ніякай радасьці, ніякай пацехі!“…

Яшчэ ў 1863 гаду афіцэры расейскага генэральнага штабу, якія зьбіралі навуковыя матэрыялы у Горадзеншчыне, зьвярнулі ўвагу на „бледнасьць твару горадзенскага селяніна“! Гэтыя афіцэры пісалі: „паглядзіце на тутэйшага селяніна — бледны, схудалы, чуць перасуваючы ногі, цягнецца ён у поле на сваім зьнясільным і схудалым як і ён сам каню; ён цярпліва паганяе пугай сваіх кастлявых валоў, якія ледзь-ледзь цягнуць плуг; селянін прыйдзе з імі сюды-ж, на тое-ж самае поле другі і трэцьці раз і як падзяку за сваю працу, самую чэсную, самую старанную працу — атрымаець сам-трэць ураджаю“…

„Забійце ў чалавечай душы надзею некалькі разоў падрад, знішчыце самую старанную працу яго—сягоньня, заўтра, пасьля-заўтра — і гэты моцны і буйны дзяцюк зробіцца слабым, зьняможаным і сум­ным старыком!“

Праз некалькі гадоў пазьней, адзін з сьвятлейшых расейскіх змагальнікаў супроць паншчыны А. Гэрцэн, выступаючы проці польскіх паноў, якія мардавалі беларускіх селян, так жудасна апісаў нашага селяніна: „Беларускі мужык, без шапкі, абязумеўшы ад страху, бяды і цяжкай працы, рукі на поясе, стаіць сярод поля і неяк коса і безнадзейна глядзіць уніз. Дзесяць пакаленьняў замучаных на паншчыне стварылі такога парыю: яго чэрап звузіўся, яго ўзрост падрабнеў, яго твар з дзяцінных гадоў пакрыўся зморшчкамі, яго вусны канвульсыўна скрыўлены, яны адзвычаіліся ад слова. Зьвярыны погляд і застрашаны выраз паказываюць на колькі крокаў ён пайшоў назад ад чалавека да жывёлы“.

Далей Гэрцэн абвінавачываючы польскіх паноў у гэтым калецтві душы і цела беларускіх селян, кажа: „ось за гэтае праступленьне, за гэтага беларуса — ні адвага, ні цярпеньня польскіх паноў у часе паўстаньня не вызвалілі іх ад расейскай няволі“.

Так, вялікае праступленьне тварылі польскія паны над целам і душою беларускага селянства: яны ня толькі не аблегчылі мукі селян, а зумысля ведаючы аб гэтых муках высьмевалі іх, гаворучы, што у „хлопаў“, у „быдла“ німа ніякай душы, ніхай працуюць і маўчаць…

Польская шляхта атрымала ад свайго ўраду усе правы над беларускімі селянамі, нават права караць сьмерцю. У той час як селянство не разгібаючы плеч працавала на польскіх паноў — яны разгультаіліся, разтлусьцелі ад п’янства, абжорства і гультайства, пачалі ненавідзець галодных селян і ня верылі ў беднасьць абзываючы яе гультайствам і брадзяжніцвам.

Польскія паны—ў стасунку да беларускага селяніна вялі жыцьцё крывавых упыроў, трымаліся на недасягальнай вышыне, але ў стасунку да урадовых людзей і наогул усяго сьвету—вытваралі з сябе благародных дабрачынцаў, вялікіх і чэсных арыстакратаў.

Панскія двары з іх пышным і багатым жыцьцём сярод страшэннага жабрацтва, бруду і цемнаты беларускіх вёсак да гэтага часу—найлепшыя сьведкі, якія крычаць аб векавой несправядлівасьці. У панскім палацу—цэлыя бібліатэкі кніг на рожных мовах, пакоі убраны дарагімі малюнкамі, сюды почта прывозіць кнігі, газэты, часопісі са ўсяго сьвету, а з адчыненых вокан палацу ліюцца гукі весёлай музыкі… а тут жа побач бедныя хаты селян, у якіх поўгалодныя селяне жывуць разам з жывёлай у брудзе і смуродзе, абліваючыся потам зарабляюць кавалак хлеба, ня ведаюць ніякай уцехі, ніякага адпачынку і ніякай надзеі вылезьці з беднасьці, бруду і цемнаты.

Паміж польскім панам і беларускімі селянамі ніколі не было і німа і ня будзе нічога супольнага: з аднэй стараны-грабёж і зьневага, з другой—цярпеньне, недаверые і ненавісьць.

Польскія паны—гэта кляс людзей, які пры агульнай страце—нажываецца. Калі беларускі селянін траціць свае правы—пан узмацовываець іх, павялічываець свае правы, калі беларускі селянін умірае з голаду—паны сыты; калі беларускіх селян бяруць у жаўнеры і гоняць на вайну—польскі пан робіцца дастаўшчыкам на вайсковыя патрэбы дастаўляе сена, хлеб, скот і бязмерна багацеець; у той час калі ракамі ліецца селянская кроў — паны таўсьцеюць і вядуць развясёлае жыцьцё.

Мала таго! Польскія паны нахальна адкідаюць усе абвінавачываньня аб уціску беларускіх селян, яны нагла заяўляюць, што калі селяне могуць зносіць гэткае жыцьцё—значыцца яны заслужываюць яго, значыцца яны не маюць права на лепшую будучыну і ніхай заўсёды застаюцца працоўным маўчлівым быдлам.

Польскі пан супакойна адварачываецца ад беларускіх селян і іх енкаў!

Чаго-ж можна чакаць ад беларускага селяніна, бледнага ад благога паветра і стравы, прыгнеценага безупыннай працай і беднасьцю, чаго можна чакаць як не зайздрасьці, не зьвярынага погляду поўнага варожасьці і помсты да польскай шляхты, якая падтрымліваецца толькі насільствам і якая заступіла некалькім міліонам беларускіх селян усе шляхі да, лепшага жыцьця, цывілізацыі і культуры?

У польскай шляхты, у польскай зямельнай буржуазіі ёсьць надзея гэта цемната і несьвядомасьць беларускіх селянскіх мас… Але ніхай польская шлях­та не запамінаець, што вострая ненавісьць і пякучая заздрасьць, помста і векавое цярпеньне асьветляець, асьведамляець і адуковываець масы хутчэй, чым гэта прынята думаць!