Цені на сонцы (1930)

Устаноўка (1930) Цені на сонцы
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1930 год
Нараджэньне чалавека (1931)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цені на сонцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




андрэй
александровіч

ЦЕНІ
НА
СОНЦЫ

БЕЛДЗЯРЖВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК × 1930

АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ


ЦЕНІ НА СОНЦЫ

ПОЭМА



БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК — 1930



вокладка
Б. МАЛКІНА





Галоўлітбел № 1067, Гомель. Зак. 1813 — 5000 экз. Друкарня «Палесдрук»

УСТУП

Это очень плевое дело,
если-б
революция захотела
со счетов особых отделов
эту мелочь
списать в расход.
Владимир Маяковский.

Як ня славіць песьняй сакалінай
Беларусь — рэспубліку сваю!
Краіна, родная, Савецкая краіна, —
табе я ў песьнях сэрца аддаю.
Ты красуеш ростам рыштаваньняў,
творчай працай гартаваных сіл.
Ты ў агні шчасьлівага сьвітаньня,
быццам раніцай
на ўсходзе небасхіл.
Краіна, родная! Савецкая краіна!
Б‘юць паклон табе, як сонцу, нашы дні, —
б‘юць паклон і славу ткуць машыны
неперарыўнай працай шасьцярні!
О, сонца, зьвязывай у моцны вузел хмары!
Красуй, жыцьцё рунеючай зямлі!
Сусьвет ахвачан сонечным пажарам,
хоць і пад сонца
цені падпаўзьлі…

Частка першая

правіць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1

Адзін быў з Меншчыны,
качаўся тут, узрос,
і тут узгадаваў свае імкненьні.
Ня раз, на беразе прылёгшы ў вербалоз,
пярсьцёнкамі ўзьвіваў ён лятуценьні.
Гады імчаліся,
як хвалі на рацэ.
Прыйшла вайна…
Забралі…
Абучылі.
Глядзі — ўслужыўся ён,
стаў унтэр-афіцэр,
і брыль на сонцы,
нос, на небасхіле!
А кліч разносіцца:
— Таварыш, кідай фронт.
— Далоў вайну!
— Далоў людзкое гора!
…Уцёк на Поўдзень ён,
і генэрал-барон
яму даў новы чын,
даў пару новых шпораў…
Цяпер… паголены.
І тут ня сонца жар.
Жыве, як спэц.
Так водзіцца ўжо гэтак:
учора —
генэрал-барона сакратар,
а сёньня —
консультантам у Саветаў!..

2

Другі герой… Няма тае дарогі,
дзе не рассыпаў-бы імкненьні ён свае.
— Ну, што зрабіць, каб стаць бліжэй да бога?
Маліцца? — Мала, часу не стае…
Але рашыў. І, змрочнасьцю пакрыты,
у манастыр пайшоў, схіліўшы галаву:
— Быць ня быць! Дадуць архімандрыта,
не, ідрытваю, — іначай зажыву!..
І не далі. І ён зажыў іначай…
і не спазнаць праз тыдзень альбо два:
мову вывучыў; стаў езьдзіць, як дакладчык,
рваць карані, пусьціла што царква.
Калісьці сам быў старастам царкоўным.
(Ці-ж мала пуцявін у наш двадцаты век?)
Ён знае, дзе й каму зьняць шапку, —
бязумоўна —
ён бывалы, спрытны чалавек!
Барада адна — архімандрыта варта,
таму мо‘ й вылучэнцам стаў, як на бяду.
І гляньце — сёньня ён дырэктар не на жарты.
— Фрэнч далоў! Падайце мне сурдут!

3

Лагодна жыць! Як ня любіць сваяцтва?
Адным ён сват, другім шаноўны кум.
А зяць яго! О, зяць —
мастацтва для мастацтва,
збавеньне ў пекнаце,
цудоўны персьцень дум.

Сваяцтву гімн! Яно гняздо зьвівае,
гняздо прытульнае, як птушанькам вясна.
І кум, і зяць, і ўсіх знаёмых зграя —
орыентацыя, даходная, адна.

Славуты кум, дарогай камяністай
да славы ідучы, ня раз зьмяняў свой грым:
Ён земгусарам быў,
чыноўнікам,
міністрам
у Скарападзкага па справам нутраным.

Прагналі з Кіева, і зяць зазваў у Прагу.
Бяз дзейнасьці — ніяк ня можа быць:
зьявіўся ў Вільню ўжо, і там, нібы з адвагай,
ён прагнущ памагчы ў хвіліны барацьбы.
І першы крок:
— Браты!
(Здымае акуляры…)
— Гатоў вагонамі вам кнігі дастаўляць,
але мне дайце тысяч сто даляраў —
пасунем справу! Будзем працаваць!
І не далі! Зьдзівіліся і толькі!
Пануры ў Прагу выехаў назад…
Міргнуў у полі явар адзінокі,
І засьмяялася ля возера лаза.
Абодва ў нас цяпер,
на „бальшавіцкіх cresaeh“,
Зьмянілі гальштукі, дый што далей казаць:
Чудэсны кум чырвоны стаў профэсар,
вянок выдатнасьці набыў цудоўны зяць.

4

І пяты друг: адкормлены случак,
Вочы вострыя, як быццам гіцлі ў шафе.
Сваяцтва зноў:
Дырэктару — зямляк,
кум — куму,
а консультанту — шафер.
Біць паклон
прывык ён з даўных дзён.
І знаць ні знаць,
а слухаць пад дзьвярыма.
Было ён першы рынуўся на фронт,
на абарону —
„Единой неделимой“.
І незадоўга Карскага портфэль
і рэчы іншыя усьлед за Карскім носіць.
…Зайшлася-закруціла карусэль —
здаць позыцыі бяз бою давялося!
Зьмяніўся час… О, доля перамен!
Дый што зрабіць, прышлося пагадзіцца.
Сёньня ўжо, дзівіцца, ён доцэнт!
Сваяцтву гімн!
Няма чаму дзівіцца!

5

Ня ў гэтым рэч, што сын ён іерэя,
ня ў гэтым рэч, што сам абшарнік быў…
................
Папаў зьнянацку ён пад посьвісты завеяў,
зьнянацку сьціснуты ў абоймы барацьбы!
А высунуўся, — (ўласная упартасьць!)
з людзкое гушчы ў страшную часіну
і стаў, як сын пакорлівы, на варту
бараніць — фальварак і краіну.
Бунтаўшчыкоў ён
(першы пункт програмы)
расстрэльваў —
з кайзэравай зброі.
Пра вернасьць Кайзэру
аддана
тэлеграму
падпісываў крываваю рукою.
Трымаўся сам, трымаўся і фальварак.
(Краіна змучана іржою крат і нар…)
Як слаўна роль ішла прэм‘ер-вэтэрынара,
у вернасьць слова — бой-вэтэрынар!
Ня ў гэтым рэч, што часта так гасьціла
яснавяльможная княгіня Радзівіла
і гаспадар, — прэм‘ер-вэтэрынар,
у бляску гонару вітаў княгіню мар.
Яна-ж дапамагла і „праўдаю і верай“
вэтэрынару выбрацца ў прэм‘еры.

Былі часы, былі законы.
Была і рада, і быў і ўрад.
Кайзэр думае, — вэтэрынар з паклонам:
— Мала сродкаў? Дамо загад!

І ўсё-ж ня ў гэтым рэч.
— Было?
— Зьвялося!
Няхай гісторыкі-марксысты разьбяруць.
А ветры лютыя…
Імглой стагнала восень.
Як чэрві, твар зямлі
калыбы хмар грызуць.

Сука шызая княгіні Радзівілы —
радзіла шызых трох шчанят.
Сялянка іх дагледжвала, туліла,
хоць сэрца плакала, як плача поле ў град.

Сваё дзіцё ад недагляду сохла.
Удзень дзіцё сваё і ўгледзець не магла,
а тут шчанят глядзі…
Адно назаўтра здохла, —
і сьмерць шчанка жанчыне сьмерць зьвіла.

— О, рукі хамскія! Ніжэй схіляйце карак…
Княгіня выгнала сялянку у бядзе.
І тут-жа вызвала прэм'ер-вэтэрынара
за шчанятамі і сучкай даглядзець.

— О, ня прымаць яе! Хто прыме — прэч за ёю!..
А ноч сьцюдзёная… Яна і не адна,
з дачкой маленькаю, гаротнай сіратою.
Ім сьвет цяпер? — Пясчаная труна.

Бясьсільлем кроў пакрыўджаная стыне.
— …Ідзеце, ножанькі, жабрачыць пад царкву… —
Бо хто асьмеліцца ўладарніцы-княгіні
ня схіліць з пакорай галаву?

Шчанё аплакалі, і блізка ля тэрасы
вырас кветкамі асыпаны курган…
А ў полі восенскім крыляўся-віўся ласа, —
над уміраючай сялянкаю груган.

Наступным днём прэм‘ер праездам бачыў,
як маці мёртвую хацела ажывіць —
і пацалункамі, і ласкамі, і плачам
сірата сялянскае крыві.
Падбегла, ўбачыўшы жывога чалавека,
як ліст калоціцца, працягвае руку.
Ён адагнаў яе адным ударам стэка,
як кат, скрывавіўшы дзяціную шчаку…
................
................

6

Капейку да капейкі,
глядзіш — сабраў рубель.
Ня скрыпку ці жалейку
купляем мы сабе.

Імкнемся ў родным краі
старое сьцяць ушчэнт.
Начыньне мы купляем,
купляем мы цэмент!

Мы ўзводзім рыштаваньні —
працоўнай сілы шмат!
Але адно, як глянеш, —
ці-ж мала ў нас растрат?

А колькі хлебаедаў
На карку у нас сядзяць?
— А ўсе свае патрэбы
мы самі зможам сьцяць?

Эх, людзі, людзі-п‘яўкі —
іх спэцыяльны штат.

Даем мы ім спэцстаўкі,
узвышаны аклад.

— Таварышы, браточкі,
сястрыцы вы мае!
Яшчэ-ж нам на сарочкі
паркалю не стае.

Капейкі дарагія
зьбіраем мы адны,
а з іх жывуць былыя
праклятыя чыны.

І хочацца часьценька,
каб ценяў гэтых — жуць —
узяць і колкім венікам
страхнуць-бы, страсануць!

7

Ідзем наперад мы, і цені з намі йдуць.
Мы карчуем пні —
яны ў кустох прылеглі.
Ну, а дай спаткаць нам ворага-бяду, —
адышлі-б адразу,
Ой, — адразу-б зьбеглі!..

І як хораша было-б яно цяпер!
О, як хораша было краіне нашай!
Я ад сэрца, шчыра, напісаў-бы верш,
яго назваўшы скромна —
урачыстым маршам.

Руку таварыша, як любы свой багнэт,
сьціснуў моцна! Радасьцю я ўзрушан!
— Наіўнасьць шчырая,
яны жывуць як сьлед,
жывуць, прыкрыўшыся
савецкім дабрадушшам.

Частка другая

правіць

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1

Рынуўся лёд. Затрашчалі масты.
Крыга за крыгай — навала.
Рушыцца-крышыцца бераг круты,
быццам прыморскія скалы.
Сонца сваім прамяністым ключом
радасьць зямлі адамкнула.
Рвуцца ручайкі, імчацца наўзлом —
красавіковым гулам.

2

У браме, ад зор і да зор,
сядзіць чорнамазы айсор,вы
і чотка
на скрынцы „чачотку“
перабірае шчоткай:
— Час кароткі
Мы жывём.
Падыходзь, не эконом!
Гэй, таварыш, за два злоты
бліснуць боты
пазалотай.
Гэй, прахожы,
блізкі, дальні —
глянс наводжу,
Дасканальна.
Даваеннай
аксаміткай, —
проф-саю-зам

скідка!

3

Шырокая вуліца, гоман вясновы.
Зьвіняць на каменьнях
праменьняў
падковы.

Сыплюцца іскры, як быццам з ракеты,
бульвары аздобіўшы срэбраным цьветам.

А вецер напружана зрэбнаю хусткай —
трэ няпісьменнасьць рэклям беларускіх.

Шырокая вуліца… Колькі народу!
Рэкордная схватка разьюшанай моды…

Народу набралася — проста ня зьлічыш,
сэзон перадмайскі, фасон загранічны.

Купаецца ў хвалях жывой акварэлі
між кепак савецкіх — замежны капэлюш.

4

І да айсора пачысьціць гамашы
з фотографам-другам поэт падыйшоў.
(Ідэолёгія — ваша і наша,
нашы і вашы фарбы слоў).

Замежны капэлюш — поэт няпрызнаны,
славутага дзеяча — хвалены зяць.
З фотографам-другам, другам адданым,
любіў сустракацца, любіў сэймаваць.

Аднойчы казаў ён, — радзіма краіна
марудна расьце, як і сам беларус.
Фотограф даводзіў, — што мы — бязупынна
ўзьбіраемся вышай, што крок — угару!
Наша краіна ідзе з перамогай,
яе не спазнаеш праз год альбо два.

— О, гэта ўяўленьне! Ня хутка бярлогам
прыдуць на зьмену часы хараства.
І толькі збавеньне ў цудоўных пякнотах!..

Па-мойму, дык іншае зьменіць прастор.
І іншае гэта — індустрыі ўзьлёты;
паверце, я-ж рэпорцёр!

— Паверце і мне, гэта толькі крык
і прывабны такі, як вясеньні.
Ня веру я ў сілу савецкіх пазык,
гэта толькі адно захапленьне…

Паглядвае скоса дый зьдзіўлена гэтак
за працай сваёй чорнамазы айсор.
Паглядвае скоса айсор на поэта,
усьмешку ў айсора ўзбудзіў рэпорцёр.

5

І тут-жа ў браме
звоніць нажамі,
вітае прадвесьню
вытворчая песьня:
— Сып, бяжы,
ўгару,
угрунь.
Вастру
нажы,
нажы вастру.
Гэй, жар, брусок,
Яшчэ разок,
яшчэ разок —
блішчыць лязо!
Ўгару,
угрунь
бяжы,
ляці,
— чые нажы?
Плаці!

6

І зяць надумаў свой сьцізорык навастрыць,
ажно заўважыў — ля цукерні —
цесьць яго стаіць

Праменьні ўюцца ў цёмна-рыжай барадзе…
Стаіць захоплены, на дзіва для людзей,
каля вітрын цукерні,
расчыніўшы рот
дый гадае-думае,
які тут лепшы торт?

Поэт з фотографам да цесьця падышлі,
у трох стаяць — мяркуюцца і спрэчку завялі:
адным фруктовы торт,
цукровы для другіх,
стаяць каля цукерні,
спрачаюцца ў траіх.

І тут жа песьню ціхую
заводзіць комэрсант,
яго вясна ня радуе,
ня радуе краса:

— Дый на сто адсоткаў
Мы жывем дарма.
Згінуў заработак,
ой, няма, няма.

Усяго патроху,
ўсё-ткі магазын.
Гальштук ці панчоху,
збыць-бы на пачын!

Хоць рубля на цуда
мела-бы рука.
Як ні глянь, усюды —
толькі ЦРК.

Што-ж, браточкі, будзе?
Што-ж гэта рабіць?
Пэўна мы ня людзі,
і ня трэ‘ нам жыць?

Узрывай, паводка,
гэткі лёс тарчма!
Згінуў заработак,
ой, няма, няма…

А горад крынічыць
абуджаным гулам.
Народу ня зьлічыш,
ня зьлічыш прагулаў,

О, як цудоўна! Поэзія славы!
Портфэль у левай,
а торт у правай…

На спацары з цесьцем
і зяць і фотограф,
пад сонцам, па бруку!
Як вольна, як добра!

7

Былі-жылі на сьвеце два браты,
жылі ня ў роскашы, ня ў веях пекнаты.
Як дзень і ноч, зьнікаў за годам год,
адзін разумны стаў, другі наадварот.
Адзін да працы звык і ў тыя злыя дні
ён з першых раздуваў рэволюцыйны зьніч.
і не шкадуючы юнацкай галавы,
добраахвотна стаў армейцам радавым.
Цяпер на фабрыцы, каля варштату зноў…
Другі-ж валондаўся што-вечар па кіно,
і стаў пажарным (каб у армію ня йсьці,
адно выгоднае знайшлося што ў жыцьці!)
А там і фотографіяй займацца ён пачаў,
калі сьціхалі буры, віхор калі сьціхаў.
Але жыцьцё мяняецца, і ўжо ня так даўно
фотограф шле нататкі і ў газэту пра кіно.
Пайшла пісаць губэрня! Выдатны рэпорцёр…
„Голубая кофточка, веселый разговор“…
І дзівіць дзіва дзіўнае, як піша Ясакар, —
нізкая якасьць, высокі гонорар.
Кар‘ера на дыбы! Залічаны у штат:
будзь знаём рэдактару — падвысіцца разрад!

8

Этнограф, — (О, бедная краіна!..)
Па профэсіі, між іншага, хірург…
Ён сёньня змораны
ну, проста сілы гінуць,
ну, проста ён бяз сіл наводзіць манікюр.
Гады ляцяць, сівеюць бровы.
Калісь было —
бурліла ў жылах кроў.
Калісь было —
адным гаручым словам
ён замяняў звычайных сотню слоў.
Калісь было… Стагналі ў завірусе,
стагнаў народ, як поле ў буйны град.
Калі азёры сьлёз
расьлі на Беларусі,
ён на Ўкраіне быў,
там быў ён — дыплёмат.
І там-жа кума ён сустрэў аднойчы.
Пасябраваліся. І, з тых часоў былых,
адным агнём у іх пылаюць вочы,
адным імкненьнем б‘ецца сэрца ў іх.

Цяпер этнограф досьледы праводзіць
над нашай глебаю, над скарбам таямніц,
А ўсё яшчэ і сьледу не знаходзіць
багацьця нашага захованых крыніц.
Але, рэч ведама,
як спэц, амаль адзіны,

ён атрымоўвае з нагрузкаю аклад.
І нат яшчэ ўзбагачан новым чынам —
у акадэмікі чацьверты кандыдат.
Казаў начальству ён:
— Вайна хай загрукоча —
Чырвонай арміі мы верныя сыны.
І ў грудзі б‘е сябе, і хітра жмурыць вочы,
бо у камізэльцы схована „отсрочка
на два месяца в случае войны“…

Эх, дыплёмат! Эх, бедная краіна,
калі этнографам становіцца хірург…
................
Ён сёньня змораны,
ну, проста сілы гінуць,
ну, проста ён бяз сіл наводзіць манікюр.

9.

Над горадам сьцелецца змрочны шаль, —
красавіковы вечар.
Доцэнт і дырэктар да кума на баль
з да́мамі едуць, бясспрэчна,

Вязуць падарункі: доцэнт сэрвіз,
Дырэктар торт ананасны…
На вышку антэны месяц узьвіс,
месяц, як лысіна ясны…

На выдутых шынах рамізьнік па бруку
мчыць консультанта да кума.
У жонкі ў руках дарагіх падарункаў
орыгінальны клумак.

Пэнснэ праціраючы, вэтэрынар
тузіну нёс пірожных.
І ўсё праклінаў гарадзкі тротуар:
— Хадзіць абсолютна ня можна!

Запрошан фотограф. Долю сваю
аддаць ён надумаў на дзіва:
узяўшы ў профэсара інтэрв‘ю —
зьмясьціўшы ў газэце курсівам.

Аванс атрымаўшы пад свой гонорар,
зяць (бязумоўна!) з пашанай
цесьцю нясе залаты парцыгар
з надпісам вершаваным.

А доктар імкнецца пабіць рэкорд:
другу свайму дарагому
вязе ў падарунак сэрвіз і торт
і гульні хлопцу малому.

Сьцішыцца ў горадзе змораны тлум, —
трэба й яму адпачынак…
Сёньня профэсар, чудесны кум,

спраўляе свае імяніны.

10

Полымем зор
небасхіл ахвачан.
На вуліцы —
полымя буйных рэклям.
Шчупленькі крытык
(„Марксысты“ няйначай!)
стаіць задуменны
пад шыльдамі крам.
Стаіць і любуецца шыкам вітрыны,
ў вачох праз пэнснэ прабіваецца сум:
ён не запрошаны
на імяніны,
ня ўспомніў пра крытыка хвалены кум.
Стаіць задуменны, ўспаміны крыляцца.
Упёрся плячмі ў тэлеграфны слуп
і чуе ён словы, чуе зьнянацку,
з дзявочых фарбована-змучаных губ.
Адна падышла:
— Чаго-ж ты самотны? Пад ручку ўзяла…
Падміргнула…
Пайшоў…
i —
няпрыкметна
ў цьму падваротні
яго прывяла
ўзбунтаваная кроў…
— Ну, ня сьлюняйся, плаці і ня тузай,
чаго заікаешся, печаны гад!

— Мне, б‘ачце, скідку,
я-ж член профсаюзу,
б‘ачце, галёўна, выдаткаў шмат…
— Эх, ты!..
За гальштук хапіла са сьвістам,
сарвала пэнснэ, растаптала шкло.
Ён тупаў, кідаўся, затросься, як ліст той,
пахаладзеў
i —
ўсё прайшло.

Маланкай дадому прыбег ён сярдзіты,
а ў галаве навальнічны шум.
скрыўджаны сёньня праслаўлены крытык,
мутная помста зьвівае душу.

Ён не запрошан… А славіў у друку
і лектара-кума і зяця яго.
Малітву чытаць стаў,
сагнуўшыся крукам:
усхліпвае цьмяны лампадны агонь…

— Расіец заўзяты ў расійскім парадзе,
выходзіў палякам на польскі парад.
Цяпер беларус пры Савецкай уладзе,
які дабрадушны Савецкі ўрад.

Крытыкам стаў пролетарскай культуры,
чужы хто — ён „крые“, бярэ гонорар.
Знаёмаму — славу ў рэспубліцы бурна
заўзята стварае філёзоф-ліхвяр.

Час прабягаў… Злосьцю паколаты,
каб забясьпечыць спакойны сон —
дастаў ён з-пад прыпека
скрыначку золата
і любаваў даваенны звон.

Затым падлічаў ён запасы даляраў,
і ня вячэраў, бо заўтра на звод —
трэба патраціцца на акуляры,
— Б‘ачце, зусім непрадб‘ачны расход!

Лёг у пярыну і помстаю лютай
рашыў ён за гэткі няведамы зьдзек,
кума пакрыць па традыцыі — крута,
каб помніў, што крытык —
бой-чалавек!

А не, калі справа ня гэтак паверне,
грошы сабраў, дык чаго бедаваць?
— Паеду дамоў у Цьвярскую губэрню,
плёвая справа дыяканам стаць!..

11

Асабняк. Закрыты вакяніцы.
Наўкол цьвіце вішнёвы маладняк.
Сюды сабраліся на радасьць весяліцца,
сюды на радасьці сабралася радня.
Пакоі сьветлыя, прасторныя пакоі!…
Радні сабралася дзесяткаў, мабыць, тры.
Жанкі вясёлыя з „узвышаным“ настроем,
у кожнай кроў румянцамі гарыць.

Ужо, як водзіцца, заўсёды ў кожным доме
жанкі зьбіраюцца, і кожная, як сьлед,
перабіраюць фотографіі ў альбоме,
захапляюцца, сустрэўшы свой портрэт.

Гадзіньнік стрэлкі ўгору падганяе,
ударыў „поўнач“ звонкі малаток.
Мужчыны ў прэфэранс захоплена іграюць,
другія цешацца ў спакойнае лато.

Сястра доцента йграе на роялі.
Прад ёй поэт пакорна стан сагнуў.
У гуках музыкі абодва ўспаміналі
пару юнацкую, шчасьлівую вясну.

Яна спыталася і ціха так, таемна:
— Ты помніш Крым? Цыкады там пяюць…
— Я помню, любая…
— Калі табе прыемна,

Твой верш, ён, праўда — мой,
Табе я прапяю:

На беразе Чорнага мора
Рассыпаў я думкі сузор‘ем.
І як не маліцца прасторам
На беразе Чорнага мора?

Рассыпаў я думкі сузор‘ем.
І моўчкі стаю ў задуменьні.
Гатоў нават стаць на калені
На беразе Чорнага мора.

І як не маліцца прасторам
Вольніцы сілы і славы?
Штось раптам крыляцца праявы
На беразе Чорнага мора.

А вечар запальвае зоры
У горах высокіх, каменных.
Люблю я стаяць задуменным
На беразе Чорнага мора…

І грамада да поэта, адразу, —
— Просім вас,
просім,
Мы просім вас
разам:

— Прадэклямуйце!
— Урывак з поэмы!
— Любім поэзію!
— Ёю жывем мы!

Прыемна гарэць у агні хараства.
Поэт бляск вачэй апускае.
Адкашляўся — раз.
Адкашляўся — два.
Вынуў blok-not.
Чытае:

„Пад сонцам, сям‘ёю нязрушнай
Пярсьцёнкам дзівоснага шчасьця.
А ў шчасьце сьвятым дабрадушшам
дзьверы адчынены насьцеж.

Мы — дзеці багатых традыцый,
пакаленьне найлепшага ў сьвеце.
Наша шчасьце агнём бліскавіцы
ўзьвіваецца зайздрасьцю ў сьвеце.

О, мы непадступны, як скалы,
Мы ў хвалях сваіх лятуценьняў.
Сагнем-жа, пад звоны бокалаў,
хараство жыцьця на калені!

Ніякай рукою брыдотнай
Наша ня сьцяць існаваньне…
Чаму-ж не маліцца пяшчотам —
вянку залатога каханьня!?…“

— О, як цудоўна!
— Дзівосна!
— Браво!
Абступілі яго навакол…
А імяніньнік,
узрушаны славай,
гасьцей запрашае
за стол.

Частка трэцяя

правіць

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

1

На небакраі глыбока-глыбока
зара-зараніца прыплюшчыла вока,
скрытнасьцю хітрай, іскрой залатою —
глядзіць на жыцьцё гарадзкое.

Хай гэта вобраз контролю, надзора…
На зьмену зары загараюцца зоры
і бляскам сваім з недасяжнага ўзгор‘я —
сочаць за ходам гісторыі…

Завулкам зялёным
студэнцкая моладзь
раскідае гоман
вясёлы.
Гуртам-аравай
з песьняю бравай
праходзяць бадзёра —
на славу! —

— Мо‘ пачуеце доцэнта
З неахлюйнасьцю акцэнта?
Ня дзівецеся! Ня трэба!
Ня шукайце слоў ганебных!
Прыдзе час — удасканаліць,
як-ні-як і тэрмін далі.

Тэрмін пройдзе ў цьмянай славе,
глянь — доцэнт як трэба стаў,
і ня скажа больш — „панздравіў“
прыгажэй за — „прывітаў“.

Многа ў нас такіх зьбярэцца.
Што-ж ты зробіш? Як бяз спэцаў
абыйсьціся?.. Пачакаем.
Спэц, як хлеб. Пара такая.
А доцэнт? Ну, хто ня знае, -
спэц такі, як я кітаец,

З нашай мовы скажа слова…
Брызгне ухмылкай ішака.
Пару слоў з другое мовы…
— Звоніць — звон без языка.

Як каромысла, на носе
шкло для важнасьці ён носіць.
Па абмылцы, часам, прэса
клічку дасьць яму — профэсар.
Раз — профэсар? — Ясна, з мовай
знацца не абавязкова.

Шэсьць казырных — выйгрыш мірны,
а на сем — рыскне і трус.
І доцэнт, як туз казырны,
— Чым паб‘еш казырны туз?

І раптам песьню абарвала,
як струну цымбалаў,
сырэна аўто.

— Хто-ж гэта, хто?
Машына стала.
Ён пайшоў у асабняк.

— Пэўна куму сваяк?
Аднак
шофэр „зачыніў Fiat“,

закурыў замежную цыгару
і даў знак
мінай важнасьці на твары,
што ён ледзь-ледзь не дыплёмат.

Сярод гурмы юнацкай
пазнаў адзін, аж надта.
(Калісьці быў на працы
з ледзь-ледзь не дыплёматам).

І расказваў злосна,
злосна і страката,
пра прыгоды-дзеі
ледзь не дыплёмата.

— Слухайце!
Сам ён шляхецкай пароды.
Мужыцкаю працай
жыў доўгія годы.
Цягаўся за межамі
ў часе змаганьня.
Супроць нас трымаў,
Як сьмерць нашу, камень.
Толку ўсё-ж мала:
заводзіць ён гандаль,
організуючы штаб контрабанды.
Праз час, незадоўга,
ён тут, сярод нас —
пераніцованым
ў нашынскі бляск
Сьпярша —
рэгістратар.
Затым —
дзелавод.
Дав-вай!
Kap‘epa!
Поўны ход!

*

Раён, затым акруга…
Ледз-ледзь не дыплёмат —
на курсы выяжджае
ў славуты Ленінград.

Вярнуўся ён, як крытык,
а крытык — чорта два.
Што чалавек — то плечы,
на плечах — галава.

Расьце, расьце поэзія,
а крытыкі няма.
Таму і хлеб харошы,
і слава задарма.

Поэта-романіста
(пайшла такая мода!)
аблае мешчанінам,
злачынцам зробіць шкодным…

… Зірнула сонца яснае
ў ягонае акенца,
і — ён пралез у шэрагі
савецкіх вылучэнцаў.

Амэрыкан кар‘epa!
Партмаксымум!
Fiat!

І выкшталцоны шляхціц
ледзь-ледзь не дыплёмат.
А ўсё-ткі
і портфэль,

і тон,
і партбілет, —
пралаза, ветрам шыты,
спрытны прайдзісьвет!

А ў кума імяніны,
і слухае зямля —
грузінскую лезгінку,
малітву Шаміля.

Стаіць Fiat-машына,
і слухае шофэр.
а ў сэрцы гнеў бунтуецца,
нібы палонны зьвер!

— Лілі мы кроў, змагаліся,
За што? — І сам ня знае.
— Буржуазію выгналі,
дык новая ўзрастае?..

А з вечарынкі чуецца:
— Будуем новы быт!
„Лявоніху“ — „Лявоніху“ —
мясцовы колёрыт…

А зоры,
зоры,
зоры
і месяц
заадно —
шофэра угаварваюць
у бок зьвярнуць старно.
І кіраваць машынаю
гартованай рукой —
у новы і рашучы
і хай астатні
бой!

2

Двурогі месяц зваў на сход
брыгады зор ударных.
Парадак дню: праверыць ход
спаборніцтва ў надхмар‘і.

А шустры зорны маладняк
у хвалях змроку мутных
на „вус матае“ асабняк
усіх яго прысутных.

Ліюцца песьні, і „кадрыль“
„Лявоніху“ зьмяняе.
Працьвітай уласны стыль —
самабытнасьць краю!

Зор атрад свой сьмех ліе,
іскрыцца над шофэрам:
— Табе, таварыш, мы свае —
мы з лёгкай кавалерыі.

І раптам, ценьню ля аўто,
да кума ў двор стралой,
схаваўшы твар у паліто —
яшчэ адзін герой.

Чакай, гэрой, ты будзеш наш.
Таемнасьць мы разьвяжам!..
— О!.. гэта ты, падхалімаж,
ці падхалім, як кажуць.

3

Туманнымі пальцамі хмар
восень лісьце пажоўклае рвала.
Вецер біўся, як хвалі аб скалы,
і імглою бурліўся, як вар.

Няветліва восень прыйшла.
Як краты, сьціскаюць туманы.
Фурманкі дзьве золакам-рана
крануліся разам з сяла.

Паперадзе ўхутаны поп
ў гімназію сына завозіць
вучыць, але сэрца ў трывозе:
сына вязе й земляроб.

І ён за свае за правы
трывогу ня мог не расьсеяць.
Тутэйшая наша Расея, —
поп і… гарадавы!

Папоўскі сынок, як друг,
залічаны быў, вядома.
А мусіў вярнуцца дадому
сын земляроба — пастух.

Прыдушаны грудзі зямлі.
Бязьлітасна гойсае восень.
Дарога даўгая… Галосяць
прысады галінамі ліп.

4

Зазвычай, як году ня стане,
з надзеяй вітаюць другі.
Туга ішло навучаньне
розум нікчэмнай вагі.

Жыцьцё мае тысячы шчылін…
Папоўскаму сыну, як сьлед:
дзьверы шырэй адчынілі
ў сталічны ўнівэрсытэт.

Маліся за здравых і мёртвых,
дзе трэба — схіліся, падмаж.
Выйдзеш у людзі! — Разгортвай
плянавы падхалімаж.

І ён-дзе падмажа, дзе зьліжа,
дзе пройдзе, а дзе падбяжыць.
Да мэты ўсё ж блізіцца бліжай…
… Кожнаму хочацца жыць!?

Сягаючы „праўдай і верай“,
у лютаўскіх выбухах бур
стаў ён расійскім эсэрам,
здатным тварцом авантур.

Чыннасьць грамадзкая вабіць:
у Беларусі прыстаў.
І ў павятовым маштабе
дзеячам слаўленым стаў.

5

Окупаваны
край
наш!
Знай:
каля пана
падхалімаж.

Артыкул друкуе
ажыўлена-палкі:
вітае сьвятую
нагу маршалка.

У горад і ў вёску
шле вязку слоў:
— „Сьмерць
войску
бальшавікоў!
Шляхта, у касьцёлы,
у цэрквы з дарамі.
Радасьці золак
іскрыццца над намі.
Нам край належыць,
пакуль зьзяюць зоры.
Успомніце межы
ад мора да мора“…

За гэту прысягу,
за гэты артыкул,
служба і ўвага —
i … морда ня біта!

Дзе трэба — лі сьлёзы,
дзе трэба — падмаж.
Помніць свой лёзунг —
падхалімаж.

6

Нацполітыка маршала
Беларусьсю панавала.
Мова, школы, песьні, клюбы
ахвярованы на згубу.
А для ўцехі ад дасады
працу вынайшлі для „Рады“ —
„Радзе“ даў маршал правы —
абеларушваньне царквы.
На царкоўны гэты звон
зброд ляцеў з усіх старон.
— Новы курс! Віват! Ідэя!..
Павятовы вырас дзеяч.
Хоць і новыя турботы,
дый ня ушкодзіць заработак.
„Сьвяты божа“, — „Ойча наш
пераклаў падхалімаж…
Веру ў бога, веру ў маць
пусьціць ён, каб праканаць —
што ідзе і блізка мусіць
адраджэньне Беларусі.

7

Злоты надбавяць, —
ён возьме нагрузку
ўгаварваць
маліцца
па-беларуску.
Едзе ў раёны.
Ля цэрквы мясцовай
перад сялянствам
разводзіць прамову:

— Выхаваньня
моральнага
быць ня можа
без выкладаньня
закону божага.

А каб лягчэй
успрымалі галовы,
мальбу пераложым
на матчыну мову.

Новая праца
і новыя людзі.

Расійскі эсэр
у навінах ня блудзіць.

Стаў неадменным
сябром дэфэнзывы.

Знаёмства заводзіць
з мясцовым актывам.

А неўзабаве
на сходзе…
з закускай

з эсэра
расійскага
стаў
беларускім.

8

Усё пайшло на злом, на свалку.
Патрывожылі маршалка.
Давялося легіёнам
пад напорам войск чырвоных
уцячы, хоць зруйнаваўшы
на шляху заводы нашы.

А з завулку гулка-конны,
фланг прарваўшы — ўзвод чырвоных.
І эсэр ня траціць розум —
ён знайшоў савецкі лёзунг:
— З сэрцам чулым
ў нашым краі
вас, таварышы, вітаю!
З нашых плеч зышла гара.
Ўра!
Таварышы!
Ур-р-ра!..

9

Працоўныя гораду воляй авіты,
выйшлі на вуліцу,
выйшлі на мітынг.
Выбухам шчасьця
краіну клічуць —
змагацца-гарэць
за сусьветны Кастрычнік!

Паводкай прадвесьні
з песьняй мільёнаў
праходзілі
поступам
гордым
колёны…

Праменьні, як дзеці,
на вуліцу лезуць,
з рабочымі разам
пяюць марсэльезу.

На мітынг з колёнай
узьвітай,
рабочай
падхалімаж
па бруку крочыць.

10

Кожны шукае
пражытку сабе —
і ён пралязае
ў рады КПБ.

Тут лёгка дазнацца,
забраць партбілет, —
ён едзе на працу
у іншы павет.

Як ліст той асеньні,
дрыжэў ля гнязда:
„Мне отмщение
и аз воздам“.

І хітра, як-небудзь,
праз шчыліны сьцен,
з падходцам, дзе трэба,
ён блізіцца ў цэнтр.

Дзе трэба — лі сьлёзы,
дзе трэба — падмаж.
Помніць свой лёзунг —
падхалімаж.

Вось так і чырвоным
профэсарам стаў,
і роль камэртона
марксызму узяў!..

11

Як людзі, мінаюць
за годам год.
Мы выступаем,
у новы паход!

Зрух Беларусі
рыхтуе наш стан.
Выканаць мусім
гіганцкі плян!

Праца ўзяла бальшавіцкі ход!
Ў спаборніцтва выйшаў
працоўны народ!..

А сэрца балюча парой зашчыміць,
калі, як хрыстос, на будоўлі стаіць
і брудзіць стан
бальшавіцкі
наш
плянавы падхалімаж.

Эпілёг

правіць

ЭПІЛЁГ

Разьлівам
паводкі
За —
пяцігодку, —
ў бой навальнічны
партыя кліча!

Фабрыка — полк.
Цэх — узвод.
За крокам крок
— паход!

На межы —
разьбежна!
На хутар —
гуртам, —
у бой навальнічны
партыя кліча!

Фабрыка — полк.
Цэх — узвод.
За крокам крок
— паход!

Тварцоў
пакаленьне —
на здраду,
на цені, —
ў бой навальнічны
партыя кліча!

Фабрыка — полк.
Цэх — узвод.
За крокам крок
паход!

За сьпеў
многаструнны,
за шчасьце
комуны, —
ў бой навальнічны
партыя кліча!

Крык
варштата —
штык,
граната.

Нетраў
сок —
электра-
ток,

Рух
Машыны —
плуг
далінам.

Поле,
нівы —
Коле-
ктыву!

Ў добры час!
Красуй колгас!
Рунь.
Рань.
— Угрунь!
— Паўстань!

Працуй, краіна,
бесьперапынна!

1927—1930 г.
г. Менск.

ТАГО-Ж АЎТАРА

Па беларускім бруку — вершы. БДВ — 1925 (разыйшлася).

Па беларускім бруку — вершы. БДВ — 1928. Выданьне 2-е.

Сутарэньне — апавяданьні. Выданьне „ЦБ Маладняка“ 1925. (разышлася).

Паўстанцы — поэма. Выданьне „Чырвоная Зьмена“ — 1925 (разышлася).

Прозалаць — вершы. Выданьне „ЦБ Маладняка“ 1926. (разышлася).

Угрунь — вершы. БДВ 1927 (разышлася).

Угрунь — вершы. БДВ 1928. Выданьне 2-е.

Фабрыка сьмерці — вершы. БДВ 1929 (разышлася).

падрыхтавана да друку

 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.