Цьвёрдая скура (1931)/Боская ласка
← Цьвёрдая скура | Боская ласка Апавяданьне Аўтар: Яраслаў Гашак 1931 год |
Хахолка → |
БОСКАЯ ЛАСКА
Каму-колечы той нявыказна-прыгожы час, калі на палёх дасьпявае збожжа, каласы яго наліліся зернем і лагодна шапацяць, зьяўляецца часам няпрыемнага адчуваньня ў шлунках. Гэта ў гімназістых перад экзаменамі пачынае перабіраць жываты.
У сонечныя дні шмат хто з гімназістых спацыруе па палёх з няпрыемнай думкай аб тым, што калі гэтыя каласы будуць у снапох, калі пад цапамі малатарні пачне асыпацца зерне, экзамены хоць і скончацца, але жахлівыя пасьведчаньні з невядомымі адзнакамі яшчэ будуць недзе ў дарозе.
Шасьціклясьнік Данэк у суботу пасьля імшы спацыраваў па полі каля невялічкага ляску і глядзеў на нізкі куст ядлоўца, што рос каля самага ўзьмежку; далей за кустом ужо ішло поле з залацістым каліўём пшаніцы. Ён глянуў на гэты ядловец і неспадзявана ўспомніў настаўніка па законе боскім, патэра Шамбэлу.
Гэты патэр меў такую-ж, як гэты куст, стаўбунаватую, усю у шышках, галаву, і ў той момант, калі ў Данэка вынікла гэтае параўнаньне, ён ужо больш не захапляўся прыродай.
Ён загледзеўся на фіялетавую кветку нейкага пустазельля, якое раскошна цьвіло сярод каласоў пшаніцы, і ўспомніў, што нядаўна патэр Шамбэла назваў яго гэткім-жа вось пустазельлем за тое, што ён, адказваючы на пытаньне, колькі было рымскіх пап з імем Сыкст, памыліўся нешта на тры адзінкі. Гэтае пытаньне ўласна было задана яму крыху неуспадзеўкі.
Ён якраз думаў пра тое, як бязглузда ён прайграў партыю ў більярд, каб ён не загарачыўся і апошнюю кулю біў з пальца, а ня з лёту, гэтага-б ня здарылася.
Дзіўная рэч, кожны раз, як ідзе лекцыя царкоўнае гісторыі, у галаву лезе гульня ў більярд.
У той раз, калі патэр расказваў пра тое, што папа Сыкст VII больш за ўсё любіў насіць чырвоную мантыю, Данэк нечакана голасна крыкнуў: „Трэба было мне гуляць з чырвонага!“ Ну, а далей усё пайшло сваёй чаргой. Яго выклікалі да дошкі і ён стаў узмоцнена перабіраць па памяці ўсіх пап з імем Сыкст.
А потым ён быў адасланы на сваю лаўку, названы ўплёвінаю і, адыходзячы, бачыў, як патэр пасьлініў аловак і сказаў яму салодкім голасам: „Гэтая адзінка будзе шмат каштаваць!“
Учора патэр ізноў выклікаў яго да дошкі і папрасіў растлумачыць гістарычнае паходжаньне царкоўнага начыньня. Але з тае прычыны, што Данэк нічога ня ведаў, патэр заявіў, што ў гэтым годзе ён канчае з Данэкам усякія разрахункі і што на канчэньні навучальнага году як мае быць сквітаецца з ім. Няхай ён напіша ў часе летняга адпачынку, як яго спаткалі дома з нездавальняючай адзнакай па законе боскім! А, нарэшце, дадаў, што ён, Данэк, у клясе выконвае ролю сыроватачнае травы.
Данэк, глянуўшы вакол сябе, угледзеў жоўтую сыроватачную траву з тыповым пахам. Ён падышоў і зьбіў палкаю першае, якое трапіла пад руку, каліва гэтае травы і пайшоў далей.
Птушкі сьпявалі весела, бо ім няма патрэбы думаць аб тым, колькі было пап з
імем Сыкст: ніякага дачыненьня да пап ня мелі і яшчаркі, якія зрэдку шмыгалі ў Данэка пад нагамі, калі яму траплялася ісьці з узгоркаў.
Жужалі, конікі, мурашкі мітусіліся ў траве, заяц і зайчыха гарэзавалі на палянцы, бо яны не павінны былі думаць аб гістарычным паходжаньні царкоўнага начыньня.
Гімназісты Данэк у гэты момант быў самай няшчаснай істотай прыроды сярод усіх істот прыроды і можа праз гэта ён папусьціў кіем у вавёрку, якая, драпаючыся ўверх па хвоі, з пагардаю махала яму сваім пушыстым хвастом.
Ён падышоў да таго самага куста ядлоўцу, які сваёю формаю нагадваў галаву патэра, і зматлашыў яго ўшчэнт кіем. Пасьля гэтага ён накіраваўся ўніз, у вёску, што была відна на касабочыне.
Гэта была вельмі прыгожая вёска.
Данэк залюбаваўся на распасьцерты перад ім малюнак з сіняватым воддаль пасам гор. Гэта было так хораша, што яму захацелася пайсьці ў піўную і заказаць сабе кубак піва і кавалак хлеба з сырам.
Калі-ж ён апынуўся ў піўной і пачаў скрыляць хлеб, мазаць яго сырам і запіваць півам, журба стала спадаць. Ён пастанавіў, што абавязкова вывучыць напамяць імёны ўсіх пап і вывучыць аб гістарычным паходжаньні ўсяго царкоўнага начыньня і, адчуўшы ўпэўненасьць у сваіх сілах, заказаў яшчэ адзін кубак піва.
Не пасьпелі яшчэ прынесьці яму гэты другі кубак, як на бязьмерны жах яго ў піўную ўвайшоў патэр Шамбэла з парасонам у аднэй руце і з плашчом, на якім была вышыта сіняя пяцірогая зорка, бо ён быў мальтыянцам. У другой руцэ ён трымаў кветкі, якія назьбіраў у полі. Калі ён убачыў Данэка, які ўстаў з-за стала і ўзмоцнена разглядаў акно, у якое яго раптам пацягнула кінуцца, дык прамовіў:
— Дык вось як вы, Данэк, рыхтуеце вашыя лекцыі!
Ён кінуў плашч, капялюш, кветкі і парасон на крэсла, сеў побач з Данэкам і сказаў:
— Дык вось як мы з вамі сустрэліся, даражэнькі, прысаджвайцеся. Дзе вы былі?
— Я спацыраваў, пане настаўнік. Вельмі-ж хораша цяпер у полі, прыгожасьць такая… — мармытаў Данэк.
— Ды так, у полі зараз хараство, — узьнёсла сказаў патэр Шамбэла. — Усё, што вы ні бачылі, усё гэта гаворыць нам пра славу боскую, сьведчыць аб велічы яго творцы. А што вы сабе заказалі?
— Сыр, пане настаўнік.
— Пасьля спацыру, мусіць, на вас, як на ваўка, голад напаў. З ахвотай веру. А што, сыр добры?
— Вельмі нават, пане настаўнік.
— Дык я сабе таксама закажу сыру. Ну, а дзе вы былі?
— За ляском.
— За ляском вельмі хораша. Там птушкі хвалу богу пяюць, а як тут наконт піва?
— Піва даволі ніштаватае.
— Вельмі рады. Ці бачыце, Данэк, вам без дазволу дырэктара цягацца па піўных няможна і нават няможна ў ёй купляць, гэта
вы павінны ведаць з правіл навучаньня, але сёньня я вам гэта дарую.
Ён ганарыста расьсеўся за сталом, заказаў сабе сыру і кубак піва і стаў набіваць свой жывот, ухваляючы ўвесь час веліч боскую.
— А ці ведаеце, Данэк, тут піва ладнае. Дайце яшчэ адзін, — загадаў ён служцы.
І чым далей, тым больш прыгожым рабіўся сьвет белы для патэра Шамбэлы. Пад канец ён ужо ня толькі дазволіў Данэку піць піва, але і сам заказаў для яго некалькі кубкаў, а калі падышоў час плаціць, дык у патэра, які ўжо быў п‘яны, як зямля, ня было ні шэлега ў кішэні, і Данэку давялося аддаць шынкару ўсе грошы, якія яму надоечы прыслаў дзядзька для разрахунку з гаспадыняю.
Затое пасьля патэр паставіў яму „здавальняюча“ па законе боскім.