Цьвёрдая скура (1931)/Цьвёрдая скура

Прадмова Цьвёрдая скура
Апавяданьне
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Арыгінальная назва: V hodině náboženství
Боская ласка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦЬВЁРДАЯ СКУРА

Дзеці вёскі Каруповай з гісторыі старога закону ведалі толькі адно, што мілы божачка па сваёй бясконцай добрасьці стварыў хмызьняк, а пасьля хмызьняку — настаўніка па законе боскім, патэра Горачка.

Абедзьве гэтыя рэчы ўзаемна дапаўнялі адна адну.

Потым пан божачка нацяміў людзей з хмызьняку рабіць дубцы, а патэра Горачку спрабаваць моц іx на некаторых часьцінах цела сваіх вучняў.

Звычайна гэта пачыналася так: патэр Горачак, прышоўшы ў клясу, з жалем пазіраў на пахмурыя твары сваіх вучняў і казаў:

— Ванітэк, істота найдурнейшая, мне здаецца, што ты ня здолееш пералічыць сем самых важных грахоў ад канца да пачатку.

З дапамогаю такіх мудрагельных пытаньняў патэр Горачак намагаўся з сваіх вучняў зрабіць сапраўдных эквілібрыстых па законе боскім. Ён, напрыклад, прымушаў дзяцей гаварыць напамяць дзесяць запаведзяй у раздроб.

— Людвісь, — звычайна пытаў ён, — а ну, скажы мне хуценька, якая запаведзь ад канца трэцяя, што перад „не украдзі“.

Гэта была сапраўдная боская матэматыка, якая звычайна канчалася лупцоўкай, вельмі патрэбнай на погляд патэра, калі вывучаеш боскія навукі.

І заўсёды, хто б ні быў: Ванітэк ці Бухар, Людвісь ці іншы хто — усе яны на лекцыі закону боскага падымаліся з сваіх лавак і ішлі да стала, за якім сядзеў патэр Горачак, абдураныя верай у бясконцую веру боскую. Каля стала яны яшчэ больш пераконваліся ў тым, што боскія разуменьні месьцяцца не ў катэхізьме, а ў тэй часьціне іх цела, на якой яны звычайна сядзяць.

Лупцоўку рабіў патэр зазвычай так: клаў аднаго за адным сабе на калена і адкладаў дубцом, лагодна пры гэтым усьміхаючыся, і, кажучы:

— Хвалеце бога за тое, што лупцую вас я, а ня хто там іншы.

Аднойчы вучань Вепрык паведаміў усёй клясе, што ён чуў, нібы калі намазаць дубец часнаком, дык ён альбо вельмі хутка зломіцца, або, калі ім лупцаваць, дык ані трошачкі не баліць.

Ад гэтае навіны ўсіх вучняў агарнула палкая надзея, што ім удасца як колечы сапхнуць з сябе пакуты. Шмат хто, як націраў дубец часнаком, сьлязьмі плакаў, але надзеі ўсё-ж ня спраўдзіліся.

Дубец не ламіўся і балела ад яго ані ня менш, як раней.

Пасьля чарговае лупцоўкі, патэр сказаў ім яшчэ спэцыяльную казань, дзе давёў, што яны мерыліся зрабіць ашуканства, жадалі ашукаць самаго бога, але бога не ашукаеш, ён справядлівы і ўсіх карае па заслугах. Ён растлумачыў ім, якімі згубнымі могуць быць для іх вынікі гэтых ашуканстваў. Ён гатовы быў закладацца на райскае жыцьцё, што гэты часнок, якім нацерлі яго дубец, вучні ўкралі, а за крадзеж ён будзе лупцаваць іх асобна.

— Бясспрэчна, — сказаў ён, — што ўсе вы, апроч Венушака і Здэнэка (гэтых вучняў не лупцавалі, бо бацька Здэнэка быў багатым селянінам, членам школьнага савету, а Венушак сынам кіраўніка панскага двара), скончыце сваё жыцьцё на шыбеніцы.

Так маркотна праходзілі дні і ня было ні якога ратунку ад лупцовак. Ужо так і здавалася, што карупаўскія школьнікі нічога не надумаюць, каб пазбавіцца ад лупцовак і што лупцоўкам канца-краю ня будзе. Аднак кульгавы Мельгуба нешта такое надумаў.

Ён сабраў каля копані ўсіх школьнікаў і расказаў ім пра сваю хатнюю практыку. Ён напхаў штонікі паперай і скінуў з паліцы гладыш з малаком. За разьбіты гладыш яго зараз-жа адлупцавалі дзягай, але балела ў два разы менш, як звычайна. Папера захоўвае ад болю. З гэтага дня ўсе сталі зьбіраць паперу. Містэрка, сын крамніка, зрабіўся дастаўніком гэтага выратавальнага сродку.

Але аднаго разу патэр прыкмеціў, што дзеці больш не баяцца яго лупцовак і зусім ня выкручваюцца, нібы на гарачай патэльні, як гэта было раней.

Ён доўга думаў аб прычынах такога зьявішча і пастанавіў, што іх скура стала да таго цьвёрдай, што для дасканалага вывучэньня закону боскага трэба здабыць новы дубец, больш солідны і цяжкі, чымся той, што ў яго ёсьць. Пан-жа бог стварыў хмызняк усякай велічыні і таўшчыні.

Ён паставіў вучняў у рад, зьбіраючыся адлупцаваць кожнага дзесятага, і сказаў ім, што ён думаў наконт іх зацьвярдзелай скуры.

— Вось табе, Містэрка, грошы, — сказаў ён, — ідзі да бацькі і папрасі яго выбраць мне дубец як найтаўсьцей.

Пры гэтым патэр заўважыў, як па тварах яго вучняў прабеглі сударгі і са здавальненьнем пацёр сабе рукі. Бацька Містэркі сапраўды выбраў такі зручны дубец, што калі прыпусьціць ім, дык ніякі пласт паперы ня здолее выратаваць ад болю. Такім чынам, само жыцьце паставіла на чаргу новую проблему: удасканаліць вынайдзены спосаб ратаваць сябе ад болю. Той-жа самы Мельгуба зрабіў новае вынаходзтва: прамакатка спрыяла паслабленьню болю.

На другі дзень пасьля экзэкуцыі патэр уздыхаў:

— Божа моцны, якая-ж у іх цьвёрдая скура. — І зноў папрасіў Містэрку, каб ён купіў яшчэ больш таўсты дубец.

Містэрка прынёс самы таўсты дубец, больш падобны на ёмкі кій, чым на дубец. Таўсьцейшых за гэты дубец у бацькавай краме ня было. Ад яго прамакатка трэскалася і рвалася.

— Цяпер нас нішто ня выратуе, — уздыхаў Мельгуба.

На другі дзень на лекцыі закону боскага вучні сумна пераглядаліся адзін з адным, бо ведалі, што змаганьне стала марным. У гэты дзень, як звычайна, перад патэрам пасталі пятнаццаць вучняў, сярод якіх быў і Вепрык. Пакуль справа дайшла да Вепрыка, патэр адлупцаваў адзінаццаць чалавек. Калі іх лупцавалі, яны галасілі на розныя лады і толькі адзін Вепрык усьміхаўся. Калі патэр перагнуў яго праз калена і тоўсты кій з размаху гахнуў Вепрыка па задзе, разьлёгся гук, нібы хто разануў калом па мядніцы. Зьбянтэжаны патэр выпусьціў Вепрыка, што ўсьміхаўся, і закрычаў:

— Спусьці штонікі!

Вепрык пакінуў свае ўсьмешкі, спусьціў штонікі, вынуў з іх і падаў патэру мэталёвую дошчачку, якую ён учора сьцягнуў у касьцёле і на якой патэр з жахам прачытаў: „Ахвяруйце на аздобу дому боскага“.