Цьвёрдая скура (1931)/Прадмова

Прадмова
Публіцыстыка

1931 год
Цьвёрдая скура

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Яраслаў Гашэк — чэскі пісьменьнік-сатырык. Яго ведаюць у нас пераважна па яго гумарыстычным романе „Прыгоды адважнага салдата Швэйка“. Але, апрача гэтага роману, Гашэк напісаў сотні дробных апавяданьняў. Буржуазны суд, буржуазную навуку, асновы капіталістычнае дзяржаўнасьці — шлюб, сям‘ю, царкву і іншае да таго падобнае — кпліва апісваў ён у гэтых сваіх невялічкіх творах. Не прамінуў ён і такога важнага ў руках пануючае клясы сродку выхаваньня мас, як школа. Праўда, Гашэк не пролетарскі пісьменьнік і мы ня знойдзем у яго такога твору, дзе-б ад пачатку і да канца была раскрытыкавана буржуазная школьная сыстэма. Але ў Гашэка ёсьць некаторыя апавяданьні (частку іх чытач знойдзе ў гэтай кніжцы), у якіх ён закранае некаторыя яе бакі.

Гэтыя апавяданьні Гашэка, напісаныя яшчэ да вайны, ня страцілі сваёй значнасьці і на сёнешні дзень для Заходняе Эўропы, наогул, Чэха-Славакіі, у прыватнасьці. Да гэтых часоў у дзіцячым аддзеле газэты „Рудэ права“ (орган комуністычнае партыі Чэха-Славакіі) спатыкаюцца допісы дзіцячых корэспондэнтаў са скаргамі на настаўнікаў, якія ўжываюць біцьцё, не гаворачы ўжо аб перасьледваньнях піонэраў. Што-ж датычыцца апошняга апавяданьня — „Каза і ўсемагутны бог“, дык яго ўставілі сюды, як прыклад антырэлігійных апавяданьняў Гашэка, у якіх ён выкрывае фальшывасьць папоў.