І ноч і дзень, і днём і ноччу
Сядзіць яна і пільна тчэ,
Хоць сон гняце яе на ўмочу
І сьлепат рэе ля вачэй;
Хоць рэжа больлю гострай сьпіну,
І тою больлю коле ў бок.
Ні раз губляецца дзяўчынін
Вяртлявы з цэўкаю чаўнок.
Яна астатнія патугі
Сілком зьбірае, і з рукі
З навою гоніць круг за кругам,
Шпіляе шчыльныя радкі.
Мінае час і чырвань нітак
Выходзіць ў гладкім дывану…
Каму-ж старэнна, на прыбытак
Дзяўчына тчэ, і што? Каму?
А тчэ яна ўжо дзень аж трэці
З чырвоні зрэбнае штандар,
Братом аддаць чырвон‘армейцам
За бой, за волю ў слаўны дар.
Аддаць за тое, што з напасьці
Яны пазбавілі народ,
Што новай цяжкай панскай ўласьці
Сваім жыцьцём спынілі ход,
І край свабодным захавалі,
І людзям волю зьбераглі,
Хоць многіх мёртвымі схавалі
Ў глыбі халоднае зямлі…
Падзякі поўная, дзяўчына —
Сама ткачыха й стала ткаць
Чырвоны штандар ад краіны
Барцом за волю дараваць.
І трэці дзень за тканьнем к ночы,
За пільнай працаю ідзець…
Хутчэй, сяструхна! Прагнуць вочы
Твой дар ваякам паглядзець!
|