Цішка Гартны (1923)/Выбраныя творы/Песьня жняі

Каваль Песьня жняі
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1923 год
Я ня маю срэбра…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня жняі (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьня жняі.

Пад сярпом маім крывым
Жыта хутка гнецца,
Сноп за снопам у радкі
Покладам кладзецца.

Не баюся сьпёкі я
Сонца агнявога
І ня чую, што баляць
Рукі, крыж і ногі.

Пот ліецца ручайком,
Смага забірае;
Я-ж вясёлая ўсё жну,
Жну ды падпяваю.

Час пасьпешна так ляціць —
Скора вечар будзе,
І я нівачку сваю
Так дажну, як людзі,

Ды пасьпею мо‘ яшчэ
У снапы зьвязаці.
Ох, люблю-люблю сваё,
Сваё жыта жаці.

Як сажну яго я ўсё
І зьвязём да хаты,
Будзем хлеба на год мець,
Будзем мы багаты.

А салодак свой хлябок
(Каб-жа быў ён вечан!),
Хоць і чорны, і крупны
І няўмела сьпечан.

Эх, хутчэй, хутчэй рука
Ты з сярпом махайся!
Будзь ты, жыта, ядраным
Умалотным ўдайся…

Пад сярпом маім крывым,
Хутка жыта гнецца,
Сноп за снопам у радок
Покладам кладзецца…