Чым чорт не шуціць
← Як яны ваююць | Чым чорт не шуціць Фельетон Аўтар: Янка Купала Крыніца: Збор твораў у 9 т. Том 8 / Мінск, Маст. Літ., 2002. ст. 31 |
Агляд кніг → |
Яснавяльможны пан рэдактар яснавяльможнай газеты «Kurjer Litewski» сядзеў у сваім пакоі на пуховай пярыне і горка-горка плакаў. Як чорная поліўка, ліліся яго буйныя слёзы на васкаваную падлогу, каціліся за дзверы на вуліцу і, як свой з сваім, мяшаліся з расхляпаным балотам віленскіх каркаломных брукаў.
Рэдактар плакаў і плакаў…
І было чаго плакаць! — Вычытаў ён у сваёй жа газеце, што ў Прусах Заходніх бязбожнікі-немцы вучаць дзяцей-палякаў па нямецку; забараняюць бедным дзеткам чытаць і маліцца Богу ў сваёй роднай мове. Кожны мала-веле справядлівы чалавек заплача над гэткай нямецкай несправядлівасцю.
І рэдактар плакаў, плакаў і… думаў. У канцы ўзяў пяро, набожна перахрысціўся, набожна пацалаваў крыж і напісаў у сваю яснавяльможную газету горка-слязлівую стаццю пад такім загалоўкам: «Якім парадкам прымусіць дзяцей-беларусаў вучыцца і маліцца па-польску».
І паліліся ізноў па віленскім каркаломным бруку гаротныя слёзы, слёзы кракадзілавы.
Каментар
правіцьАпублікавана ў газеце «Наша ніва» №43, 24 кастрычніка 1913 году за подпісам К-а.