Як яны ваююць
← чаму плача песня наша? | Як яны ваююць Артыкул Аўтар: Янка Купала Крыніца: Збор твораў у 9 т. Том 8 / Мінск, Маст. Літ., 2002. ст. 29-31 |
Чым чорт не шуціць → |
Ізноў паднімаецца справа навукі дзяцей веры ў іх роднай мові, ізноў ідзе змаганне аб тое, у якой мове павінны беларусы маліцца і слухаць слова Божае ў касцёле.
Павэдлуг цыркуляра міністра народнай прасветы Кассо, каторы скасаваў для беларусаў маніфест 17 апреля 1905 г. аб навуцы рэлігіі ў роднай мові дзяцей, нашы дзеці павінны вучыцца не ў тэй мові, якой яны, іх бацькі, дзяды і прадзеды гаварылі, а па-расейску. Беларускую мову выганяюць зусім з школы і заместа чужой, польскай, мовы хочуць завесці такую ж — расейскую.
Беларус ахвотна вучыўся бы па-свойму; па-расейску — не. І калі яму замест польшчыны навязываюць расейшчыну, ён адракаецца ад гэтай перамены, хоць яму кажуць, быццам гэта ратуюць яго ад палякаў!..
Але калі беларус-каталік трымаецца польшчыны затым, што да яе прывык, што праз паўвека ніхто да яго ў касцёле іначай не казаў ні слова, як толькі па-польску, — дык каталіцкія ксяндзы-палякі, каторым роўна не люба як беларушчына, так і расейская мова, зусім свядома — дзеля апалячывання нашага народа — стараюцца і далей вучыць па-польску. За гэта іх уласці караюць, а цёмны народ, бачачы гэта, пачынае яшчэ крапчэй дзяржацца польшчыны, бо не верыць у шчырасць тых, хто яго родную гутарку топча і гоніць вон з школы, як непатрэбнае смеццё… І выходзіць, што ўвесь «ратунак» беларусаў ад польшчыны — гэта адно ашуканства, гэта жаданне расейскіх нацыяналістаў захапіць у свае рукі тую ўласць над нашым народам, якую праз доўгія гады забіралі палякі.
Фальшывай «дружбай» хочуць расейскія «патрыоты» ашукаць беларусаў, каб лягчэй звясці іх зусім са свету. Брахнёй ваююць і «істінно польскіе» людзі, каб забіць жаданне беларусаў маліцца па-беларуску — дома і ў касцёле.
Гэтымі днямі з’явілася ў Вільні кніжка Гіпаліта Корвіна-Мілеўскага аб жаданнях літвінаў, каб у касцёле ў Літве панавала літоўская мова, з каторымі яны звярнуліся да папежа. Востра выступіў проці іх К.-М. і надрукаваў у гэтай кніжцы свой адказ, каб ён дайшоў да папежа. Пан К.-М. не толькі ваюе з літвінамі: ён накінуўся зразу і на беларусаў, ды ў гэтым карыстаўся фальшэм і няпраўдай. Для п. К.-М. адраджэнне беларусаў страшней, чым адраджэнне літвінаў: літвіны ўжо крэпка стаяць на нагах, і іх нічым не скранеш з месца, а беларусы толькі нядаўна пачалі будзіцца, дык чаму не папрабаваць іх заціснуць, пакуль слабыя? І п. К.-М. кліча палякаў да вайны з літвінамі затым, што калі яны пераважаць у касцёле, дык за іх прыкладам пойдуць і беларусы, дамагаючыся вяртання правоў для сваёй мовы. Каб жа забіць між палякамі веру ў шчырасць беларускай справы, гэты пан — быўшы член Гасударственнай Рады — друкуе нягодную выдумку, што быццам беларускую мову ў касцёле хоча завясці расейскі ўрад, а не беларусы.
Усім вядома, што яшчэ цар Мікалай I забараніў гаварыць казання ў касцёлах беларускіх па-беларуску, і з таго часу расейскі ўрад і ўсе «істінно рускіе» людзі — Солоневічы, Кавалюкі, Тепловы ды ўся хэўра нацыяналістаў — усімі спосабамі дабіваюцца таго, штоб завясці ў касцёле расейскую мову. Усім ведама, што гэтаму працівіўся і працівіцца папеж, каторы пазволіў маліцца і казаць казання ў беларускіх касцёлах па-беларуску, але ніколі не па-расейску. Аб гэтым у прошлым гаду было надрукавана ў касцёльнай газеце «Dwutygodnik Djecezjalny», і пан Корвін-Мілеўскі павінен быў ведаць аб гэтым, а калі запраўды не ведаў, дык не меў права пісаць і друкаваць няпраўды.
Гэты прыклад павінен паказаць беларусам, якіх спосабаў ужываюць ворагі беларушчыны ў змаганні з адраджэннем нашага народа. І мы, бачачы гэта, клічам яшчэ раз усіх беларусаў цвёрда дзяржацца роднай мовы сваёй і стаяць за яе правы ў школе і ў касцёле, бо ліхія часы павінны мінуцца, а хто іх перабудзе, той даб’ецца свайго!
P.S. Пан Корвін-Мілеўскі лічыцца самым разумным чалавекам у парціі польскіх вялікшых паноў: ён камандуе заўсёды на выбарах у Гасударственную Думу, што ён скажа, так яго хаўруснікі і робяць, адным словам, лічыцца самай мудрай галавой. З яго астатняй кніжкі відаць, што ён яшчэ думае, што яго партыя трымае ў руцэ ўсё жыццё і долю нашага краю. Але гэтаму панаванню, на шчасце, прыходзіць ужо канец: па ўсёй старонцы будзіцца просты народ, растуць сілы дэмакратыі, і яна бярэ ў свае моцныя рукі кіраванне краем, ды мо і не выпусціць.
Мы тлумачым ці дзяцінай наіўнасцю п. К.-М., ці простым магнацкім хамствам такое «прымечанне» на яго кніжцы на стар. 40: «Выходзіць у Вільні (а цяпер і ў Гродне) газетка беларуская, каторай напэўна дае грошы казна…» У Гродне беларускай газеты няма, а ў Вільні выходзіць «Наша ніва». Значыць, п. К.-М. пазваляе сабе двойчы лгаць і абкідаць паскудным балотам «Нашу Ніву», як яшчэ ніколі ніхто, у каго ёсць трохі сумлення, не асмеліўся рабіць, — спаміж людзей, каторыя не знаюць жыцця нашай газеты.
Друкуючы гэтую стаццю, мы хочам звярнуць увагу ўсяго сумленнага польскага грамадзянства, што брэхнівымі ведамасцямі паны такога гатунку, як Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, толькі распаляюць вайну між славянскімі народамі.
Каментар
правіцьАпублікавана ў газеце «Наша ніва», №38, 17 верасня 1913 году за подпісам Стары Мінчук.