Прыста́ў я́ жыць… Дзе?..
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
К моладасьці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе?..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзе?..

Дзе ты, хатка, дзе сялібка,
Родны мой куточэк,
Што мне даў-бы скаратаці
Рэшту дзён і ночэк?

Дзе загон зямелькі чорнай,
Дарагая ніва,
Што дала-б мне нацешацца
С залатога жніва?

Дзе ты, конік мой, буланчык,
Хто цябе дзе спасьціў,
Што павёз-бы, што памчаў-бы
Ў сьвет за лес па шчасьце?..

Дзе прыяцелі, дружочкі
Родные, чужые,
Што мне-б крыўдай не сушылі
Леты маладые?

Дзе ты, любая дзяўчынка,
Роўная цьвяточку,
Што закрыла-бы мне вочы
У вапошню ночку?..

Што было, што не,—сплыло ўсё,
Як вадзіца ў морэ,
Асталіся толькі думкі
На бяду, на горэ.

Асталіся толькі песьні,
Ды што з імі будзе:
Доля сумам аплетае,
Сьмехам бэсьцюць людзі.