Шляхам жыцьця (1913)/I/Прыстаў я жыць…

Мая доля Прыста́ў я́ жыць…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Дзе?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прыстаў я жыць…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прыста́ў я жыць…

Прыста́ў я жыць на белым сьвеце,
Хоць столькі ўвокала жыцьця;
Завялі думкі на расцвеце,
Душа жадае небыцьця.

Нуда гняце з днём кожным болей,
Быт спавівае чэрнатой,—
Як сухавей у чыстым полі
Гуляе з зернем-сіратой.

Пытання злога не пазбыцца,
Як мара бледная стаіць:
Куды ісьці? за што ўчапіцца?
Якім багам паклоны біць?

Мінуў, загінуў час вясёлы,
Калі зрываўся з усіх сіл
Ад родных ніў, ад родных сёлаў,
Ад апаганеных магіл.

Туды, туды, ўсё далей, далей,
Да недасьцігнутых вышын,
Каб апыніўшыся ў крыштале
Шчасьлівых сонечных іскрын,

Самое сонцэ ўзяць у рукі,
І як с паходней з ім ісьці,
Сьвятлом ніштожыць нашы мукі,
Увесь плач роднае зямлі.

Ўзнімаць патоптаные душы,
Людзкім названнем акрыляць,
К жыцьцю падняць з магільнай сушы
Усіх, што толькі ешчэ сьпяць,

Служыць, служыць жадаў народу,
Сваім закованым братом…
І сіл не стала з непагодай
Вясьці вайну, вясьці з жыцьцём.

Чырвонай зданню ў цёмных сенцах
Наш Рок сляпы снуе, цвіце;
Зьмяіны хохат атшчэпенцаў
Жывые грудзі рве, гняце.

..............
..............
..............
..............

..............
..............
..............
..............

Ваякі лепшые за славу,
За славу роднай стараны,
Або ляглі ў бітве крывавай,
Або у путах і яны

Ярмо валочуць паніжэння,
Ў кляцьбе бязсільнай гонюць век…
Глядзіш… пытаеш свайго ценю:
Дзе тутка зьвер, дзе чэлавек?

..............
..............
Любіць… Каго, за што любіці?
І ненавідзець сіл не хват.

О Божэ Праведны, Ты сілу
Сваю вяліку акажы:
Ня згінуць з бацькаўшчынай мілай
Свайму слузе дапамажы.

Сашлі мне сьветлую падмогу
Астаткі сіл сваім аддаць
І—не зрабіўшы брату злога—
Пад крыжам бацькавым сканаць.