Шляхам жыцьця (1913)/I/За свабоду сваю…

Рвіся, думка!.. За свабоду сваю…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
На жалейцэ
Іншыя публікацыі гэтага твора: За свабоду сваю…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




За свабоду сваю…

За свабоду сваю
Ўсей душой пастаю;
У вагонь, у ваду
Я за ёю пайду.
Лепей сам сябе дам
Пахаваці людзям,
Як свабоду хаваць,
Злыбядзе аддаваць.
Ў сэрцы, ў думках сваіх
З самых лет маладых
Я яе ўзгадаваў
І сваею назваў…
Гэй ты, гэй, вецер, пей
А свабодзе маей!
Гэй ты, гэй, бор, шумі,
А свабодзе грымі!
Гэй, ты, сонцэ, гары
Ад зары да зары,
Ланцугі распалі
Па ўсей чыста зямлі!..