Шляхам жыцьця (1913)/I/Мая малітва

Навагодніе жадання Мая малітва
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Пад крыжам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая малітва (Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мая малітва.

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбі,
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небі
І зоркам, што ночкай мігцяцца.

Малюся свабоднаму ветру—віхуры,
Што лётае птушкай ад края да края,
І пасьвіць у высях панурые буры,
І ў комінах песьні іграе.

Малюся агню я, што сее пажары,
Як стане пара, па нязьмераным сьвеці,
Наводзячы жудасьць вялікаю карай,
Пужаючы старцаў і дзеці.

Малюся жывучай вадзіцы—разводзьдзю,
Ў дзень ясны бліскучай, а страшнай у ночы,
Што нівы палошчучы йдзе, не праходзе
І хаты і чоўны друзгочэ.

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магучаму Богу — Ўсесвету, малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую по́ру
За родны загон Беларусі.