Шляхам жыцьця (1913)/I/Навагодніе жадання

Хрыстос васкрос Навагодніе жадання
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Мая малітва
Іншыя публікацыі гэтага твора: Навагоднія жаданьні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Навагодніе жадання.

Як ідзе Новы Год, на ўсім сьвеце народ
Да жычэння сабе штосьці мае;
Дык і ты, як усе, спаткай году прыход,
Беларусаў сямейка худая.

Кожны год, што мінаў, штосьці нам не дадаў,
Аж сабраўся так доўг не маленькі.
Хай жэ Новы наш Год, што прыйшоў, завітаў,
Зверне ўсё нам, як ёсць, да капейкі!

Хай ня будзе круцель, дасць нам просценькі цэль
К лепшай долі, і волі, і славе;
Мы ня зналі жыцьця, ні вясёлых нядзель,
Хай Год Новы ўсё гэта паправе!

Сваркі, звадкі не раз былі згубай для нас,
Разлучалі са шчасьцем, з свабодай!..
Хай жэ з Новым Гадком новы бліжыцца час,
Брацтво, роўнасць, супольнасць і згода!

Во жычэння усе, Новы Год, да цябе;
Іх ня вельмі і многа, здаецца.
Так і песьня пяе, так, людцы вы мае,
Знаю, ў думках усім вам снуецца!