Шляхам жыцьця (1913)/I/Сваякам па гутарцэ

Грайце, песьні… Сваякам па гутарцэ
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Паляці, мая мысль…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сваякам па гутарцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сваякам па гутарцэ.

Шлю вам песьняй, братнім словам
Здароўканне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі,—
Вы народ магучы:
Вашэ панство—вашы вёскі,
Пан ваш—труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,
Ні ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
Карыснай няхітрай.
Вашы скарбы не ў едвабнай
Магнацкай саеце,
А ў сермязе непавабнай,
Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць абіты—
Пясок на іх значэн,
Але хлеб, імі дабыты;
Для ўсіх бел і смачэн.
Слава вашай гэткай сілы
Вочы ўрагом коле,
Сьведкай сьвежые магілы,
Што сыпе няволя.
Сьведкай прадзедаў шкелеты,
Курганы с кустамі,
Сьведкай—песьні воклік гэты,
Сьведкай вы з сьлезамі.
Дык хай жэ вас не асіле
Зверство непагоды,
Распусьціце свае крыльля,
Як і ўсе народы.
Рухне крыўда, праўда ўстане,
Ворагаў адстрашэ;
Будзе долі панаванне
На зямлі на нашай.