Шляхам жыцьця (1913)/I/Хрыстос васкрос

Вялікдзень Хрыстос васкрос
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Навагодніе жадання
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хрыстос васкрос!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хрыстос васкрос!..

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасьць,
Усё глядзіць сьмялей, сьвятлей:
Вялікі Мучэльнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. Неугамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве одна сьвятая думка
С канца ў канец, як сьвет вялік.
Хрыстос васкрос! пяе селянін
З сваей убогаю раднёй,
Забыўшы песьні аб прадвесьні,
Забыўшы ўсё усей душой.
Хрыстос васкрос! пяе сіротка,
Слуга таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны
Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! пяюць і тые
Хрыста згубіўшые сыны,
Што ў ціхамоўку ладзюць сеткі
Для нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К Табе, о Божэ,
І я ў дзень гэты думку шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ускрэсьне к лепшаму жыцьцю!