Шляхам жыцьця (1913)/I/Ці-ж ня доля мая…

Беларус Ці-ж ня доля мая…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Грай-жэ, музыка!..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ці ж ня доля мая?!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ці-ж ня доля мая?!.

І на што-ж мне воля вольная,
Залатая, расхахольная?—
Цемняком пайду сьляпы я
На дорожкі крыжавые!
Эх, ты, доля мая,
Маю волю ўжо я!

І на што школа з настаўнікам,—
Добра быць і неахайнікам:
Калі з кніжкі не даўчуся,—
У вастрозе долаўчуся.
Эх, ты, доля мая,
Маю школу ўжо я!

І на што-ж мне поля гонейкі,
З дабром клеці, коні, волікі?
Я магу жыць і «пашырэ»
У шырокай у Сібіры.
Эх, ты, доля мая,
Зямлю маю ўжо я!

І на што-ж мне хата новая,
Сталы, лавы ўсе дубовые?
Злыдні змогуць маю сілу,—
Як пан, лягу у магілу.
Эх, ты, доля мая,
Хату маю ўжо я!..