Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля—раздолле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожэм не хваліцца поле.
Косы ня сьвішчуць сталёвые
Ў соннай траве сенажацяў,
Серп на вайну ня йдзе с коласам,
Песень, і тых не чуваці.
Сонна адна адзінокаю
Груша стаіць над мяжою,—
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асенняй нудою.
Неба што дзень пахмурнейшае,
Сонца што дзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканне,
Нейкае ўкруг знемажэнне.
Вецер заводзе у коміне,
Быццам жыцьцё сваё гане;
Думы старые, халодные
Сэрцэ пужаюць, як здання. Так і ўцекаў-бы ад гэтаго
Там гэт! за горы, за рэкі,
Каб чэлавек ды мог скрыціся
Ад сваей долі на векі.
|