Стогнуць пад мурам халодным таполі;
Крыліцца ў ветках начніца;
Молюцца совы па днеўным прывольлі;
Вецер калышэ званіцай.
Сьцелюцца мжакі асенняй валокны;
Вечэр нялюдзен, трывожэн;
Шыбамі звонюць палацавы вокны,
Ценямі мур упрыгожэн!
Вы́сакі, бледны адвечные сьцены,
Мары—слупы чарадою;
Важны дзядзінец, трава па калена;
Сад з агародай жывою.
Дымна замглелі, як блудные вогні,
Ў вёсцэ далёкай лучыны…
Весела, ярка ў палацы сягоння,
Хвіляй-мінутай—гадзіна.
Шыбы зардзелі блысканнем неўхватным;
Кружацца пары, мігаюць;
Душы, да славы ўсебратней нездатны,
Вокліка суму не знаюць.
Бел, як астрог сярод пусткавай пашы,
Думку палац неспакое:
Штось да яго парывае і страшэ;
Зводны аздобай пакоі.
Не-ўглядзь за поўнач насьпела часіна,
Сон на пакоі паў ройма…
Досьвета ў вёсцэ далёкай лучыны
Далей мігцяцца па свойму.
|