Шляхам жыцьця (1913)/III/Па захадзе…

Перад ночкай… Па за́хадзе…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
З недацьветаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па захадзе…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Па за́хадзе…

Мой міленькі прышоў ка мне
Па захадзе ўжо сонца,
І ціха ў цёмнай цішыне
Пастукаўся ў ваконцэ.
Заныло сэрцэйка маё,
Як гэтае пачуло;
Сваё зняла я акрыцьцё,
І на зямлю ступнула.
Ў кашулі вышла я на двор
Да любаго з сьвятліцы,
А небо рдзело ўжо ад зор,
Шумеў лес над крыніцай.
Шлі ветры: пелі пра красу,
Хісталі стан, любые,
І расплеталі мне касу,
І шчэкаталі шыю.
На прызьбе селі мы ўдваіх
І моўчкі пагледалі,
Як цені с хат і пунь сівых
То ніклі, то ўставалі.
Мяне к сабе ён прыціскаў,
К грудзі туліўся белай,
Глядзеў у вочы, уздыхаў,
І штось шэптаў нясьмела.
Сьлеза жывая за сьлязой
З маіх зрэніц сплывала,
Ў вадно мешалася з расой,
Што на пяску лежала.
А ночка пела з блескам зор
Нам сьмелы гымн кахання,
Сьмеяўся, плакаў сіні бор
Да самаго сьвітання.
І мілы выйшаў ад мяне,
Адзін пашоў к пагонцэ,
А ў сьлед за ім у цішыне
Ўзыходзіло ўжо сонцэ…