Шляхам жыцьця (1913)/III/Перад ночкай…

* * * «Абнімі ты мяне, маладая…» Перад ночкай…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Па за́хадзе…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Перад ночкай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Перад ночкай.

Зьмеркла. Цёмнасьць агні пале
Ў зорак грамадзе:
Тайнасьць жуткая—гэт, здаля
Ў сьвет ідзе, ідзе.

Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
«Добрай ночы» сьпей, дзяўчынка,
Сьпей хоць раз, хоць раз!

Запей нотай сэрцу блізкай
А долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!

Пей пацехай, пей разгульна,
Душы не скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прысьпі, прысьпі!

Сьпеўшы песьню, ў ціхамоўку
Без трывог ані
На плячо мне звесь галоўку
І засьні, засьні!

Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосьці людзкой;
Будзем сьніці залатые
Сны с табой, с табой!..