Шляхам жыцьця (1913)/IV/Аб мужыцкай долі/Дайце скрыпку…

Мужык Аб мужыцкай долі 1.
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Аб мужыцкай долі 2.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб мужыцкай долі (Дайце скрыпку мне маю…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб мужыцкай долі.

1.

Дайце скрыпку мне маю,
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло—
Ветрам хоць разьвей,
Завяло-ж там, завяло
Бяздолле людзей!
Бачыш, быццам чэлавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць с-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палёх,
Сышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзёх,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць.
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху—зямлю,—
Ў восень схопе недарод
За работу ўсю.
Зімой—холадам с сямьёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.
Так ідзе за годам год,
І не паглядзіш—
Ачапіў Мікіту звод,
Лёг пад белы крыж.