Жнеям Жніво
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Песьня жнеяў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жніво (Годзе, жытцо маё, годзе, наспелае…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жніво.

Годзе, жытцо маё, годзе, насьпелае,
З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;
Годзе шумеці думкі нясьмелые,
Годзе загоны сабой харашыць!

Жнеяў прышла во дружына вялікая,
С песьняй за дзела ўзялася сваё;
Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае,
Глуха снапамі кладзецца жытцо,

Сталі ў калючым аржонні с павагаю
Мэтлікі шнурам адзін за адным;
Сэрцэ забілось надзеі адвагаю:
Ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым.

Эх, заплаці-ж, дабрыцо, ты аратаму
За яго ў полі ўвесь труд над табой:
Дай ты багацьце яму небагатаму—
С клеці ня зводзься ягонай пустой.

Хай яго збудуцца думкі, адналечэ
Гэтулькі вынясе, выцярпе ён,
З году у год аручы, засеваючы,
Потам, крывёю абліты загон!..