Шляхам жыцьця (1913)/IV/Песьня жнеяў

Жніво Песьня жнеяў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Над ніваю ў непагоду
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня жнеяў (Бор наш высокі над усе бары…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьня жнеяў.

Бор наш высокі над усе бары́,
Двор наш багаты над усе двары,
Шнур наш вузенькі над усе шнуры—
Коціцца, ўецца ў гару, то з гары.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.

Дворны палетак з канца у канец
Пройдзе схаваўшысь высок маладзец;
Шнур наш хаваецца ў гірсу, ў званец,
Злічэ калосься найменьшы хлапе́ц.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.

Шнур і палетак мужыцкай рукой
Выаран гладка, засеян парой,
Скроплен—каб лепей рос—жуткай расой:
Потам мужычым, крывёй і сьлязой.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.

Скора мы, жнейкі, шнурок свой дажнём,
Панскі палетак тады жаць пайдзём;
Гойна заплацюць там нам медзяком,
Мы на дажынкі вянок ім спляцём.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.

Водкі к дажынкам ня будзе не хват;
Песьню сьпяём мы ўсе пану ў падрад:
Будзь нам багат, панок, будзь весел, рад,
З лета у лета будзь сыт і багат.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.