Дзе мой дом, дзе ты хата мая,
Дзе загон хлебадайнай зямлі?
Сам—з бядой, ні жыцьця, ні пуцьця!
Знай, гаруй ды магілку хвалі.
Дзень і ноч нада мной, сіратой,
Стогне, сьцеліцца стада хмурын,
Дзень і ноч то сьлязой, то крывёй
Сьцежку росіш адзін, сам адзін!
З года ў год злыдні с кута ў куток
Пруць у сьвет, сьвету знаць не даюць;
Як вятрышчы сарваны лісток,
Патхапілі нясуць і нясуць.
Знай, нясуць, вось скруцілі, згнялі,
А ўсё пруць, усё ў сьвет, на той сьвет;
Вось і звон шмат званоў… Загулі…
Бач, труна, пры труне адзін дзед.
Жыў, ня жыў, шчасьця знаў, не зазнаў,
Палажылі ў дамоўку, ляжы!
Дайце-ж камень на грудзь, каб не ўстаў
Беззямельнік, гаротнік сьляпы!..
|