Паляці ты лесам, полем,
Голас неразьвейны,
Аб тэй долі, ці нядолі,
Долі беззямельнай.
Ці-ж не пан я, не вяльможны?
Бойцеся вы Бога!
Нават злодзей на ўсё сквапны
Не ўкрадзе нічога.
Маё поле, мае гоні—
Воблакі сівые;
Маё стадка, мае коні—
Хмары вараные. Маё поле арэ вецер
І пасе скаціну,
Што бушуе пад час лішне
Ў летнюю часіну.
Мой палац хто ведаць хочэ—
Неба прастор гэты,
Што ў дзень сонцэм, зормі ночай
Сьвеціцца адзеты.
Ніхто не перэарэ мне
Мяжы ў маім полі,
Там падаткаў не плачу я
Нікому, ніколі.
Як узойдзе маё поле,
Высокая ніва,
Туды мчацца мае думкі
Па сваё па жніва.
Мчацца думкі, зьвіняць песьні
Вольна, неразвейна
Аб тэй долі, ці нядолі,
Долі беззямельнай.
|