Шляхам жыцьця (1913)/IV/С песень беззямельнаго/Як спынуўся я за хатай…

С песень беззямельнаго 1. С песень беззямельнаго 2.
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
С песень беззямельнаго 3.
Іншыя публікацыі гэтага твора: З песень беззямельнага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2.

Як спынуўся я за хатай,
Як пашоў,—
Ні прыстанішча, ні сьвята
Не знайшоў.
Сьвецяць зоры дабрадзейна,
Зіхацяць,—
Маей толькі беззямельнай
Не відаць.
Я з рукамі позна, рана
К сім і тым:
І к сваёму, і да пана,—
Служу ўсім;
І ару, і бараную,
Засяю,
На ўрадлівасць-жэ гляджу я
Не сваю!
Пастыр стада ў поле гоніць
І пяе;
Дзе-ж кароўкі, валы, коні,
Дзе мае?
Ці на небе—хмары тые,
Ці ў вадзе?
І сюды я, і туды я—
Ой, нідзе!
За кусок той хлеба чорны
Ты аддай
Сілу, думкі,—будзь пакорны
І чэкай!..
Нямой рыбай аб лёд бійся
Век вяком,
І ў магілку паваліся
Бедаком.
Вецер енчыць, сьвішчэ ў полі,
Вольна дзьме,
Кляне, моліцца ў нядолі
За мяне.
Ходзяць хмары чарадою
Над зямлёй,
Плачуць, плачуць нада мною
Сіратой…..