Шляхам жыцьця (1913)/V/Лірнік вясковы

Памяці Шэвчэнкі Лірнік вясковы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Брату ў чужыне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лірнік вясковы (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лірнік вясковы.

Памяці Вл. Сырокомлі.

Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,
Не аб славе забытаго краю,
Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,
Гэту песьню сягоньня складаю.
Выліць думку хачу—хай снуе у бязмеры—
Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб тэй зорцэ, што некалі з добраю верай
Над зямелькай ясьнела і зьбегла.
Аб музы́цэ, што лірай сваей чарадзейскай.
Мне ў душы сьветач выклікаў новы,
Каб жыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў,
Як жыве вечна Лірнік вясковы,

*

Над Вільёй, дзе сталіца была Гедыміна,
На магілках, што Росса завуцца,
Курганок там убачыш пакрыты дзярнінай,
Над дзярнінай бярозкі трасуцца.
Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам
Аб жыцьці пахаваным пад імі;
Людзі ходзюць маліцца над насыпам гэтым,
Пасьвенцаці сьлезамі жывымі.
Пяцьдзесят раз у зелень весна спавівала
Ніву нашу і насып жвіровы,—
Над курганам тым сэрцаў мільёны шэптала:
Дай Бог рай табе, Лірнік вясковы.

*

На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,
Гэт пад лесам за вёскай бедачай
Песьню-музыку сумную здаля чуваці:
Пастушок там на дудцэ так плачэ.
Звоне коскай касец, толькі водгалас льецца,
Сам, як колас, хістаецца ў полі…
На загоне жнея над снапочкамі гнецца;
Сонцэ іхней дзівуецца долі.
Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,
Пахіліўшы маркотна галовы,
Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай
Ім аставіў іх Лірнік вясковы.

*

Песьні гэтай знаём і палац мураваны,
Што ў хмяліных бялее повоях,—
На пачэсным кутку заседае жаданай—
Мілай госьцей ў багатых пакоях.
І ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай
Тую-ж долю-нядолю гадуе,
Гэта песьня плыве над ліповой калыскай—
Гэтак маці над дзіцем бядуе.
З маткай рэчка і вецер па свойму запелі,
Зашумеў бор зялёны, сасновы,
Як-бы тые напевы яны зразумелі,
Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.

*

А калі ты, гаротнік, тулач беззямельны,
Будзеш долей закінут у горад,—
Ты пачуеш і там голас той непаддзельны,
Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.
Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,
Ноч праводзюць, усходу чэкаюць,
Ці нешчаснаго ўбачыш, як гнецца галодны—
Ты спытай—яны Лірніка знаюць.
Там і сіняя мгла, як настануць марозы,
На муры сее пух брылянтовы,
Быццам тые праўдзівые сьветлые сьлёзы,
Што калісь выліў Лірнік вясковы.

*

Ўсюды Лірнік сваей чарадзейскаю лірай
Думкі-чары, як кветкі разсеяў,—
І ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра—
Адгадаці малая надзея.
Час патрапе усё пакрышыць, адалеці,
Путы нават змарнеюць у плесьні,—
Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,
Будуць жыці і лірнікаў песьні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за векамі.
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх жывучы між намі
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.